Праект “Мастак і горад” трэці раз распачаўся ў Мінску вернісажам пад адкрытым небам. Раней на плошчы Якуба Коласа можна было ўбачыць рэпрадукцыі Шагала і Малевіча, а сёлета тут разгарнулася экспазіцыя сучасных беларускіх жывапісцаў і графікаў.
А шостай вечара на плошчы Якуба Коласа загучаў свінг, і каля дзясятка хлопцаў і дзяўчат пачалі танцаваць ліндзі-хоп. Гэта была прэлюдыя да афіцыйнага адкрыцця выставы, падрыхтаваная школай танцаў Юліі Шостак Kvartal, але насамрэч усё выглядала як спантанная імправізацыя. Вось з метро выскачыла дзяўчына, кінула свой заплечнік на лавачку і далучылася да танцораў. Адзін з іх раптам застаўся без пары, але працягнуў імправізаваць сам. Нават першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі, які адкрываў гэты мастацкі опэн-эйр — не, не далучыўся да танцораў, але адзначыў, што пасля такіх танцаў не хочацца ніякіх афіцыйных прамоваў, а хочацца нефармальнага свята. “Калі беларусы выходзяць на плошчу, — працягнуў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка, — паглядзець на выставу пад адкрытым небам, значыць, турыстычны летні сезон можна лічыць адкрытым”. А дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Наталля Шаранговіч зазначыла, што не кожны беларус ці турыст пойдзе ў музей, а вось у такім фармаце выстава заўсёды знойдзе свайго гледача.
Пасля ўрачыстага пераразання стужкі ў неба паляцелі два звязкі бела-сініх паветраных шароў ад галоўнага спонсара мерапрыемства — банка ВТБ, і госці пайшлі на агляд экспазіцыі. Навуковы супрацоўнік музея сучаснага выяўленчага мастацтва Каміла Янушкевіч расказвала дырэктару праўлення банка Вадзіму Іванову пра гульню колеру, святла і цені, пра традыцыі Караваджа, пра абстракцыі і нестандартнае бачанне беларускіх мастакоў. Дзіцячыя сусветы Сяргея Рымашэўскага, бурштынавыя шляхі Аляксандра Сільвановіча, рамантыка і гумар Ганны Сілівончык… Усяго ў экспазіцыі 32 копіі твораў 16 беларускіх аўтараў. Усё з калекцыі Музея сучаснага выяўленчага мастацтва. “А вось звярніце ўвагу — Сяргей Балянок — фантаст і чалавек-сюрпрыз, — кажа наш гід. — На маю думку, гэта самы вялікі філосаф сярод сучасных беларускіх мастакоў”.
Некаторыя працы ствараліся з нуля падчас адкрыцця выставы. Вось мастак пад нікам Predok (“Называйце мяне проста Максімка!”) піша на зялёных лісціках “Жыццё”, “Развіццё”, “Праца”, “Стварэнне”. “Гэта магічныя словы-загаворы, — тлумачыць аўтар. — Вясна ў горадзе, час дзейнічаць! Перад удзельнікамі выставы, мастакамі стрыт-арта, стаяла задача падзяліцца сваімі асацыяцыямі пра Беларусь. У нас у краіне няма нафты, няма алмазаў. Усё, што мы можам — узараць поле. Таму ў мяне атрымаўся трактар, які едзе па полі на фоне шматпавярховых дамоў”.
Побач — зусім іншы па настроі гарадскі пейзаж мастака з Маладзечна Сяргея Паўлаўца. Ён размясціў на адной лініі тэатр оперы, пастамент ля вечнага агню на Плошчы Перамогі, Траецкае прадмесце і вежу цэнтральнага тэлебачання — галоўныя, на думку Сяргея, аб’екты горада, якія цікавыя і турыстам, і мінчанам.
Праект “Мастак і горад” — частка вялікай выставы сучаснага мастацтва “Авангард: ад квадрата да аб’екта”, якая праходзіць адначасова на трох пляцоўках: яшчэ ў выставачным павільёне на праспекце Пераможцаў, 14 і ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Выстава на плошчы Якуба Коласа будзе працаваць амаль усё лета і завершыцца толькі ў жніўні.
Кася Кірпацік. Фота: Зарына Кандрацьева