8-9 верасня ў Вільні адбудзецца трэці міжнародны шоўкейс-фестываль What’s Next In Music?, пераемнік Vilnius Music Week (2012-2015). Беларусь на ім будуць прадстаўляць бітмэйкер Awlnight ды электроншчык Senary.
У гэтым годзе фестываль адбудзецца ў папулярных альтэрнатыўных клубах Kablys і Peronas, а таксама на адной са сцэн фестывалю гарадскіх культур Loftas Fest. Акрамя беларусаў у What’s Next In Music? возьмуць ўдзел каля 30 артыстаў з Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Румыніі, Шатландыі, Нідэрландаў, Даніі.
Беларусы будуць выступаць увечары 9 верасня на сцэне What’s Next In Music? у межах Loftas Fest – гэта адна з чатырох бясплатных сцэн фестывалю-партнёра, які адбываецца на тэрыторыі арт-фабрыкі Loftas.
Для Awlnight гэта будзе пятае падарожжа на еўрапейскія шоўкейс-фестывалі: ён двойчы выступаў на Tallinn Music Week (Эстонія), па адным разе на MENT Ljubljana (Славенія) ды c/o pop (Германія). Для Senary гэта дэбют на мерапрыемствах такога кшталту. Партнёрам What’s Next In Music? ды іншых еўрапейскіх шоўкейсаў у Беларусі з’яўляецца праект Experty.by.
– Мы атрымалі шмат вартых ўвагі заявак з Беларусі, але абралі тых артыстаў, якія нам падаліся найбольш свежымі і актуальнымі. Калі аднаго з іх мы бачылі на іншых фэстах, другі – цёмны конік, але мы ўпэўненыя, што гэта будзе цікава! – кажа Віктар Дыавара, дырэктар арт-фабрыкі Loftas і адзін з арганізатараў What’s Next In Music?.
Акрамя канцэртаў у межах What’s Next In Music? музыкаў і адмыслоўцаў чакае двухдзённая прафесійная канферэнцыя, дзе акрамя шматлікіх прадстаўнікоў шоў-бізнэсу Літвы таксама выступяць мэнэджэры, прадстаўнікі лэйблаў, фестываляў і ініцыятыў з Фінляндыі, Венгрыі, Францыі, Вялікабрытаніі, Эстоніі, Кітаю, ЗША. Спіс спікераў і дэлегатаў, а таксама поўная праграма What’s Next In Music? дасяжныя на сайце musicassociation.lt.
Арганізатары прапануюць 5 бясплатных прапускоў для прафесіяналаў з Беларусі, якія жадаюць наведаць фестываль і канферэнцыю. Да ўдзела запрашаюцца арганізатары канцэртаў і фестываляў, прадстаўнікі пляцовак і СМІ. Заяўку з пазначкай WNM 2017 і згадкай імя-прозвішча, арганізацыі, бягучых/нядаўніх праектаў, кантактаў неабходна даслаць на адрас [email protected] да 28 жніўня. Канферэнцыя адбываецца на англійскай мове.