Сярод цяпер ужо шматлікіх кампаній, якія займаюцца стварэннем вышываных строяў, ёсць і вельмі незвычайныя. “Будзьма” пагутарыла з Алёнай Хлопцавай, стваральніцай ільнянога адзення з абярэжнай вышыўкай. Спадарыня Хлопцава разам з сябрамі з’ехала з горада ў экапасёлак і займаецца аднаўленнем сапраўднай старадаўняй вопраткі, у арнаменты якой укладаецца дадатковы сакральны сэнс.
– Чаму вы вырашылі займацца менавіта абярэжнай вопраткай?
– Мы з’ехалі з горада жыць у экапасёлку, што складаецца з родавых сядзібаў “Звон-Гара” пад Віцебскам. Зразумела, жыццё на прыродзе ўлічвае гармонію ва ўсім – у харчаванні, выхаванні і, зразумела, у адзенні. Ідэя стварыць ільняную вопратку з ручной вышыўкай і закладаць у яе абярэжную сілу, як рабілі нашыя прабабулі, так і нарадзілася.
– Якім чынам падбіраеце арнаменты для вышыванак?
– Арнаменты і абярэгі мы падбіраем па адчуваннях, часам людзі просяць менавіта абярэгі – для стварэння сям’і, для поспеху, для здароўя. Вось зусім нядаўна адна пара, якую запрасілі на вяселле, замовіла сабе адмысловыя строі – яны выглядалі надзвычай самабытна ў адзенні з сімваламі адалень-травы, духоўнага і матэрыяльнага дабрабыту.
– Якія крыніцы для гэтага выкарыстоўваеце?
– Мы вывучалі розныя кнігі, але за аснову бралі нашыя, беларускія крыніцы. На прыкладзе арнаментаў мы бачым, што раней была адзіная культура – шмат якія сімвалы маюць аднолькавыя значэнні, хаця могуць адрознівацца па назве. Напрыклад, у Беларусі спарыш, у Расіі – алатыр.
– Раскажыце пра сваю каманду.
– У нашай творчай майстэрні тры чалавекі, мы з Алай Мішурынай займаемся прасоўваннем і ўласна вышыўкай, аднаўленнем традыцый. Трэцяя дзяўчына – Кацярына, мадэльер-дызайнер, якая аднаўляе касавароткі, сарочкі славянскага пакрою, сарафаны і спадніцы. Прычым асноўная наша ідэя ў тым, каб людзі хадзілі ў адзенні з вышытымі ўзорамі, і ў гарадах, і ў офісах, надзявалі іх на святы. То бок ёсць калекцыя народнага адзення, а ёсць стылізацыя –сучасныя мадэлі са старадаўнімі абярэгамі і вышыванкамі.
– А якім чынам вашыя вышыванкі трапілі ажно ў Аўстралію?
– Наша знаёмая з Глыбокага, якая цяпер жыве ў Мельбурне, прапанавала правесці там паказ – мы адаслалі пасылку, у выніку паказ адбыўся. Асабліва каларытна на ім глядзеліся мужчынскія сарочкі і касавароткі з вышыўкай.
– Дзе можна замовіць вышыванкі вашай вытворчасці?
– Нашу прадукцыю можна набыць на разнастайных мерапрыемствах, фэстах, у тым ліку на Дні вышыванкі 5 кастрычніка ў Мінску. Да таго ж можна знайсці строі на нашым сайце, а таксама ў сацыяльных сетках. Яшчэ можна прыехаць да нас у экапасёлак, а таксама на рамесніцкім фэсце “Таямніцы майстэрства”, які мы праводзім.
Юрась Ускоў