21 красавіка адбыўся рэліз праекту «Чатыры стагодзьдзі беларускай вакальнай музыкі», дзе прадстаўленая вакальная музыка розных эпохаў ды жанраў, якая калі-небудзь існавала ў Беларусі. Сярод выканаўцаў — толькі найлепшыя выканаўцы ў гэтым жанру. Кіраваў працэсам прафэсар Віктар Скарабагатаў, аздобай праекту занялася адно з самых прасунутых рэклямных агенцтваў Менску — «Адліга».
«Так сталася, што ў сьвеце мала ведаюць Беларусь ды яе музыку. Замежнкі пры слове „Беларусь“ глядзяць у бок Афрыкі, ці тое кажуць — недзе „між Варшавай і Масквой“. Гэты дыск з музыкай высокай якасьці, якая выдатным чынам пададзена нашымі артыстамі мае сьцьвердзіць месца нашай краіны ў сьвеце і дапаможа скласьці сваё ўражаньне пра нашую культуру», — кажа Віктар Скарабагатаў пра праект «Чатыры стагодзьдзі беларускай вакальнай музыкі», які выдаў лэйбл West Records. Чатыры стагодзьдзі — гэта XVII век барока («Полацкі сшытак»), XVIII век клясыцызму, XIХ век рамантызм (творы Антонія Радзівіла, Агінскага і Манюшкі) і XХ век нэарамантызму.
На дыску сабраная музыка ў выкананьні айчынных арыстаў — тэнара Юрыя Гарадзецкага, сапрана Алены Золавай ды Тацяны Молакавай і Тацяны Лойшы, што акампануюць на фартэпіяна. Усе яны — прызнаныя майстры ў сваім жанры ды ўдзельнікі ўсемагчымых конкурсаў. Так, Юры Гарадзецкі трапіў у 2007-м годзе ў пяцёрку лепшых на 78-м міжнародным конкурсе імя каралевы Лізаветы.
Аздобу дыску і стыль праекту распрацоўвала рэклямна-дызайнэрская група «Адліга» — сталы партнэр «Тузіна Гітоў» ад першых дзён існаваньня парталу.
Канцэртная прэзэнтацыя дыску адбудзецца 14 траўня ў менскім Палацы прафсаюзаў (пр-т Незалежнасьці, 25) у 19:00. Квіткі: 5000 — 14 000 руб. Даведкі: (017) 227-01-79, (029) 367-43-13.