Увечары 16 траўня ў галерэі “Ў” адбываліся дзіўныя рэчы. На ўваходзе дзяжурылі памежныя войскі, а ўнутры ажыццяўляўся сапраўдны пашпартны кантроль. Першыя былі ў савецкай даваеннай форме, другія – у польскай. І тыя, і тыя шукалі кантрабандыстаў… Такім чынам прэзентацыя новых выданняў Сяргея Пясэцкага ператварылася ў сапраўдную тэатралізаваную дзею.
Увазе слухачоў прапаноўваліся два раманы – “Человек, превращенный в волка” і “К чести организации”. Дзякуючы беларускаму выдавецтву “Рэгістр” гэтыя творы польскага пісьменніка беларускага паходжання ўпершыню пабачылі свет па-руску. Пры гэтым была атрыманая асабістая згода цяперашняга праваўладальніка – унучкі Пясэцкага.
Прэзентацыю вёў музыка Піт Паўлаў, вялікі аматар творчасці аўтара. Ён і ўзяўся расказаць прысутным пра пакручасты жыццёвы шлях агента ангельскай, французскай і польскай выведкі. Пра тое, як ён хадзіў у лес, як падсеў на какаін, як трапіў у турму, дзе і вырашыў стаць пісьменнікам, хоць быў не тое каб дужа пісьменны.
У выдадзеных творах апісваецца віленскі перыяд жыцця Пясэцкага, калі ў час Другой сусветнай ён жыў у Вільні. Тады ён ужо здабыў славу і нават намінаваўся на Нобеля. Героя твораў завуць Юзаф Кавальскі, але ў гэтым персанажы можна з лёгкасцю пазнаць самога пісьменніка, якога нашы выдаўцы ўжо ахрысцілі “беларускім Джэймсам Бондам”.
“Чаго мы хочам цяпер ад Пясэцкага? – задалася пытаннем адна з выступоўцаў, дырэктарка Нацыянальнага архіўнага музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка і сама ж адказала: – Не толькі добрага і цікавага чытва, але і ўвядзення яго ў наш культурны кантэкст”. Творчасць Пясэцкага сур’ёзна вывучаюць у Еўропе. Паводле яго твораў знялі не адзін фільм, але ў Беларусі ён застаецца малавядомым, хоць пісаў якраз пра беларускую гісторыю, і дзеянне яго твораў адбываецца ў Ракаве, Ляхавічах, Баранавічах. Ён піша пра дзейнасць польскіх спецслужбаў у Заходняй Беларусі і пра кантрабандыстаў, якія рызыкавалі штохвілінна, пераходзячы савецка-польскую мяжу. “Назваць героя яго фактычна аўтабіяграфічных твораў станоўчым персанажам цяжка, але ўсё адно ён выклікае сімпатыю”, – кажа прадстаўніца выдавецтва “Рэгістр” Таццяна Фалалеева. Яна, дарэчы, вяла перамовы з унучкай Пясэцкага наконт рускага выдання. Выявілася, што тая дазналася пра свайго славутага дзеда толькі ў 1989 годзе, калі мінула ўжо 29 гадоў ад дня яго смерці. Апошнія гады Пясэцкі жыў у Англіі і, паводле некаторых звестак, чытаў лекцыі ў шпіёнскай школе.
Пад канец імпрэзы Піт Паўлаў пры падтрымцы Алезіса Дземідовіча даў невялікі канцэрт і выканаў песні, так ці інакш звязаныя з Пясэцкім. У тым ліку і ўласна “Кантрабандыста” з “Народнага альбома”. Падчас яе ў зале з’явіўся і сам ракаўскі кантрабандыст ды ўсеўся на першы шэраг. З іншага кута нечакана выйшаў савецкі чэкіст і, перапыніўшы музыкаў, заявіў, што канцэрты неабходна ўзгадняць. Праўда, пахадзіўшы між гледачамі і падумаўшы, злітаваўся ды сказаў: “Продолжайте отдыхать, товарищи”. Ну а ў фінале імпрэзы ўсіх чакаў “кантрабандысцкі” фуршэт з гарэлкай, салёнымі гуркамі, салам ды цыбуляй.
Кнігі “Человек, превращенный в волка” і “К чести организации” ўжо з’явіліся ў продажы. У кнігарні “Ў” кожная з іх каштуе 132 300 руб. Выдавецтва “Рэгістр” збіраецца выдаваць творы Пясэцкага і надалей, калі цікавасць да яго будзе адчувальнай.
Тэкст: Сяргей Будкін, budzma.org
Фота: Антон Ганчарэнка, ИПА “Регистр”