06.02.2017 | Гісторыя

Беларусы на службе ЦРУ: беларуская інфармацыя ў рассакрэчаных дакументах амерыканскай разведкі

Пры канцы студзеня Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне ЗША апублікавала на сваім сайце 13 мільёнаў старонак дакументаў, якія раней былі даступныя толькі ў Нацыянальным архіве. Некаторыя з іх утрымліваюць звесткі аб Беларусі, якія ў розны час выклікалі зацікаўленасць у амерыканскіх спецслужбаў — ад зводак надвор’я да аэрафотаздымкаў вайсковых аб’ектаў.

Скан файла ЦРУ пра эмігрантку з Беларусі Ніну Якубовіч, якую спрабавала завербаваць савецкая разведка.

Дакументы ЦРУ, рассакрэчаныя ў рамках Акту аб выкрыцці нацысцкіх ваенных злачынцаў 1998 года, таксама ўтрымліваюць багата цікавай інфармацыі па гісторыі пасляваеннай хвалі беларускай эміграцыі.

Неабходна, аднак, улічваць, што асобы, якія ў іх згадваюцца, не абавязкова з’яўляліся ваеннымі злачынцамі — гэта азначае толькі, што яны супрацоўнічалі ў той ці іншай ступені з нямецкім акупацыйным рэжымам у гады Другой сусветнай вайны, і ЦРУ спраўджвала факты такога супрацоўніцтва — з розным вынікам.

Некаторыя з гэтых асобаў гублялі магчымасць пераезду ў ЗША і нават ужо атрыманае некалі амерыканскае грамадзянства, іншыя — рабіліся агентамі амерыканскіх спецслужбаў і рыхтавалі кадры для шпіянажу на тэрыторыі СССР.

Беларусы ў ЦРУ былі заангажаваныя ў шэраг праектаў, якія мелі на мэце перадусім атрыманне актуальных звестак аб стане рэчаў у Савецкай Беларусі, антысавецкую агітацыю беларускага насельніцтва і падрыхтоўку да магчымых ваенных дзеянняў супраць СССР.

Тут сустракаюцца як цікавыя факты з біяграфіяў вядомых асобаў, так і не менш адметныя сюжэты з жыцця малавядомых постацяў. Але ўсіх гэтых персанажаў яднае падабенства іх лёсаў падчас вайны ў Беларусі і на эміграцыі ў Заходняй Еўропе ды ЗША, а таксама заблытанасць у віры супрацьстаяння амерыканскіх, нямецкіх і савецкіх спецслужбаў.

Сумнеўная сувязь з Бацькаўшчынай

Асобныя беларусы пачалі супрацоўнічаць з разведкай ЗША адразу ж пасля падзення нацызму, яшчэ ў амерыканскай зоне акупацыі Нямеччыны. Амерыканцаў і беларусаў з ліку тых, каго прынята называць калабарацыяністамі, яднала імкненне змагацца з камунізмам.

Перадусім неабходна было даведацца, ці засталіся ўсё ж на Бацькаўшчыне ўзброеныя сілы, здольныя весці такую барацьбу.Першым у беларускіх эмігранцкіх колах паспрабаваў выправіць сваіх агентаў у Беларусь былы камандзір беларускай брыгады войск СС палкоўнік Францішак Кушаль.

У 1948 годзе ён у паразуменні з амерыканскай вайсковай контрразведкай (CIC) выправіў з Заходняй Нямеччыны двух агентаў для наладжвання сувязі з беларускімі партызанамі ў Польшчы і БССР.

Невядома, ці сапраўды верыў Кушаль у існаванне антысавецкай партызанкі, але ў 1950 годзе ён ад імя Аб’яднання беларускіх ветэранаў даслаў ліст на імя дырэктара радыёстанцыі «Голас Амерыкі», заахвочваючы рабіць перадачы па-беларуску, бо яны «могуць быць пачутыя беларускімі партызанамі… на радзіме». Так ці іначай, у 1950 годзе адзін з агентаў вярнуўся ў Нямеччыну і заявіў, што місія была выкананая — яму ўдалося сустрэцца з прадстаўнікамі беларускай партызанкі на Палессі, за 20 км на ўсход ад Пінска, у раёне вёскі Качановічы. Другі агент яшчэ раней даслаў ліст, што «вяртаецца дадому» ў БССР.

Дакументы ў справе Кушаля ўтрымліваюць пераказ вынікаў допыту агента Антона Дуды-Моніча аб ягоным падарожжы ў БССР і назад, а таксама аналіз гэтай інфармацыі (аб гэтых дакументах ужо было згадана ў нумары «НН» ад 7 снежня 2016 года). У тым ліку маецца адказ Арганізацыі Гелена (заходненямецкая выведка) ад 30 кастрычніка 1950 года з высновай, што Дуда, магчыма, быў толькі ў ПНР, але ніколі — у Беларусі, а ягоны аповед, відавочна, сфальсіфікаваны самім Кушалем, што пацвярджаецца, між іншага, нежаданнем Дуды даваць іншым афіцэрам падрабязныя паказанні аб «беларускай партызанцы», а таксама тым фактам, што, параўнаўшы расповед Дуды з рапартам Кушаля, можна заўважыць, што апошні ведае аб «партызанах» значна больш.

Матывам для фальсіфікацыі, на думку аўтараў аналізу, было жаданне Кушаля павялічыць сваю вагу ў эмігранцкіх колах.

Арганізацыя Гелена, аднак, сцвярджала, што беларускіх партызанскіх групаў за жалезнай заслонай няма.

Недавер да інфармацыі Дуды быў падмацаваны тым, што пасля вяртання з-за мяжы ён выявіў нездаровую цікаўнасць да алкаголю і жанчын.

Кушаля ж, у сваю чаргу, амерыканцы падазравалі ў супрацы з савецкай дзяржбяспекай яшчэ ў 1939—1941 гг. — і, як нам цяпер вядома, не дарма: ён сапраўды быў завербаваны НКВД пад псеўданімам «Крымскі». Гэта, аднак, не замінула яму ў 1952 годзе зрабіцца агентам ЦРУ з крыптанімам CAMBISTA-10 у межах праграмы AEQUOR, якая прадугледжвала падрыхтоўку агентаў для перакідкі ў БССР у кантакце з Радай БНР.

Аповед аб гэтай праграме варты асобнага артыкула. У адной са справаздачаў супрацоўніка амерыканскай разведкі аб гутарцы з іншым дзеячам эміграцыі, былым бурмістрам акупаванага Менску Вітаўтам Тумашам (які працаваў з ЦРУ пачынаючы ад 1954 года пад крыптанімам AECAMBISTA-16), ёсць таксама цікавая згадка аб дзейнасці ў 1944—1945 гг. створанага абверам беларускага дыверсійнага батальёна «Дальвіц»:

на допыце ў CIC у 1950 годзе радыстка батальёна Юзэфа Брэчка сцвярджала, што пры канцы вайны атрымала ў Берліне 16 радыёпаведамленняў ад Вітушкі і памятала код для сувязі з ім. Як можна меркаваць, гэтая інфармацыя, аднак, ніякім чынам не прыдалася спецслужбам ЗША. Зрэшты, спробаў наладзіць сувязь з «беларускімі партызанамі» іншым спосабам яны не спынілі. Але гэта, зноў жа, ужо зусім іншая гісторыя.

Машыністка-вярбоўшчыца

Цікаўнасць да беларускіх уцекачоў выяўлялі не толькі амерыканскія спецслужбы, але і савецкая разведка.

Беларускі нацыянальны асяродак быў даволі моцна інфільтраваны савецкімі агентамі яшчэ з даваенных часоў — іншая рэч, што не ўсе завербаваныя агенты падтрымлівалі сувязь са спецслужбамі СССР і дзейнічалі падчас вайны ці пасля яе заканчэння ў паразуменні з імі — хутчэй, нават наадварот. Факт, аднак, што многія вядомыя дзеячы беларускага руху (такія як згаданы Францішак Кушаль, ягоная жонка Наталля Арсеннева, журналіст Антон Адамовіч, вайскоўцы Кастусь Езавітаў, М.Дзямідаў, М.Зуй, Р. Зыбайла і многія іншыя) былі завербаваныя НКВД, а пасля адыгрывалі немалыя ролі ў нацыянальным руху як падчас вайны, так і ў эміграцыі.

У паваенныя гады сярод эмігрантаў падазрэнні ў сувязях з Саветамі зрабіліся ўлюбёнай зброяй падчас палітычных баталіяў і самым эфектыўным сродкам скампраметаваць апанента — малаважна, з рэальнымі падставамі для абвінавачання ці без іх.

Цікава, што супрацоўніцтва з несавецкімі спецслужбамі таксама некаторымі лічылася заганай — так, прыхільнікі Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) пэўны час абвінавачвалі сваіх канкурэнтаў — сяброў Рады БНР — у тым, што апошнія «прадаюць беларусаў амерыканцам». Прытым бэцээраўцы супрацоўнічалі з брытанскай разведкай, а пазней і самі не пагрэбавалі прапановамі амерыканцаў аб аналагічным супрацоўніцтве. Але ўсё гэта справы больш-менш вядомыя. Цікавей напаткаць у падобных гісторыях след чалавека простага, нічым асаблівым не адметнага — такога, пра якога ніхто б ніколі і не падумаў, што ён можа быць замяшаны ў гэткія справы.

Станіслаў Станкевіч у міжваенныя гады і ў перыяд нямецкай акупацыі быў акурат дзеячам вядомым — падчас вайны ў розны час з’яўляўся бурмістрам Барысава і акруговым намеснікам БЦР у Баранавічах, потым, пасля уцёкаў нацыстаў з Беларусі, рэдагаваў у Берліне газету «Раніца». 16 траўня 1951 года датаваны рапарт у справе спробы вярбоўкі Станкевіча савецкай агенткай Нінай Літвінчык, якая ў 1945 годзе працавала машыністкай у Галоўным кіраўніцтве вайсковых справаў (ГКВС) БЦР у Берліне. Гэта, зрэшты, не дзіва — працавала ж у БЦР яшчэ ў Беларусі савецкая агентка Еўдакія Казёл (Казлова), ды й ці яна адна.

Паводле дакументаў CIC, Ніна Літвінчык была завербаваная, хутчэй за ўсё, ужо ў Нямеччыне, у 1947 годзе агентам савецкага МДБ і спрабавала прыцягнуць да супрацоўніцтва сваю сяброўку Ніну Якубовіч. Сама Літвінчык на той час ужо выйшла замуж за немца і праходзіць у большасці дакументаў пад іменем Nina Siem.

Станіслаў Станкевіч сведчыў, што Літвінчык, якую ён ведаў яшчэ з часоў працы ў Берліне, прапанавала яму супрацоўнічаць з савецкай разведкай за грашовае ўзнагароджанне (Саветы ведалі, што ён тады часова страціў працу). Калі Станкевіч адмовіўся, дзяўчына нагадала, што ягоныя бацькі застаюцца ў БССР і ім могуць пагражаць непрыемнасці.

Станіслаў Станкевіч. Фота з блога Наталлі Гардзіенка.

Станкевіч, аднак, паведаміў аб прапановах Літвінчык амерыканцам — супрацоўнічаць з камуністамі ён не жадаў «паводле ідэйных перакананняў».

Станіслаў Станкевіч у тым жа 1951 пачаў працаваць у мюнхенскім Інстытуце вывучэння СССР, які таксама каардынаваўся ЦРУ. Дакументы CIC сведчаць, што ў 1950, падаючы дакументы на пераезд у ЗША, Станкевіч фальсіфікаваў усю інфармацыю аб сваёй дзейнасці ў гады вайны, у выніку чаго яму было адмоўлена, і пераезд ягонай сям’і ў ЗША адбыўся толькі ў 1958.

Агентам ЦРУ Станкевіч зрабіўся яшчэ ў 1954, яму быў нададзены псеўданім AECAMBISTA-17 (тым не менш ён лічыўся ненадзейным, бо злоўжываў алкаголем і быў схільны да выкрыцця таямніцы).

Хоць у апублікаваных дакументах ЦРУ і няма доказаў непасрэднага ўдзелу Станкевіча ў знішчэнні яўрэйскага насельніцтва Барысава, з ліста дырэктара Офіса спецыяльных расследаванняў вынікае, што пры канцы лістапада 1980 года гэтая арганізацыя планавала перадаць справу Станкевіча ў суд, але, відавочна, не паспела: за два тыдні да таго ён памёр.

Кіднэпінг за спінамі разведак

У гэтай справе ўтрымліваецца таксама інфармацыя аб падазраванай у супрацоўніцтве з савецкай разведкай Ніне Якубовіч.

Ураджэнка Слонімшчыны, яна працавала ў беларускай адміністрацыі ў Слоніме, а пасля ў ГКВС БЦР у Берліне разам з Нінай Літвінчык і была яе блізкай сяброўкай. У Германіі яна выйшла замуж і нарадзіла пазашлюбнае дзіця, якім зацяжарыла яшчэ ў Беларусі. Хлопчык трапіў у нямецкі дзіцячы дом. У 1947 Якубовіч паведаміла CIC аб спробе яе вярбоўкі савецкімі агентамі.

Рэч у тым, што яна атрымала тэлеграму ад Літвінчык, якая паведамляла, што дзіця Якубовіч знаходзіцца ў Берліне ў прыёмных бацькоў. Ніна Якубовіч таемна прабралася ў савецкую зону акупацыі, але прыёмныя бацькі запатрабавалі ад яе спраўдзіць сваё мацярынства ў паліцыі. Дзяўчына прызналася паліцыянтам, што трапіла ў савецкую зону акупацыі нелегальна, і была пераведзеная ў савецкую камендатуру, дзе яе пачалі шантажаваць з-за супрацоўніцтва з немцамі падчас вайны і схіляць да «выкуплення грахоў».

Якубовіч атрымала заданне перадаць савецкай разведцы інфармацыю аб беларускіх уцекачах і іх супрацы з заходнімі спецслужбамі. Калі яна адразу ж паведаміла CIC аб перажытым, ёй ніхто не паверыў, таму яна наважылася вярнуцца ў савецкую зону зону акупацыі і здолела выкрасці сына.

Ніна Літвінчык была арыштаваная ў 1953 годзе і прызналася ў супрацоўніцтве з савецкай разведкай, але адмовілася называць канкрэтныя прозвішчы, бо баялася за сваю сям’ю, якая засталася ў Беларусі. Дзяўчына атрымала пяць год турмы.

Ніна Якубовіч з-за сваіх кантактаў з Літвінчык мела сур’ёзныя праблемы — ёй не давалі дазволу на пераезд у ЗША.

Барыс Данілюк, які падчас нямецкай акупацыі працаваў разам з ёй у Слонімскай акруговай управе, узгадваў: «Якія палітычныя перашкоды маглі быць у ейным прыездзе ў Амерыку, не магу ўявіць, бо не думаю, каб хто мог быць нагэтулькі неасцярожны, каб дапусціць яе да палітыкі ці ўзяць у які-кольвечы вывед».

Даследчык гісторыі беларускай эміграцыі Лявон Юрэвіч піша, што сын Ніны Якубовіч Юрка быў пазней выключаны са Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі «за дзейнасць, шкодную для арганізацыі».

Аднакласнік Вітушкі

Хаця асноўная ўвага амерыканскай разведкі была скіраваная на супрацу з Радай БНР, прыхільнікі Беларускай цэнтральнай рады таксама траплялі ў поле яе зроку — асабліва, калі яны былі датычныя да ваенных злачынстваў.

Эмануіл Ясюк, які нарадзіўся ў 1906 годзе на Наваградчыне, хадзіў у гімназію разам з Міхалам Вітушкам і быў ягоным блізкім сябрам, вучыўся ў міжваенныя гады ва ўніверсітэце ў Льежы (Бельгія) разам з кузэнам Вітушкі, Дзмітрыем Касмовічам, і атрымаў дыплом інжынера. Падчас нямецкай акупацыі Ясюк быў у розныя часы кіраўніком Клецкага і Стаўпецкага паветаў і сябрам БЦР — аднак перад прыездам у ЗША ў 1949 годзе ён гэтую інфармацыю прыхаваў.

У архіве ЦРУ знаходзіцца рапарт агента ФБР Стэнлі Леўчыка ад 14 верасня 1951 года, паводле якога таемны інфарматар «іншай урадавай арганізацыі» (маецца на ўвазе ЦРУ) сведчыў, што падчас нямецкай акупацыі Ясюк служыў у адным з аддзелаў баранавіцкай СД і вызначыўся жорсткасцю ды пераследам польскага насельніцтва.

Эмануіл Ясюк. Фота з блога Наталлі Гардзіенка.

Інфарматар абвінавачваў Ясюка ў складанні спісаў прадстаўнікоў польскай інтэлігенцыі ў Баранавіцкай акрузе (каля 30 чалавек, у тым ліку некалькі ксяндзоў), якія ў выніку былі расстраляныя. Гэтыя звесткі таксама пацвердзіў чалавек, названы ў рапарце «Wіodzimierz Sanko» (магчыма, маецца на ўвазе Уладзімір Сенька, былы кіраўнік паліцыі Нясвіжскага павета, пазней — афіцэр разведкі Бундэсвера).

Падчас праверкі перад пераездам у ЗША ў 1948 годзе Ясюк назваў сябе палякам і схлусіў, што падчас Другой сусветнай вайны працаваў садоўнікам у каталіцкім кляштары ў Ловічы каля Лодзі. На пазнейшым допыце ў ФБР у сваё апраўданне Ясюк заявіў, што пры праверцы прысутнічалі супрацоўнікі амерыканскага консульства ў Штутгарце, якія ў 1946 годзе прынялі яго на працу ў Камісію па перамешчаных асобах і ведалі аб ягонай сапраўднай дзейнасці падчас вайны (паводле амерыканскага даследчыка Марка Аляксандра, гэтыя супрацоўнікі з’яўляліся афіцэрамі контрразведкі, а Ясюк быў іх інфарматарам).

Ясюк адпрэчваў усе закіды ў супрацы з нацыстамі, настойваючы, што беларуская адміністрацыя была незалежнай ад немцаў, і толькі ў выпадку з’яўлення у акрузе камуністаў ён вымушаны быў бы выдаць іх немцам (камуністаў, аднак, паводле яго словаў, у акрузе не было наогул). Што да абвінавачання ў датычнасці да смерці ксяндзоў, ён сцвярджаў, што адзіным святаром (праваслаўным), які загінуў падчас нямецкай акупацыі, быў ягоны цесць, забіты «расійскімі дыверсантамі».

Вяртання на радзіму Ясюк баяўся з той прычыны, што ягоны брат Дзяніс нібыта трапіў у рукі савецкім уладам і быў павешаны ў прысутнасці сваёй сям’і.

Жонка калабаранта

Завяршаецца рапарт інфармацыяй аб намеры Ясюка ажаніцца з грамадзянкай ЗША. Той факт, што ў Беларусі Эмануіл Ясюк ужо быў жанаты, нарачоную не бянтэжыў — ён нібыта не мог запытаць дакументы аб згодзе на развод,

бо лічыўся на радзіме ваенным злачынцам. Адметна, што агенты ФБР не надта зналіся на геапалітычных рэаліях і меркавалі, што родныя мясціны Ясюка надалей знаходзяцца ў Польшчы. Сам Эмануіл Ясюк сцвярджаў, што яго жонка і дзеці былі забітыя камуністамі ў 1939 годзе. Іван (Ян) Калоша, супрацоўнік беларускай адміністрацыі ў Нясвіжы, тым не менш сведчыў, што жонка Ясюка, Настасся (Ната) Ждан, працавала падчас нямецкай акупацыі настаўніцай у Лані, і ён бачыў яе ў лагеры для перамешчаных асобаў у Рэгенсбургу ў 1949 годзе. На пазнейшым допыце, аднак, Ясюк запярэчыў, што гэтыя звесткі адносяцца да ягонай сваячніцы. У «Эпізодах» Яўхіма Кіпеля таксама ёсць згадкі аб «спадарыні Ясюк», датаваныя 1949 годам — з кантэксту вынікае, што ідзецца акурат пра жонку. Паводле сведчання Івана Калошы, у Рэгенсбургу сям’я Ясюкоў з’явілася разам з Аляксандрам Русаком — яшчэ адным супрацоўнікам баранавіцкай СД.

Супрацоўніцтва Эмануіла Ясюка з амерыканскімі спецслужбамі ў Заходняй Нямеччыне дапамагло яму зрабіцца адным з першых беларускіх эмігрантаў, што трапілі ў ЗША. Тут Ясюк быў віцэ-старшынёй Беларускага кангрэсавага камітэта Амерыкі і заснавальнікам Саюза амерыканска-беларускіх ветэранаў.

Ён памёр у 1977 годзе, за два гады да стварэння Упраўлення спецыяльных расследаванняў, якое пазней пачало вывучаць дзейнасць беларускіх калабарантаў падчас вайны — у тым ліку і ягоную.

Злачынец без грамадзянства

Браты Іван і Аляксандр Аўдзеі падчас нямецкай акупацыі таксама супрацоўнічалі з баранавіцкай СД і былі прызначаныя кіраўнікамі Нясвіжскага і Стаўпецкага паветаў адпаведна.

Вядома, што Аляксандр быў жанаты з выпускніцай Віленскай беларускай гімназіі Любай Марцінчык, сястрой вядомага заходнебеларускага дзеяча Міколы Марцінчыка. Калі браты Аўдзеі напачатку 1950-х займелі намер перасяліцца ў ЗША, іх актыўнасць у часы вайны выклікала цікаўнасць адпаведных службаў.

Паводле дакументаў, якія ўтрымліваюцца ў справе Івана Аўдзея, у 1942 годзе ён разам з ужо згаданым Іванам Калошам у Нясвіжы склаў спіс са 120 імёнаў «палітычна небяспечных» палякаў (выкладчыкаў, святароў, вайскоўцаў). Прытым І. Аўдзей асабіста браў удзел у расстрэле арыштаваных (80 чалавек, у тым ліку 4 ксяндзы і 5 манашак) 5 жніўня 1942 года ва ўрочышчы Гайкі за 11 км ад Нясвіжа, за што атрымаў ад польскага падполля смяротны вырак. Таксама І. Аўдзей абвінавачваўся як актыўны ўдзельнік знішчэння некалькіх тысяч габрэяў у ваколіцах Нясвіжа.

У выніку у 1980 годзе Міністэрства юстыцыі ЗША падало супраць І. Аўдзея пазоў за фальсіфікацыю паказанняў падчас запаўнення дакументаў на выезд у ЗША (акрамя ўтойвання фактаў біяграфіі, сваю нацыянальнасць ён падаў як літоўскую). У 1984 годзе яму было дазволена добраахвотна адмовіцца ад амерыканскага грамадзянства, не даводзячы справу да суда, і выехаць у ФРГ. Іван Аўдзей зрабіўся адзіным удзельнікам беларускага руху часоў нацысцкай акупацыі, які быў пазбаўлены амерыканскага грамадзянства ў выніку здзейсненых ім злачынстваў.

Антон Рудак, Наша Ніва


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика