Фота Еўрарадыё

15 лістапада свабодны беларускі мастак Сяргей Савіч зрабіў выставу сваіх 15 карцін ў вагоне метро, які рухаецца – паведамляе Еўрарадыё. Дапамаглі яму гэта зрабіць 15 чалавек, сярод якіх былі заўважаныя мінскія блогеры і музыкі Улад БакейАртур Какораі Ягор Kipah. Такім чынам Савіч і сябры паказалі мінчанам сучасную андэграўнд-творчасць у месцы, дзе гэтага менш за ўсё чакаеш.

“Спусціць карціны ў метро я разглядаю як ўварванне мастацтва ў гарадскую прастору, — тлумачыць мастак. — Вынесці яго за межы майстэрняў і галерэй, даць карцінам свежага паветра, а людзям — удыхнуць трохі мастацтва. Чарговы маленькі крок на шляху да глабальнага. Хто, калі не мы!”

Мінчане, якія ехалі па сіняй лініі метро, ​​былі прыемна здзіўленыя. А карціну “Дзяўчына з авечкай” купілі проста ў вагоне за сто рублёў, хоць аб продажы работ ніхто не думаў.

Сяргею Савічу 33 гады, ён родам з Жодзіна. Маляваў з дзяцінства, але ў мясцовай мастацкай школе затрымаўся ненадоўга — не хапіла жадання і сілы волі на акадэмічныя заняткі, хацелася вольнага графіку і тэм. Выпрацаваў уласную тэхніку метадам спроб і памылак. Выстаўляў працы ў галерэі “Ў”, барах, набыць іх можна ў групе “Вконтакте”.