Эдуард Акулін: – З часу нашай апошняй гутаркі прайшло амаль пяць гадоў… Ці змяніліся твае духоўныя прыярытэты? Якія творчыя набыткі з’явіліся ў жыцці Таццяны Беланогай?
Таццяна Беланогая: – Хачу падзякаваць вам, спадар Эдуард, за запрашэнне пагутарыць пра змены ў творчым жыцці. Мае прыярытэты не змяніліся — па-ранейшаму я адданая аўтарскай песні. З найбольш важных падзей магу адзначыць з’яўленне новага альбому “Святло і цені”, які пабачыў свет восенню 2013 года, дзякуючы Беларускай музычнай альтэрнатыве і кампаніі “Будзьма беларусамі!”. За гэты час я шмат выступала ў межах агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Канцэрты – гэта сустрэчы, знаёмствы з людзьмі, абмен энергетыкай. Яшчэ я запомніла пачатак 2011 года. Мне патэлефанаваў старшыня Іркуцкага таварыстава беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алег Рудакоў і запрасіў на выступ падчас каляднай вечарыны. Я адразу ж пагадзілася! Я памятаю, як ляцела 8 гадзін да Іркуцку і ў небе чытала раман Караткевіча “Нельга забыць”. У Іркуцку пазнаёмілася з цудоўнымі людзьмі, пабачыла Байкал. Насамрэч, такое нельга забыць! Жыццё часта падобнае на раман…
Э.А. – Што дало табе супрацоўніцтва з культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі”? Як, на тваю думку, дзейнасць кампаніі ўплывае на культурнае жыццё Беларусі?
Т.Б. – Я вельмі шчаслівая, што існуе такая кампанія. Для таго, каб пабудаваць дом, патрэбны праект. А каб выхаваць чалавека, патрэбны маральныя і культурныя рамкі. Мэта кампаніі “Будзьма беларусамі!” — развіццё і папулярызацыя беларускай культуры. І кампанія, і выступоўцы шмат робяць для развіцця культуры нашай Беларусі. Мне вельмі падабаецца, што падчас канцэртаў у межах кампаніі я са сваімі слухачамі магу паразважаць над пытаннямі ўнутранага маральнага свету чалавека, парадвацца паэтычным радкам і песенным мелодыям. Можам паразважаць пра беларускую гісторыю і пра асабісты выбар чалавека ў няпростых жыццёвых сітуацыях. Мы – шчырыя і адкрытыя. Мы размаўляем аб нашым жыцці, знаёмімся. Гэта так важна! Мой удзел у кампаніі – гэта радасць ад таго, што мы – разам, мы ёсць. Калі казаць вобразна, то кампанія – гэта духоўная прастора, акіян, па якім плавае мой карабель. Добра, што такіх караблёў шмат. Нас цэлая флатылія! І ў кожнага мэта — зрабіць нашае жыццё, тут, у нашай любімай Беларусі, лепшым і прыгажэйшым…
Э.А. – Беларуская мова для цябе гэта – сродак зносін ці нешта большае? Ці спяваеш ты зараз па-руску? Калі не, то чаму?
Т.Б. – Мова – гэта душа. Мова – гэта самаідэнтычнасць. Родная мова – гэта роднае неба, родны вецер, родны краявід, мама… Але пытанне мовы для мяне асабіста стаіць пасля пытання пра якасці чалавечага характару. Таму што з характару, з маральных якасцяў чалавека, з яго выхавання і вынікае тое, як ён адносіцца да мовы. Для мяне беларуская мова – гэта спосаб разумення сябе і людзей навокал. Бывае так — чалавек вельмі добры, але ён не ведае роднай мовы. Чаму? Таму, што ён не чуў яе з дзяцінства, ён хоць і паважае, але не ведае яе. А мо ён проста яе не ўспрыймае як родную?.. І гэтыя акалічнасці трэба ўлічваць. Не ўсім дадзена добра валодаць роднай мовай, энергетыкай зямлі, не ўсе былі выхаваныя звяртаць увагу на ролю мовы ў сваім жыцці. А мо проста не было побач людзей з беларускімі каранямі і душой. Але тыя, хто валодаюць словам, ведаюць, што мова – гэта рэлігія, псіхалогія, характар, мараль, дух. І наша задача – раскрыць і паказаць прыгажосць роднага слова.
Зараз я не спяваю свае песні, што былі напісаны па-руску. Чаму? Проста не магу. І зараз не ідуць рускамоўныя вершы. Я – творца. Для мяне вельмі важны дух роднай мовы. Яго нельга растлумачыць. Для песні мне неабходна менавіта беларуская мова – гэта маё творчае паветра. Калі я спяваю, то падключаюся да нейкай звышняй сістэмы, якая сілкуе сам Дух нашай зямлі.
Э.А. – Якія якасці ты цэніш у людзях? Што ты ніколі б не даравала блізкаму чалавеку?
Т.Б. – Самыя блізкія людзі – гэта мае бацькі і сястра. Я лічу, што светапогляд закладаецца праз адносіны з бацькамі, вельмі шмат залежыць ад адносін і атмасферы ў сям’і. Я гляджу на сваіх маму і тату. І часам думаю, што перада мной анёлы, хоць гэта жывыя людзі. Мама мне падабаецца за аптымізм, любоў да людзей, цікавасць да жыцця. Тату люблю за дабрыню, стаўленне да прыроды, імкненне ведаць свае карані, неабыякавасць да чужога гора. Сястру – за жаданне ператварыць жыццё ў мастацтва. А пра тое, што б не даравала… Хочацца дараваць усё…
Э.А. – Твае паэтычныя дэбюты ў “Дзеяслове” і “Літаратурнай Беларусі” не засталіся незаўважнымі для аматараў айчыннай літаратуры. Ці плануеш ты выхад вершаванага зборніка?
Т.Б. – Не, пакуль што я не думала пра гэта.
Э.А. – Не так даўно выйшаў твой чарговы альбом “Святло і цені”. А ў тваім асабістым жыцці чаго зараз больш – святла ці ценяў?
Т.Б. – Аднойчы я была на выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі з сябрам і там убачыла карціну ”Святло і цені”. Святло сімвалізаваў журавель, а цень – сава. Можна шукаць шмат асацыяцый, сімвалаў гэтых паняццяў. Для мяне ўсё, што звязана з радасцю, гармоніяй – гэта святло. Дысгармонія, дрэнныя эмоцыі, боль душы — гэта цені. І першае, і другое ёсць у жыцці. Радуе, што святла болей…
Э.А. – У чым для цябе галоўнае прызначэнне жанчыны? Ці змагла б ты творчае шчасце памяняць на сямейнае?..
Т.Б. – Такое нечаканае пытанне. Галоўнае прызначэнне жанчыны – несці святло, дабрыню, мір, хараство і мацярынскую любоў. У сямейным жыцці – быць апорай для мужа, захоўваць агмень кахання ў доме, гадаваць дзяцей. Я пераканана, што многае, калі не ўсё, залежыць ад жанчыны. Я хачу стаць жонкай, маці і атрымоўваць асалоду ад сямейнага жыцця. Калі родныя здаровыя, калі каханаму і дзецям стае цяпла – гэта шчасце. Так, я думаю, што змагла б памяняць творчае шчасце на сямейнае…
Эдуард Акулін
спецыяльна для Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны
tbm-mova.by