19.12.2016 | Адукацыя Грамадства

Беларусь зробяць цэнтрам развіцця краўд-тэхналогій?

У Беларусі адкрыўся набор на ўнікальную навучальную праграму «Краўд-тэхнолаг». Упершыню ў СНД навучаць не толькі рэалізацыі праектаў, але і развіццю платформаў. Арганізатарам выступае першая беларуская краўд-платформа для рэалізацыі праектаў Talaka.by.

праграма «Краўд-тэхнолаг»

Краўд-тэхналогіі акрамя калектыўнага фінансавання праектаў (краўдфандынгу), уключаюць ў сябе і іншыя механізмы прыцягвання шырокага кола людзей для вырашэнне пэўнай задачы. Напрыклад, Talaka.by – гэта яшчэ і пошук людзей у каманду, прывабліванне зацікаўленых экспертаў і доступ да рэсурсаў. Але і акрамя гэтага існуе шмат накірункаў: калектыўнае інвеставанне, рэйтынгаванне, вырашэнне вынаходніцкіх задачаў і іншыя.

Яўген Клішэвіч, аўтар праграмы «Краўд-тэхнолаг», заснавальнік платформы Talaka.by, распавядае:

Старанныя і таленавітыя людзі, безумоўна, з’яўляюцца адным з найкаштоўнейшых рэсурсаў для развіцця Беларусі. Неабходна выяўляць вартых, дапамагаць ім рэсурсамі і ментарствам, спрыяць у развіцці. Калі гэта рабіць цэнтралізавана, то непазбежна будуць тыя, хто не атрымае падтрымкі. Менавіта таму, развіваючы краўд-тэхналогіі, мы ствараем механізм, каб кожны меў шанец здзейсніць сваю задуму, паказаўшы, на што ён здольны. Гэта адбываецца дзякуючы не толькі тэхналогіям, але і прынцыпу ўзаемадапамогі, які мы прасоўваем, – мы спрыяем адным, яны растуць і спрыяюць наступным, такім чынам калектыўны дабрабыт павялічваецца на карысць нам усім.

Краўд-тэхналогіі – гэта новая галіна. Уключыцца ў яе прасцей тым, хто мае вопыт ў PR, маркетынгу, SMM, івэнцінгу і, вядома, людзям тэхналогій, але сфера маладая, таму пры спрытнасці і мэтанакіраванасці з любым пачатковым бэкграўндам можна хутка дарасці да спецыяліста.

А тым, хто сістэмна працуе з таленавітымі людзьмі і іх праектамі, краўд-тэхналогіі дазволяць пашырыць масштабы дзейнасці па вылучэнню самых вартых, перспектыўных і цікавых менавіта для вас ініцыятываў і іх аўтараў.

Мы лічым, што краўд-тэхналогіі дапамогуць не толькі развіваць краіну знутры, але і ўключыць Беларусь у глабальны сусветны кантэкст. Замежныя ініцыятывы стануць болей бачныя для беларусаў, а беларускія – для іншых краінаў. Для гэтага і неабходна рыхтаваць спецыялістаў, якія разам з намі будуць развіваць як Talaka.by, так і сферу краўд-тэхналогій у Беларусі.

Я буду шчыра рады, калі пасля нашай навучальнай праграмы, некаторыя паспрабуюць запусціць уласную платформу, ці, як ужо бывала, далучацца да іншых беларускіх платформаў. Мы імкнемся, каб Беларусь стала цэнтрам развіцця краўд-тэхналогій, таму нашаму рынку неабходныя такія спецыялісты.

Як сцвяржаюць у Talaka.by, навучальная праграма дапаможа знайсці і падрыхтаваць людзей у каманду, каб працягваць актыўна развівацца: Талака расце ў два разы кожныя паўгады, увесну пачне збор на саму платформу, якая не бярэ камісіі за карыстанне, а падтрымліваецца супольнасцю, і ўжо ў 2017 годзе выйдзе ў іншыя краіны. Да платформы, якая ўяўляе сабой сапраўдны лічбавы акселератар, на дадзены момант далучылася 24 тысячы чалавек, 1000 праектаў рэалізуецца, а болей за 200 праектаў, што збіралі сродкі, прыцягнулі болей за 350 тысяч рублей.

Падаць заяўку на ўдзел у праграме «Краўд-тэхнолаг» можна па спасылцы.


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика