Мы зноў паглыбляемся ў гурты, чыя музыка нічым не суступае, а часам і пераганяе больш вядомыя калектывы ў сусвеце беларускай музыкі. Яскравых запалак тут больш чым хапае. Сёння мы занурымся ў гісторыю і музыку гурта, які насамрэч ужо стаў класікай у беларускім року і бардаўскай музыцы, але, як і большасць нашай класікі, даволі слаба вядомы сярод вялікай аўдыторыі. Таму наперад, на цэпеліны! Кася Камоцкая і гурт “Новае Неба”! Гэта мы!
Гісторыя гурта пачалася ў 1991 годзе, і праіснаваў ён, калі глядзець на дыскаграфію, да 2005 года. “Новае Неба” з большага абапіралася на сваю заснавальніцу і салістку – вядомую выканаўцу Касю Камоцкую. Сам жа праект нарадзіўся з супрацы Камоцкай і гітарыста Лявона Шырына, але ў новым гурце адзіным пастаянным удзельнікам заставалася Кася, а астатнія выступалі ў гурце перыядамі.
Але перад тым як працягнуць аповед, давайце крыху ўспомнім біяграфію асноўнай гераіні гэтага яксравейшага эпасу 90-х – Касі Камоцкай.
Кася Камоцкая (дзявочае прозвішча – Чалей) – музыка, прадзюсарка, журналістка і гісторык. Нарадзілася Кася ў Мінску у 1963 годзе. Бацькі спявачкі былі фізікамі, але ў Камоцкай прафесійны лёс ніяк не быў звязаны з гэтай сферай. Сярэднюю адукацыю будучая выканаўца атрымала ў сярэдняй школе №24 у Мінску, якая мела ўхіл з нямецкай мовай. Дарэчы, калі верыць чуткам, то Кася Камоцкая яе нармальна ведае і па сённяшні дзень. Ну а далейшае навучанне яна працягнула на гістфаку БДУ. Чаму гісторыя? Як казала сама спявачка, яна абірала хутчэй па простасці навучання, чым ад жадання вывучаць гэтую спецыяльнасць, а да самой сістэмы адукацыі Кася Камоцкая ставілася не надта сур’ёзна. Але нягледзячы на гэта, пасля атрымання дыплома спявачка скончыла аспірантуру – не простую, а па спецыяльнасці “навуковы камунізм”! Так, у савецкія часы такое было, прадстаўнікі пастсавецкага пакалення!
Тут з навучаннем і працай можна скончыць. Пераходзім да творчасці. Першыя спробы сумеснага спявання ў Касі былі з яе першым мужам – Алесем Камоцкім, але дуэт не пратрымаўся доўга. Пасля гэтага спявачка пэўны час спявала адна, пакуль яе муж не параіў ёй гітарыста Лявона Шырына. Адсюль і пачынаецца “Новае Неба”.
Першы склад быў абсалютна акустычны, а першы альбом гурта пабачыў свет у 1991 годзе і называўся “Дзеці чорнага горада”. І вось тут гісторыя заканчваецца, а пачынаецца дыскаграфія. Вызначыць у “Новым Небе” дакладны склад немагчыма, як і пэўны час спынення гэтага праекта. У любым разе, гурт-праект падарыў беларускай музыцы ажно 8 альбомаў. Але з адной агаворкай – з іх 2 зборнікі і адзін live-альбом, таму “ўнікальных” усяго 5. З прэмій варта адзначыць тры:
- Рок-каранацыя – 1994. Рок-карона (альбом “Сон у трамваі”)
- Рок-каранацыя – 1995. Рок-князёўна (Кася Камоцкая)
- Рок-каранацыя – 1996. Рок-князёўна (Кася Камоцкая)
Сярод удзельнікаў “Новага Неба” можна згадаць наступных асобаў: Лявон Вольскі, Вячаслаў Корань, Алег Дземідовіч, Юрась Ляўкоў, Юля Глушыцкая і іншыя.
Але мы не біёграфы, а аматары якаснай беларускай музыкі! Таму дастаем калонкі, запрашаем сяброў, рэгулятар гучнасці на максімум і рэйвімся пад адзін з самых значных музычных праектаў Беларусі ў 90-я!
Дыскаграфія:
- Дзеці чорнага горада (1991)
- Сон у трамваі (1994)
- Go home (1995)
- Мая краіна (1996)
- Песні розных гадоў (зборнік, 1999)
- Cepieliny (1999)
- Акустыка (live-запісы, 2005)
- Лепшае (зборнік, 2006)
З кліпаў найбольш цікавы “Цэпеліны”. Гэты зацяты стымпанк з ноткамі пастмадэрну дагэтуль можа выклікаць цэлую палітру эмоцый! Must have!
У канцы варта дадаць, што наша гісторыя музыкі, на жаль, пакідае пасля сябе цэлы шэраг белых плямаў. Губляюцца гісторыі гуртоў, самі песні, альбомы, іх крытыка… Запалкі гараць яскрава, потым згасаюць, а памяць ператвараецца ў чорную пустэчу. Як жа захаваць гэтую спадчыну? Як выратаваць найяскравейшыя творы беларускай музыкі? Адказ просты – слухаць, захоўваць, перавыдаваць альбо выдаваць кнігі, сайты, дзе будзе гэты ўвесь скарб сабраны. Усе ведаюць па датах гісторыю The Scorpions, якія існуюць яшчэ з 70-х, а ў нас могуць узнікаць цяжкасці з музыкай 90-х. А наконт Касі Камоцкай… Тут можа быць яшчэ шмат чаго. Спявачка перыядычна выступае, рэалізуе сябе не толькі ў музыцы, але і ў кіно, публіцыстыцы, таму можна быць спакойным: яе творчасць будзе доўга жыць, а можа, Кася яшчэ нават здзівіць нас нечым новым і нечаканым.
Багдан Сакалоў