З сённяшняга дня пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг у Беларусі абавязаны ўвесці ў эксплуатацыю сістэму абмежавання доступу да пэўных інтэрнэт-рэсурсаў і забяспечыць яе якаснае функцыянаванне.
Палажэнне аб парадку абмежавання доступу карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг да інфармацыі зацверджана пастановай Аператыўна-аналітычнага цэнтра (ААЦ) пры прэзідэнце і Мінсувязі 29 чэрвеня. Дакумент прыняты дзеля выканання прэзідэнцкага ўказа № 60 “Аб мерах па ўдасканальванні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт”.
Пад забарону трапляе інфармацыя, забароненая да распаўсюджвання ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам: экстрэмісцкія і парнаграфічныя матэрыялы, матэрыялы аб незаконным абароце зброі і боепрыпасаў, а таксама інфармацыя, якая садзейнічае гандлю людзьмі і прапагандуе насілле.
У абавязковым парадку пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг павінны аказваць паслугі па абмежаванні доступу карыстальнікаў да інфармацыі, якая забаронена да распаўсюджання, толькі дзяржорганам, а таксама арганізацыям адукацыі і культуры. Усім астатнім групам карыстальнікаў такія паслугі аказваюцца паводле іх замовы.
Пастанова набыла моц 1 ліпеня, за выключэннем пункта аб увядзенні правайдарамі у эксплуатацыю сістэмы абмежавання доступу. На падрыхтоўку да рэалізацыі мер па фільтрацыі правайдарам далі час да 1 верасня.
Згодна з пастановай фарміраваннем спісу абмежаванага доступу займаецца Дзяржінспекцыя па электрасувязі (РУП “БелДІЭ”) на падставе рашэнняў “кіраўнікоў Камітэта дзяржкантролю, Генеральнай пракуратуры, ААЦ, рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання”.
Фільтраваць забароненую інфармацыю будуць незалежна ад месцазнаходжання забароненых сайтаў, а таксама відаў доступу ў інтэрнэт.