На тутэйшых трэнажорах ужо набіраюць форму нават знакамітыя беларускія спартоўцы
Інфармацыя пра Moby Dick Gym разышлася па сеціве пасля таго, як тут вырашыў працаваць беларускі саксафаніст і фітнэс-інструктар Павел Аракелян. Да яго ўжо выстройваецца чарга з паненак, якія прагнуць скінуць лішні дзясятак кілаграмаў ці проста набраць аптымальныя для жыцця фізічныя кандыцыі.
Як аказалася, спартовы клуб заснавалі беларускія музыкі. А канкрэтна — басіст Brutto Дзяніс Стурчанка, бубнач Уладзімір Бегер, кантрабасіст Аляксандр Яфімаў (абодва з “Ягор Забелаў Трыа”) і перкусіяніст Аганэс Аванесян.
“У нас тут, як бачыце, працуе дыджэй. Пакуль толькі раз на тыдзень, але будзе часцей. Плануем рабіць і музыкальныя вечары, таму зрабілі сцэну”, — апавядае Дзяніс Стурчанка.
Moby Dick Gym знаходзіцца ў цэнтры Мінска на вуліцы Кастрычніцкая, 16. Раёнчык лічыцца хіпстарскім.
Народ ходзіць незвычайны, залу наведвае шмат людзей з культурных колаў. Заўважаем тут і заслужанага майстра спорту Віталя Гуркова. Тайбаксёр і саліст Brutto кажа, што абсталявання яму цалкам хапае для сілавых трэніровак.
Выглядае зала даволі крэатыўна і з выгляду дакладна не саступае прэстыжным сталічным фітнэс-клубам. Відаць, што папрацавалі над месцам добрыя дызайнеры і мастакі.
“У той жа час цэны мы ўсталявалі бюджэтныя. Напрыклад, уваход для каштуе 50 тысяч. Увечары — 70. Месячны абанемент каштуе 600 тысяч. А для студэнтаў — удвая танней”, — дзеліцца інфармацыяй Аляксандр Яфімаў, адзін з заснавальнікаў.
У перспектыве музыкі плануюць адкрыць у Moby Dick залу для байцоўскіх адзінаборстваў.
У цэлым канцэпцыя выглядае так, што ў клубе можна будзе і добра патрэніравацца, і патусавацца. Толькі ром і тэкілу замянілі на гантэлі і трэнажоры.
Фота – Аляксандр Tarantino Ждановіч
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»