This movie requires Flash Player 9
15.10.2014 | Музыка

Час Сыса. Топ-12 песень на вершы Паэта (аўдыё/відэа)

Вершы Сыса у выкананьні “Палацу”, Касі Камоцкай, Аляксандра Памідорава, Vinsent’а, Сяржука Долгушава, Андрэя Мельнікава, Ілоны Карпюк, Алены Аракелян, Алеся Кот-Зайцаў і самога паэта.

У 1988 годзе выпадкова ў адным памяшканьні сабралася пяць найлепшых беларускіх паэтаў. Чаму найлепшых? Таму што мы ўпяцерох вырашылі, што мы найлепшыя, што мы любім адзін аднаго і што мы вырашым нарэшце хто ў Беларусі найлепшы паэт. Гэта былі Ўладзімір Някляеў, Леанід Дранько-Майсюк, Анатоль Сыс, Уладзімір Сцепаненка і я. І мы прачыталі па адным вершы самым найлепшым і потым кожны назваў лепшага з нас. І так атрымалася, што мы прызналі, што найлепшы з нас – Анатоль Сыс”. Гэтую гісторыю прыгадаў Адам Глобус на канцэрце памяці Анатоля Сыса ў Чырвоным касцёле ў 2006 годзе. Песень на вершы найлепшага беларускага паэта пры яго жыцці склалася не так і шмат. Больш актыўна, як падаецца, да яго творчасці звяртаюцца ў нашыя дні. Вашай увазе – падборка абраных песень, напісаных на Сыса і паводле Сыса – у час Сыса і пасьля Сыса.

Уласна і сам паэт нібы сьпяваў, калі чытаў свае вершы. Рэдкая справа, каб на галоўнай сцэне “Басовішча” чыталася паэзія. Захаваўся запіс, як Анатоль Сыс выступае на фэсьце музыкі маладой музыкі.

Андрэй Мельнікаў – Слёзы

Аўтар знакавай песні “Гэта мы!” пяе на вершы Сыса яшчэ з пачатку 90-х, але гэтая кампазыцыя запісаная ў 2008 для праекту “Сысаў псалтыр”. Андрэй называе песьню “Слёзы” блюзам, бо ў верша відавочна блюзавая рытміка. Назваць адзін з сваіх альбомаў “Сысаў псалтыр” выканаўца вырашыў тады, калі адчуў, што ў гэтым творы ёсць паралелі з першымі трыма вершамі трэцяга Псальма.

Ilo&friends – Сланечнікі

Гэты ж безназоўны верш са зборніку “Пан Лес” убачыла па-свойму Ілона Карпюк ды яе праект Ilo&Friends. Са слоў сьпявачкі, гэта верш, які немагчыма абмінуць увагаю. Музыкі імкнуліся надаць гэтай кампазіцыі пазітыву, хоць сам тэкст аптымістычным не назавеш. Кампазіцыю ўпрыгожыў саксафон Клаўдзія Багусловіча. Сябра Сыса, добры знаўца паэзіі і музыкі – Алесь Бяляцкі як пачуў гэтую песьню, заасацыяваў яе з Pink Floyd часоў Division Bell. Ilo&Friends лічаць “Сланечнікі” настолькі важным творам у сваімі рэпертуары, што назвалі ў гонар яе свой альбом (2011), зрабілі цудоўны кліп. Песьня таксама стала саўндтрэкам да стужкі Мікола Ваўранюка “Сыс пра Сыса”.

Новае Неба – Залатыя краты

“Пісаць на Сыса проста немагчыма, бо ў яго вершы самадастатковыя і яны самі па сабе жывуць”, – неяк казала Кася, якраз перад выкананьнем блоку песень на яго вершы. Частка верша “Сэрца” з нізкі “Песні пра сына” была пакладзеная на музыку гуртом “Новае Неба” і выйшла на CD «Цэпеліны” у 1999 годзе. Песьня атрымала назву “Залатыя краты”.

BosaeSonca – Псыхіятрычная

Гэтая цудоўная кампазіцыя напісаная паводле фрагменту з паэмы “Алаіза”, яна адкрывае акустычны альбом гурта Алеся Ката-Зайцава “Адпусьці”. Алесь наогул зьяўляецца вялікім прыхільнікам паэзіі Сыса і называе яго адным з сваіх улюбёных паэтаў.

Vinsent – Паэт

Праграмны твор Сыса з зборніку “Пан Лес” (1989) ўразіў Вінсэнта. Уразіў настолькі, што спявак вырашыў пераўвасобіцца ў гэтага самага паэта, скарыстаўшы бадай што самы галоўны фотаздымак Сыса. Верш Вінсэнт вырашыў не праспяваць, а прадэкламаваць для праекту “Літара-А”.

Сяржук Долгушаў – Колькі

Лідэр гуртоў Fratrez і Vuraj, арганізатар “Сьпеўных сходаў” – вялікі аматар паэзіі Сыса. Па нэце гуляе яго “Птушка трохкрылая” на малавядомы верш паэта. Пакладзены ім на музыку і верш “Колькі” з зборніку “Агмень” (1988), які крануў сьпевака сваім рэвалюцыйным духам.  “Гэта крык з глыбіні, які больш не спыніць і не стрымаць. У ім – набалелае, унутраны  боль за цяперашні час, за краіну і за яе лёс”, – тлумачыць выканаўца свой выбар. Запіс гэтай песьні зроблены на радыё Свабода ў 2013.

Кася Камоцкая – Мая белая лебедзь

Бадай што адна з самых вядомых песень на Сыса і адна з галоўных візітовак Касі Камоцкая. Яна ўвайшла ў складанку “Вольныя танцы. Слухай сваё” – першую ў гісторыі CD-складанку беларускамоўных выканаўцаў. Музыку да яе Кася напісала разам з салістам гурта “Kriwi» Зьмітром Вайцюшкевічам, які задумаўся ўжо пра пачатак сольнай кар’еры. Сьпявачка прыгадала, што калі яна прасьпявала ўпершыню гэтую песьню, першая рэакцыя знаўцы мовы Вінцук Вячорка была такая: “У беларускай мове лебедзь няма слова “лебезь” у жаночым родзе, толькі ў мужчынскім”. А потым зрабіў паўзу і дадаў: “А цяпер ёсць”.

Павал і Алена Аракеляны – Я дарэшты ў тваёй уладзе

Вядомы беларускі саксафаніт і піяніст Павал Аракелян упершыню прачытаў вершы Сыса і абамлеў: “Ягоная паэзія кранула мяне, як не кранала паэзія ніколі, яна аказалася да болю блізкай і гэта ўсё скончылася паўнавартаснай музычнай праграмай на яго вершы”. “Я дарэшты ў тваёй уладзе” – частка з той праграмы, задуманай у 2012 годзе. У працу над ёй уключыліся таксама джазавая спявачка Алена Аракелян, сястра Паўла, і гітарыст этна-трыё “Троіца” Юры Дзмітрыеў. Песні створаныя і выконваюцца на канцэртах Аракелянаў. Сярод іншага пакладзеныя на музыку вершы «Пайду туды, адкуль прыйшоў», «У нябёсах маіх дагараюць вагні», «Апакаліпсыс», «Натхненьне». Музыкі шукаюць фінансаваньне, каб праграму належным чынам запісаць у студыі.

Палац – Птушка

Твор, які гарманічна ўліўся ў рэпертуар гурта Алега Хаменкі невыпадкова прымаецца публікай за народны, хоць і ўзяты з зборніка Сыса “Пан Лес” (1989). У зборніку верш так і пазначаны “З народнага”. Ён прысвечаны даўняму беларускаму звычаю: калі нецвярозы сын запозна вяртаўся дадому, маці не пускала яго ў хату, ажно да таго моманту, пакуль ён не сустрэне світанак і не “ачысьціцца”, пабачыўшы Сонца. “Птушка” увайшла ў альбом “Палацу” – “Кола грукатала” (2012).

BosaeSonca – Неба

Увасоблены музычна фрагмент з паэмы “Алаіза” – узорны прыклад па спалучэньню паэзіі і музыкі. Для аўтара кампазіцыя Алеся Ката Зайцава, які выконвае гэты твор практычна на кожным сваім выступе з гуртом BosaeSonca, гэтая песьня зьяўляецца ўласна ўвасабленьнем Беларусі ў вобразах і словах. “Яна крыху сумная, але сум гэты сьветлы і чысты. Думаецца мне, што ў нейкай ступені так Беларусь і жыве — у чыстым, сьветлым суме”, — кажа Алесь.

Аляксандр Памідораў – Поўня

Памідораў называе Сыса “найвялікшым пасля Купалы беларускім паэтам” і часта выконвае на сваіх сольных выступах песні на яго вершы. “Поўня” (і яшчэ адна кампазіцыя – “Песня пра сына”) упершыню прагучалі на канцэрце-памяці Анатоля Сыса ў Чырвоным касцёле ў 2006. Неўзабаве будзе выкладзены бутлег з запісам таго ўнікальнага канцэрту, дзе свае песні на Сыса спяваць Кася Камоцкая, гурты “Палац” і Indiga, Аляксандр Памідораў і Лявон Вольскі.

12-м трэкам у нашай падборцы будзе песня, якая адкрые праект “Перазагрузка-3» (Global Reload) – першы ангельскамоўны твор на верш Анатоля Сыса ў выкананьні вядомага замежнага артыста. Яго прэм’ера адбудзецца 24 кастрычніка, напярэдадні 55-годдзя паэта, на сайтах Tuzin.fm i Budzma.by

Сяргей Будкін


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика