Пад такім назовам у славенскім выдавецтве “Літара” ў кніжнай серыі “Паэтыконава ліра” выйшла пяцімоўная анталогія сучаснай паэзіі. Змест анталогіі склалі вершы дзесяці аўтараў са Славеніі, Італіі, Харватыі, Латвіі і Беларусі – удзельнікаў сёлетняга міжнароднага паэтычнага фестывалю ў славенскай Быстрыцы.
Беларусь на фестывалі прадстаўляў паэт Эдуард Акулін, і менавіта ягонымі творамі пачынаецца згаданая анталогія. Пяць вершаў знанага паэта адначас загучалі на славенскай, італьянскай, харвацкакй і латышскай мове. У сваю чаргу Эдуард Акулін паспрыяў таму, каб па-беларуску ў анталогіі загаварылі славенскія паэты: Іван Добнік, Анюша Белехар, Цветка Беўц, Мірыям Дрэф, Станка Храстэль, Марчэла Патоццо, а таксама італьянскі паэт Хрісціян Сініццо, харват Браніслаў Аблучар і латышская паэтка Дагнія Дрэйка. Варта адзначыць, што анталогія выйшла ў цудоўным паліграфічным выкананні, а ўкладальнікам і рэдактарам яе з’явілася дырэктар Быстрыцкага фестывалю Надзя Добнік.
Адначасова выйшаў чарговы нумар люблянскага літаратурнага часопіса “Паэтыкон”, дзе творчасць Эдуарда Акуліна была прадстаўлена вялікай нізкай вершаў у перастварэнні маладой славенскай перакладчыцы і паэткі Анюшы Белехар.
Па словах галоўнага рэдактара “Паэтыкона” Івана Добніка – гэта толькі першыя ластаўкі беларуска-славенскага сумоўя. У бліжэйшых планах выдавецтва “Літара” падрыхтоўка да выхаду ў свет беларуска-славенскай Анталогіі паэзіі, у якую па задуме складальнікаў увойдуць творы 30 сучасных беларускіх і славеннскіх аўтараў. Выхад Анталогіі запланаваны на 2009 год. А ў новых нумарах “Паэтыкона” у перакладзе на славенскую мову рыхтуюцца да друку вершы народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча і верлібры Барыса Пятровіча.