Арнамент – гэта найбольш вядомы від мастацкай творчасці нашага народа. Ткацтва, пашыў адзення, ганчарная справа, вышыўка – усё гэта прасякнутае выкарыстоўваннем спецыфічнага беларускага арнаменту, арнаменту, ідэнтычнага якому ў свеце няма. Між тым, мала хто з сучасных беларусаў ведае спецыфіку ўзораў, якія выкарыстоўваў яго народ. Гэта як са старажытным амаль што стылем жыцця кітайцаў – ушу. Для мноства хлопцаў і дзяўчат з Кітая гэта тое, на што трэба пакласці жыццё, выкшталцонае мастацтва, якое выкладаецца толькі настаўнікам, які дасягнуў сапраўднага Прасвятлення. Для сённяшняга жа чалавека-касмапаліта гэта спартыўная дысцыпліна, спосаб дасягнуць добрага фізічнага развіцця і пры жаданні “наваляць” каму-небудзь.
Так і з беларускім арнаментам. Для большасці старажытныя ўзоры, якія народ перадаваў са стагоддзя ў стагоддзе, – гэта вышыванкі, вышымайкі, вышышыны для ровара (так-так, і такое існуе!) і усялякія іншыя вышырэчы. Але, здаецца, беларускі арнамент заслужыў крышачку больш увагі і пашаны. Таму гэты матэрыял будзе прысвечаны асноўным матывам і тлумачэнню беларускіх узораў.
Кожнаму, хто хоча хаця б крыху разбірацца ва ўзорах, трэба ўцяміць: кожны элемент арнаменту – гэта свайго роду тайнапіс, шыфроўка. Беларускі ўзор – не проста прыгожыя крыжыкі, квадрацікі і птушачкі, а канкрэтны “мэсідж”, як, напрыклад, еўрапейская геральдыка. “Я няграматная, – гаворыць М. Хведаровіч з Верхнядзвінска, – уся мая навука, мая граматнасць – ва ўзорах маіх посцілак ды ручнікоў. Так, як у добрай кніжцы, як у якім-небудзь кіно можна дазнацца пра жыццё і людзей, і жывёлы, пра сонейка і зоркі, пра хваробу і пра здароўе, пра дзявочую долю і нядолю, пра ўсё, што ёсць у жыцці”.
Такім чынам, пачнём.
Усе ўзоры прызначаныя для мноства нагодаў. Вобразы ўраджаю і ўрадлівасці, маці, роднай зямліцы, святаў, песень, язычніцкай міфалогіі, кахання, чалавека, сям’і і дзяржавы, веры і жыцця – беларускі ў сваёй творчасці зачапілі амаль ўсё тое, што атачае чалавека.
Ураджай і ўрадлівасць
Са старажытнасці народ жыў з двух асноўных заняткаў – земляробства і жывёлагадоўлі. Менавіта таму аднымі з самых звыклых сімвалаў у арнаментыцы з’яўляюцца свойскія жывёлы, сельскагаспадарчыя расліны, асабліва зерневыя. Дарэчы, менавіта жывёлы і расліны ў беларускай традыцыі таксама лічацца сімваламі багацця, заможнасці і моцы.
Разгледзім тут і далей толькі адзін з узораў кожнага падраздзелу, бо для разгляду ўсіх патрэбныя асобныя тэксты. Адным з самых папулярных узораў на матыў ураджаю быў бог урадлівасці Ярыла. З часу прыняцця хрысціянства Ярыла трансфармаваўся ў… Юрыя-Пераможцу, але сутнасць абодвух засталася тоеснай. Сучасныя “неаязычнікі” шануюць Ярылу і часта з пагардай ставяцца да хрысціянскіх святых, да якіх адносіцца і Юрый, – а вось яно як адбываецца…
Вобраз Ярылы-Юр’я на кані шмат дзе сустракаецца, беларускія жанчыны вышывалі яго на ручніках і верылі, што такі арнамент “задобрыць” бога і дапаможа атрымаць добры ўраджай.
Цікава, што Ярылу вышывалі як паўнавартасным, то бок з сапраўдным мужчынскім целам і канём, так і схематычным. І другі яго вобраз зусім не нагадвае мужчыну, хутчэй бачыцца як кветка ці выява сонца.
Маці
Вядома, што яшчэ з першабытных часоў маці была істотай, якую паважалі і шанавалі. Захаваліся шматлікія каменныя і касцяныя жаночыя фігуркі, якія яскрава выказваюць сваю прыналежнасць да мацярынства гіпертрафаванымі формамі. Тагачасныя майстры прысвячалі маці мноства сваіх твораў менавіта таму, што жанчына-маці лічылася абуджальніцай жыцця, тым, што нейкім чынам блізкае да багоў.
Найбольш вядомым менавіта беларускім сімвалам маці з’яўляецца так званая “Маці з дзіцем”. Вялікая фігура маці, а на ёй, дзесьці ў раёне жывата, – маленькае дзіця. Лічылася, што такі абярэг дапамагае як дзяўчыне ў пошуку сямейнага шчасця, так і ўжо цяжарнай жанчыне, і той, што ўжо нарадзіла дзіця.
Сімвал маці ў арнаментыцы – гэта амаль заўжды схематычная выява жанчыны ў сукенцы, у залежнасці ад складанасці ўзору можа вагацца ад нечага кшталту трохвугольніка з галавою да паўнавартаснае жанчыны нават з добра бачнымі рукамі і нагамі.
Таксама Маці ў беларускім арнаменце мае ўвасабленне ў выглядзе прыадкрытага бутону кветкі.
Родная зямля
Яшчэ адным з сімвалаў-асноваў, тых, на якія ніколі не забудзецца ні адзін этнас, з’яўляецца вобраз Радзімы, зямлі-карміцелькі. Любоў да роднае зямлі для жыхароў любой краіны свету – пачуццё светлае і добрае. Туга і боль па Радзіме, любоў да зямлі тых беларусаў, каго лёсам занесла ў іншую краіну, – усё гэта матывавала на стварэнне асаблівага арнаменту.
Геаметрычны вобраз роднай зямлі ткачыхамі і вышывальшчыцамі Беларусі рабіўся з самых розных колераў, многія ўвогуле змешвалі некалькі розных адценняў. Так, лічылася, адлюстроўваецца шматграннасць і прыгажосць Беларусі.
Зямля-карміцелька ўвасаблялася не толькі ў агульным вобразе, але і ў некаторых “прадстаўніках” гэтай самай зямлі. Часта на посцілках, ручніках, вышыванках беларускіх майстрых сустракаюцца ўзоры, што ўвасабляюць сабой ваду, раку, крыніцы, лес, поле, розных жывёл. І нават такіх істотаў, як лесавікі і вадзянікі. Абодва гэтыя персанажы, на жаль, не ўгадваюцца ва арнаменце, але сам па сабе ўзор – надта складаны, і жанчына павінная патраціць шмат часу на тое, каб выткаць ці вышыць старажытны вобраз міфічнай істоты.
Узор Лесавіка, героя казак і баек старажытных беларусаў, выглядаў у іх разуменні вельмі цікава: “Галава ў яго як крона дрэва. Адзеты ён у звярыныя шкуры. Рукі і ногі тоўстыя, як ствалы дрэў”. Вышываўся ён заўжды на фоне лесу, часта аднаго дрэва. То бок беларускі рабілі нешта кшталту сапраўднай карціны з пярэднім і заднім планамі. Дарэчы, сам Лесавік на ўзоры нагадвае больш за ўсё лася без рагоў – стаіць на чатырох нагах, задраўшы велічэзную морду з невялічкімі вушамі ўгору.
Святы
Якое жыццё без святаў? Ды ніякага! Беларусы, якія добра працавалі, любілі і святкаваць. Святаў на беларускай зямлі ў старажытнасці было вельмі і вельмі шмат. Пачатак новае працы, змена пары года, розныя падзеі ў жыцці кожнага чалавека – усё гэта адзначалі, прычым кожнае свята са сваім непаўторным каларытам.
Вялікдзень, Купалле, Каляды, Масленіца, вяселле – гэтыя святы былі найбольш яскравымі, так бы мовіць, асноўнымі святамі ў календары нашых продкаў. Але і розныя іншыя абрады суправаджаліся не менш цікавымі і паэтычнымі дзеяннямі. Беларусы ў святы варажылі – на снезе, на вадзе, на гарышчах і нават у лазнях. Абсыпаліся жытам, ячменем, хадзілі з зоркаю на Каляды, апраналіся мядзведзем альбо казою, насілі пеўня. Спрадвеку павялося адзначаць святы з розыгрышамі, са скамарохамі, вясёлымі песнямі, танцамі і вершыкамі. Нават прыязджаў вандроўны тэатр батлейка і паказваў сцэны Раства Хрыстова, розныя павучальныя спектаклі. Асаблівай папулярнасцю карысталіся сюжэты пра благую ці, наадварот, добрую жонку.
Разгледзім як прыклад вобраза святаў узоры, якія вышываліся на тэму Вялікадня. Стандартным як бы мовіць “талісманам” гэтага свята выступала Вясна-Вяснянка, дзяўчына ў сукенцы, якая абавязкова трымала ў абедзвюх руках кветкі. Расліны выступалі як сімвалы абуджэння жыцця прыроды пасля зімы. Цікава, што ў кветках была невялічкая розніца – іх Вяснянка магла трымаць як паўнюткі букет, так і проста па тры кветкі ў кожнай руцэ. Прычым другі від узору лічыцца болей старажытным і цікавым. Калі букет – гэта толькі абуджэнне прыроды, то тры кветкі абазначаюць яшчэ і тыя веснавыя травы, які выкарыстоўваліся беларускімі жанчынамі для гадання, лячэння людзей і пляцення вянкоў.
Вясна-Вяснянка, у адрозненне ад папярэдніх узораў, рабілася майстрыхамі толькі ў адным выглядзе, не маючы схематычнага віду.
Песні і мелодыі
Здаўна склалася так, што музыка мела вялізны ўплыў на людзей. Спявалі заўжды – і падчас працы, і калі адпачывалі. Танцы, гульні – усё калі не пад песні, то пад музыку. І гэта не магло не знайсці ўвасаблення ў беларускім арнаменце.
Шырокае распаўсюджанне набыў узор любоўнай песні. І яно зразумела. Бо калі сялянская дзяўчына магла заўважыць цікавага ёй хлопца і закахацца? Часам – на танцах, у карагодах, дзе ўдзельнічала ўся моладзь, што жыла паблізу. Часам – проста дзесьці на вуліцы. А потым каханне ўжо падмацоўвалася сумеснымі танцамі, жартамі, песнямі і размовамі. Прыйшоўшы дамоў, дзяўчына выяўляла свае пачуцці на тканіне, у вышыўцы альбо ткацтве.
Матыў, які ў аснове сваёй нясе вобраз любоўнае песні, аніяк сваёй прыналежнасці не выражае, і ў цэлым здагадацца, што гэты арнамент – любоўная песня, папросту няма як. Асноўным элементам узору з’яўляецца невялічкі крыжык у цэнтры. Апраўлены ён дзвюма лініямі, якія прыгожа заплятаюцца адна за адну. Такі ўзор вельмі часта сустракаецца на посцілках, ручніках, на тканых вырабах.
Есць дакладны вобраз агульнай песні, а некаторыя майстрыхі нават выдумлялі сваё арнаменты песень. Напрыклад, існуе вобраз песні “Зорка Венера” – ён уяўляе сабой васьміканцовую кветку-разетку. “Калі я ўпершыню пачула песню “Зорка Венера”, у мяне пацяклі слёзы. Я і звязала карункі з гэтай песняй”, – расказвае А. Сідарэнка з Магілёўскай вобласці.
Безумоўна, мы, сучасныя людзі, гледзячы на тыя самыя карункі, ці на вышыўкі, ці на тканую рэч, не зразумеем нічога. Мы ўбачым проста прыгожа зробленыя працавітымі людзьмі рэчы. Мы – як чалавек, які не ведае мовы і бачыць словы, напісаныя на ёй.
Вобразы язычніцкай міфалогіі
Якая б ні была культура, у любой краіне яна так ці іначай прасякнутая некаторымі адгалоскамі паганства. Асабліва добра ў народзе захоўваецца міфалагічны складнік – багі язычніцкага пантэону, аповеды пра жыццё гэтых багоў і іх узаемадзеянне з людзьмі. Безумоўна, з цягам часу шмат чаго пераплялося з хрысціянствам, але багі пераклікаюцца з хрысціянскімі апосталамі, рознымі героямі біблейскіх гісторый. Такім чынам і дайшла да нас беларуская язычніцкая культура – змяшаўшыся са сваім лютым ворагам, хрысціянствам. І беларускі не маглі пакінуць такі вялізны пласт сваёй культуры без выражэння ў арнаментыцы.
Бог Сонца, Маці-зямля, Месяц, Пярун, Грамавік, Агонь-Жыжаль, Стрыбог-Вецер – усе гэтыя міфалагічныя істоты мелі свае выявы на рэчах, зробленых беларускімі майстрыхамі. Прычым кожны бог меў адразу некалькі ўзораў, яго можна было выткаць у тым выглядзе, які больш падабаецца беларусцы.
Для прыкладу возьмем самы цікавы і не падобны на іншыя арнаменты нават па сваёй аснове ўзор – сімвал Грамавіка, таямнічай істоты, што запальвае грамнічную свечку і надае ёй сілу. Выглядае гэты ўзор незвычайна для беларускае традыцыі – як працягнуты ўніз ромб з адросткамі-праменьчыкамі. Нескладана здагадацца, што такі арнамент адлюстроўвае агеньчык на той самай грамнічнай свечцы.
Каханне
Як бачым, большасць тэмаў для ўзораў так ці іначай мае агульныя рысы, пераплятаецца і перасякаецца ў розных месцах. Вобраз кахання ёсць амаль ва ўсіх беларускіх арнаментных спалучэннях. Але чаму выдзелілі менавіта каханне ў асобны падпункт? Гэта зроблена таму, што беларускія жанчыны не спыніліся на адным вобразе кахання. Яны паспрабавалі распісаць у арнаментыцы амаль увесь каларыт пачуццяў чалавека ў рамках любоўных зносінаў. Каханне і прыгажосць, жаночая доля ў шлюбе, непадзельнае, трагічнае каханне ў вобразе Русалкі, вобраз пачатку новай сям’і, увасоблены ў Вянку. Арнаментаў на тэму кахання ў беларусаў атрымалася шмат, і кожны з сімвалаў па-свойму цікавы, а прыгажосць іх не вызывае сумневаў нават цяпер, у час, калі даматканае адзенне амаль выйшла з ужытку.
Разгледзім як прыклад арнаментыкі кахання ўзор Русалкі, які беларускі лічылі сісвалам гора, непадзеленага кахання альбо ўвасабленнем долі дзяўчат, якіх пакідалі хлопцы, і яны тапіліся з гора. Беларуская Русалка – гэта не тая рудавалосая дзяўчына з воооось такім хвастом, як у дыснэеўскім мульціку. Не, у ёй няма аніякіх вясёлых рысаў, яна паказвае толькі сваю горыч і боль. А як яшчэ, калі дзяўчо – фактычна той самы жывы мярцвяк, толькі жыве ў вадзе. Беларуская русалка – проставалосая, часта аголеная маладая дзяўчына з бледнай скурай і сумным позіркам.
У беларускіх узорах Русалку паказвалі, як і мноства іншых узораў, у двух выглядах – сапраўдным і досыць схематычна, так, што сучасны чалавек ніколі не здагадаецца, што значыць узор. Схематычны воблік Русалкі – гэта букет кветак, звычайна складзены з трох галіначак (улюбёная лічба мноства народаў свету), дзе ўсярэдзіне звычайна самая вялікая і прыгожая кветка, часцей за ўсё чырвоная ружа. Таксама Русалка паказваецца і як дзяўчына. Але беларуская традыцыя не надзяліла бедную Русалку хвастом, таму адрозніць яе ад вобраза той жа Маці, не з’яўляючыся спецыялістам ў гэтай сферы, амаль немагчыма.
Чалавек, сям’я і дзяржава
Беларускі вышывалі і ткалі ўсё, што было наўкол: багоў, расліны, людзей, жывёлаў і нават прыродныя з’явы. Як жа не дайсці да ўвасаблення самога чалавека, яго месца на Зямлі і ў грамадстве? “Чалавечых” вобразаў у беларускай арнаментыцы шмат, але асноўным матывам пры адлюстраванні чалавека ёсць васьміканцовая зорка. Магчыма, таму, што існавала некалі павер’е: “Нарадзіўся чалавек, на небе з’явілася яго зорка. Добры чалавек, яго зорка гарыць ярка. Дрэнны – цьмяна. Памёр чалавек, яго зорка ўпала з неба на зямлю”. (М. С. Кацар “Беларускі арнамент: ткацтва, вышыўка”). Менавіта гэтую зорку майстрыхі ў сваіх работах атачаюць кветкавымі гірляндамі ці геаметрычнымі ўзорамі, што, напэўна, мусіць падкрэсліваць прыгажосць і чалавечую годнасць.
Дзявочую прыгажосць, працавітасць і добры характар увасабляў узор дзяўчыны-бярозкі альбо дзяўчыны-рабіны; мужчынскую прывабнасць, прагу да працы і весялосць – вобраз клёна. Саюз мужчыны і жанчыны разам таксама паказваў узор – ромб з кручкападобнымі адросткамі, які паўтараўся на ўсім ручніку ці посцілцы. Вобраз сям’і паказваўся ў выглядзе крыжыка, на канцах якога вышываліся невялічкія схематычныя сэрцайкі. Узоры дзяцей мелі ўласцівасць паўтарацца не толькі па лініі, але і па ўсім вырабе – каб дзяцей было болей. Заўжды дзіця бачылі як кветку – мабыць, кветку жыцця.
Сімвалы працавітасці, багацця і дабрабыту, дабра і зла, праўды і справядлівасці, міласэрнасці – усё гэта знаходзіла месца на вырабах беларускіх жанчын. Таксама вышывалі і ткалі сімвалы покуці, двара, печы, жывёл як абярэгаў і заступнікаў перад багамі.
Вобразы веры
Як і любы этнас, беларусаў не абмінула і вера. Спачатку паганства, потым хрысціянства, але нязменны факт – беларускі чалавек верыў, і так было спакон веку. Не беручы сённяшні час, канечне, бо ўплыў рэлігіі значна і значна зменшыўся. Але так ці інакш, беларускія ўзоры захавалі ў сабе сімвалы веры нашых прашчураў. Іх і разгледзім.
Беларусы вельмі шанавалі продкаў. Успомніць хаця б свята Дзяды, цалкам прысвечанае родзічам, якія пайшлі ж жыцця. Узораў продкаў у вышыўцы і ткацтве існавала нават у чатырох асноўных выглядах. Найбольш распаўсюджаным быў так званы сімвал “агульнага продка”, то бок чалавека, які ёсць прашчурам для ўсіх беларусаў. Выглядала гэта як два перакрыжаваныя прамавугольнікі ці чатыры скрыжаваныя лініі.
Вера ў душу – гэта тое, што так ці іначай існуе ў творчасці любога народа. Беларускі таксама вышывалі тое эфемернае і цікавае, што не ўбачыш, але можаш прыгадаць. Лічылася, што душа чалавека мае выгляд матылька альбо лёгкай птушкі, і прылятае яна на святы, перш за ўсё на Дзяды, да родных.
Вышывалася Душа ў выглядзе васьміканцовай разеткі, надта падобнай да вышыванага вобразу Чалавека. І нядзіўна: іх роднасць, непадзельнасць несумненная. Нярэдка канцы “разеткі” аздаблялі характэрнымі арнаментальнымі “вочкамі”, зусім схематычнымі, але ўсё роўна падобнымі на крыльцы матылька.
І ў заключэнне
Кожнае мастацтва адзначанае сваім тайнапісам, сімволікай і глыбінным сэнсам. Не выключэнне і беларуская арнаментыка, якая перажыла столькі гадоў і ўсё роўна не страціла асноўных матываў, не спыніла існавання. Нават сёння беларускія дзяўчаты калі-нікалі вышываюць узоры, нечакана пайшла мода нават на татуіроўкі з цудоўнымі сімваламі, многія нават робяць нешта кшталту “складанкі” з розных узораў, як рабілі нашы продкі, расказваючы сваю гісторыю праз вышыўку.
Як бы там ні было – не забывайцеся на тое, што можа атрымаць працяг у вашай творчасці. І гэта самае галоўнае.
Аля Буркоўская