Дзяўчына і клавішы — спалучэнне эстэтычнае і самадастатковае, але рэдкае ў нашай музыцы: неяк адразу не прыгадаеш беларускую Торы Амас, Рэгіну Спектар ці Аліну Арлову. Настасся Верцель, альбо Groosha, спявае песні ўласнага сачынення пад фартэпіяна ў барах і маленькіх клубах Нью-Ёрка. У матэрыяле «Будзьма» —цікавая гісторыя спявачкі з Беларусі, а таксама прэм’ера ейных паветраных кампазіцый.
Наста прыехала ў Мінск на вакацыі, мы п’ем ліманад у кавярні пасярод занадта гарачага для Беларусі і больш тыповага для Нью-Ёрка лета. У суботу ў бары «Графіці» ў Наcты адбудзецца канцэрт.
Так атрымалася, што альбом пад назвай «Out of place» Groosha запісала яшчэ два з паловай гады таму, а ўпершыню выступае на радзіме толькі цяпер. Пакуль мы гаворым пра Нью-Ёрк, Беларусь, музыку і веру ў сябе, да шкла кавярні прыціскаецца валацужнага выгляду чалавек у вязанай шапачцы, дзёрзка падміргвае ды паказвае язык і падаецца проста перанесеным сюды з амерыканскага фільма.
«Я лічыла, што музыку пішуць усе»
Яшчэ колькі год таму Наста грала і пісала музыку толькі для сябе: «Сачыняць я пачала гадоў з сямі, як толькі бацькі набылі мне інструмент, але нікому не паказвала, апроч настаўніцы ў музычнай школе. Бацькі не асабліва сур’ёзна ставіліся да маіх заняткаў, неяк так прынята думаць, што музыка — гэта не прафесія. Я ўвогуле лічыла, што ўсе пішуць музыку, проста гэта нікому не патрэбна». Пасля ўжо да мелодый далучаліся словы, песні атрымліваліся па-англійску — як гэта бывае, паўплывала вучоба ў ін’язе, ну, і прыхільнасць да англамоўнай музыкі: «Вырасла я на Bjork, Portishead, Radiohead, а з беларускай музыкі вельмі падабаюцца Kriwi. Адну з новых песень я напісала па-руску, а яшчэ адну — адразу па-руску і па-ангельску, песень на беларускай мове ў мяне пакуль няма, але я хацела б».
У Грушыных стракатых мелодыях можна знайсці і трывожныя сны, і любоўныя хістанні, і вечнае жыццё. «Чамусьці з мяне вылазяць жудасныя дзявочыя тэксты пра тое, як нехта мяне кінуў ці я кагосьці збіраюся кінуць, імі напоўненая палова альбома, — смяецца Наста. — Мая любімая песня Rabbit — яна пра смерць, а яшчэ падабаецца Vаmpire Opera, бо яна — няясна пра што. Хочацца адысці ад дзявочых уздыхаў і пісаць больш складаныя песні».
Наста звыкла чуць ад сяброў усе магчымыя параўнанні — і з адэскім дуэтам Flëur, і з францужанкай Zaz. «Я іх не слухала і не хачу, раз ужо нехта знаходзіць у нас падабенства».
Out of place
Як ні дзіўна, першай публічнай прэзентацыяй песень Грушы стаўся адразу запіс альбома. Наста выйшла замуж за музыку. Муж, ацаніўшы жончыны сачыненні, вырашыў дапамагчы ёй стаць спявачкай: хутка знайшоў гукарэжысёра, а таксама басіста і бубнача з гурта My Ocean — Міхаіла Марынічава і Паўла Bongo Ермачэнка. «Усё жыццё я думала, што не ўмею спяваць. Перад запісам альбома я спужалася, што ў мяне не атрымаецца, і ўзяла некалькі ўрокаў эстраднага вакалу ў вельмі класнай настаўніцы».
Назва альбому «Out of place» атрымалася проста-такі магічнай і літаральнай, бо ў момант, калі перад Грушай замаячылі музычныя перспектывы, кампанія, у якой працаваў муж, перакінула яго ў ЗША, і пары давялося спехам збірацца. Альбом застаўся нават недаробленым, і заканчвалі яго ўжо з Нью-Ёрку, лістуючыся і перасылаючы гукавіку файлы.
«У Нью-Ёрку можаш граць шалёную дурацкую музыку»
Нью-Ёрк сустрэў Насту зімнім сумам і няяснасцю ў мэтах ды планах: «Вядома, усё залежыць ад стану, у якім пераязджаеш. Нехта адразу загараецца, бяжыць глядзець вуліцы і людзей, мне ж увогуле з дому не хацелася выходзіць». Першыя тры месяцы, пакуль рабіліся дакументы, Наста не магла ўладкавацца на працу. Да таго ж пачаліся асабістыя драмы, сям’я распалася, было не да музыкі.
Зрэшты, каб заняць сябе і завесці знаёмых, Груша пачала граць з рознымі невялікімі гуртамі, якія знаходзіла праз Craiglist — папулярны сайт, які выглядае як дошка ананімных аб’яваў. «Я выступала адразу ў двух гуртах. З музыкамі стасункі былі добрыя, магчыма, адзіны культурна абумоўлены моманцік, які паміж намі ўзнікаў — гэта тое, што амерыканцы не могуць наўпрост казаць, калі ім нешта не падабаецца. Ёсць цэлая сістэма патаемных знакаў, якія ты пасля пачынаеш разумець. А са мной ім, наадварот, было лёгка, бо я ўсё казала, як ёсць».
Але пасля Насце давялося ўладкавацца на працу ў айці-кампанію, і на выступы ды рэпетыцыі не засталося часу: “Артыстам складана паўсюль, а ў Нью-Ёрку ў нейкім сэнсе — асабліва, бо высокая канкурэнцыя. Затое лёгка знайсці таленавітых музыкаў для калабарацыі. І попыт такі нетрывіяльны: ты можаш граць абсалютна шалёную дурацкую музыку, якая нідзе, апроч Нью-Ёрка, не пакаціць».
Для Грушы наступіў творчы крызіс, і сольны альбом ляжаў на руках бездапаможным немаўлём: «Цэлы год я нічога з ім не рабіла, я бачыла ягоныя недахопы, ён падаваўся мне далёка не ідэальным, за гэты час я таксама памянялася».
«Першы канцэрт быў жудасны»
Суседка Насты па кватэры, якая разам з бацькам мела сваю кавярню ў Вашынгтоне, упадабала ейны альбом і круціла яго там падчас працоўнага дня. А пасля запрасіла ўрэшце прыехаць і сыграць ужывую. «Гэта было жудасна, калі шчыра. Я настолькі ў сябе не верыла, мне было так няўтульна, нават страшна сесці за інструмент і нармальна да ўсяго гэтага падрыхтавацца. Першы блін атрымаўся троху комам, і пасля таго я доўга ўвогуле не грала. Але потым прыехала ў Мінск, і мастак-аніматар Маша Пучкова, якая рабіла для альбома вокладку, мяне натхніла, яна сама ўся гарыць творчасцю і ўнушыла мне, што я ўсё-такі павінна граць».
Спачатку Груша, каб не губляць форму, удзельнічала ў распаўсюджанай у кавярнях забаве «open mic» — адкрыты мікрафон. Дачакаўшыся свайго нумару, атрымліваеш 10 хвілін усеагульнай увагі — можна праспяваць дзве песні альбо зрабіць што заўгодна: пастаяць на галаве, прачытаць опус ці разыграць сцэнку. Паступова Наста проста пачала рассылаць у гэтыя кавярні лісты і атрымліваць прапановы на сольныя выступы. Вялікага прыбытку музыку гэта не прыносіць, хаця з вядзерца для чаявых часам можна выскрабці прыемныя дробязі.
У цэлым Нью-Ёрк дорыць артыстам цудоўную магчымасць бесперапынна гастраляваць па маленькіх барах з жывой музыкай, якіх шмат у кожным раёне, выбіцца за гэты фармат ужо складаней. «У Нью-Ёрку спрыяльны асяродак, многія прыязджаюць сюды, каб займацца выключна музыкай… а пасля ўладкоўваюцца афіцыянтамі, і музыка адкладаецца надоўга», — іранізуе Наста. Пакуль яна марыць скалаціць сабе гурт, бо сольна выступаць цяжкавата, але гэта праблематычна, бо музыкі, якія прыязджаюць у Нью-Ёрк, маюць свае амбіцыі. «Зараз мы рэпетуем з саксафаністам і віяланчэлісткай, абодва знайшліся праз busking — ігра ў пераходах, гэта свой падпольны музычны свет, я, на жаль, у яго не ўваходжу, бо сінтэзатар важыць дваццаць кіло, асабліва не пацягаеш. Гэта цудоўныя музыкі, але кожны з іх нацэлены на сольную кар’еру, і мы разам, пакуль кожны знаходзіць выгаду для сябе».
Груша яшчэ не да канца вызначылася, што яна робіць у Нью-Ёрку і кім была б, калі б не з’ехала з Беларусі: «Думаю, у мяне былі шанцы, бо, мне здаецца, мая музыка троху не падобная на тое, што тут робіцца, але гэта і мінус, бо я не ведаю, колькіх людзей яна б прыцягнула». Наста не адмаўляе магчымасці калі-небудзь вярнуцца і ўсё-такі стаць беларускай дзяўчынкай з клавішамі.
А пакуль яна будзе ў гэтай ролі падчас свайго першага мінскага канцэрта 2 жніўня ў паб-клубе «Графіці» а 15-й гадзіне! Уваход на канцэрт бясплатны.
Старонка падзеі ў фэйсбуку
Аляксандра Дорская