У Палацы спорту адбыўся канцэрт гурта «Чайф» — «бадзёрых уральскіх старцаў», як іранічна называюць сябе музыкі. Падчас двухгадзіннага выступу яны выканалі новыя песні і, вядома ж, знаёмыя ўсім хіты, якіх прагна чакала публіка.
«Ну як вы, жыхары казачнага каралеўства?» — звярнуўся да мінчукоў Уладзімір Шахрын, і беларускі глядач, схільны да пошукаў падтэкстаў, мог вырашыць, што спявак альбо кпіць, альбо, як і многія госці з Расіі, захапляецца ўяўным беларускім дабрабытам. Але сапраўдныя прыхільнікі «Чайфа» ведаюць, што так Шахрын звяртаецца да жыхароў абсалютна любога горада — і мегаполіса, і правінцыі — усе каралеўствы для яго казачныя.
Пачалі з найменш вядомых песняў. Публіка паступова разагравалася, некаторыя пары на танцпляцы выдавалі сапраўдны бугі-вугі, дэманструючы нечалавечую гнуткасць і харэаграфічную фантазію. Але ўсе прагнулі настальгіі. «Бутылка кефира, полбатона!», «Семнадцать лет!» — даляталі да сцэны, бы рэдкія памідоры сярод бурных авацый, просьбы нецярплівых прыхільнікаў.
«Харош падказваць артысту, — гітарыст Уладзімір Бегуноў, які часам выдае жарты на мяжы фолу, а калі-нікалі і не баіцца ўжыць моцнае рускае слоўца са сцэны, пакеплівае з крыклівага гледача. — Чамусьці аб’ём грудзей большы ў дзяўчат, а на канцэртах равуць заўсёды пацаны. Мне ўвогуле дзіўна, калі мужчыны крычаць мне: «Вова, давай!», я ж не хакеіст».
«Чайф» часта іранізуе наконт свайго перадпенсійнага ўзросту. Пры гэтым выглядаюць удзельнікі вельмі жвавымі, іх рухі энергічныя, гітары гучаць пераканаўча, а галасы — молада, гэтаксама як з тэлевізара дзесяць гадоў таму. Так што калі мець не надта добры зрок і стаяць далёка ад сцэны, можна ўявіць, што табе «снова 17» і ты трапіў на канцэрт «Чайф» у 90-я.
Дарэчы, Уладзімір Шахрын спрабаваў трохі згадаць бурнае рокавае мінулае, звязанае з Мінскам, і расказаў, што менавіта ў Мінску ў канцы 80-х ён адзіны раз у жыцці выкінуў з акна тэлевізар. «Вялізны, лямпавы, — удакладняе ён, — сённяшнія плазменыя паляцелі б як фанера над Парыжам»
«Дзядуля, давай, палі!» — падаграваў калегу Шахрын. Усяго дзень таму гітарыст Уладзімір Бегуноў сапраўды набыў статус дзядулі, нараджэнне ўнука напярэдадні канцэрту адзначалі ўсім гуртом. У знак удзячнасці за новае жыццё Бегуноў сімвалічна згаліў бараду, з якой раней не расставаўся.
«Раней у юнацтве, калі ў нас пыталіся, што мы граем, мы адказвалі: «пост-біт-недапанк». Цяпер, калі ў нас ужо ўзрост, мы кажам, што «Чайф» — гэта ансамбль старадаўняй музыкі, так што вы амаль у філармонію схадзілі, — жартуе Шахрын. — Мы граем песні мінулага стагоддзя, для тых, каму за».
Але калі глядзіш на часам зусім юныя твары ў зале, робіцца ясна, што меркаваны ўзрост аўдыторыі яўна перабольшаны. Відаць, аўдыторыя «Чайфа» пастаянна амалоджваецца. На танцпляцы можна было бачыць і камлюкаватых моцных мужычкоў, якія цяжка скокалі, паклаўшы рукі на плечы адзін аднаму, і зусім школьнікаў, якія ведалі словы ўсіх песняў. Сям-там можна было заўважыць дзяўчат ва ўсім аранжавым — сімвалічны колер гурта, а зрэдку мільгалі і аранжавыя каскі, якія фанаты «Чайфа» надзяваюць на канцэрты ўжо больш як 10 гадоў.
Больш сталая і сур’ёзная публіка пакутавала на трыбунах, часам усё-ткі ўскокваючы і намагаючыся танчыць, а часам можна было назіраць, як усе людзі строга сядзяць на сваіх месцах і падпяваюць, шырока раскрываючы раты, і ўзнікала сюррэальнае ўражанне, што яны спяваюць у вялікім акадэмічным хоры.
Адспяваўшы новыя песні, «Чайф» даў публіцы тое, што яна патрабавала, — тыя самыя шлягеры, якія жывуць у кожнай галаве і дагэтуль спяваюцца пад гітарку ля вогнішча, замаўляюцца на карпаратывах ды гарлапаняцца падлеткамі ў пераходах.
«Для тых, хто трапіў сюды па запрашальніках як перадавік вытворчасці і ўпэўнены, што знаходзіцца на канцэрце «Чай вдвоём», мы выканаем песню, якую ведаюць дакладна ўсе, яе спяваў Гагарын на арбіце, і мама мармытала над вашай калыскай», — прамовіў адпрацаваны жарт Уладзімір Шахрын і заспяваў знакамітае «Никто не услышит».
«По телеку рядятся, как дальше жить», — ён павярнуў мікрафон у залу: «Достали!» — злосна выгукнула зала, быццам на плошчы ля Дома ўраду. «Ой-ё-ё», — публіка самазабыўна падвывала гімну самотніка.
«Адчуваю, што блізкі да таго, каб сарваць голас, але зараз будуць такія песні, якія вы зможаце спяваць і без мяне», — паабяцаў Шахрын і выдаў усю абойму: «Кто-то хитрый», «Шаляй-Валяй», «Белая ворона», «Оранжевое настроение», «Поплачь о нём», «Не спеши», а на «біс», кантрольным, — «Аргентина-Ямайка — 5:0». Відаць, голас сарвалі многія прыхільнікі, бо так імпэтна падпявалі, быццам сядзелі ля вогнішча ў піянерлагеры ў самай душэўнай кампаніі.
Выступ падыходзіў да канца, Уладзімір Шахрын прадэманстраваў зале «мярзаўчык» з нейкай вадкасцю на самым дне, патлумачыўшы: «У мяне тут напой Мішак Гамі. Калі я яго дапіваю, то і канцэрт заканчваецца», чым зноў асацыятыўна адаслаў гледачоў кудысьці ў 90-я.
Аляксандра Халопік
Фота: Аляксандр Tarantino Ждановіч