На выхадных у Мінску завяршыліся спаборніцтвы, па выніках якіх сфармуюць нацыянальную зборную на першынства свету.
Фінальныя двубоі чэмпіянату Беларусі па муай-тай прайшлі ў нядзелю, 29 сакавіка, у сталічным лёгкаатлетычным манежы па вуліцы Каліноўскага. Сюды з’ехаліся бадай усе нашы суперзоркі, якіх мала ведаюць на Бацькаўшчыне, але пазнаюць у многіх іншых краінах свету.
Гэта саліст Brutto Віталь Гуркоў (клуб “Патрыёт”), Дзмітрый Варац (клуб “Булат”) і Андрэй Кулебін (клуб “Кік-файтэр”). Усе яны перамаглі і будуць адстойваць гонар Беларусі на чэмпіянаце свету ў Тайландзе (важны старт адбудзецца ў жніўні). “Баец у вышыванцы” Дзмітрый Валент назіраў за спаборніцтвамі з трыбунаў, бо толькі-толькі вярнуўся з пераможнай для сябе сусветнай Універсіяды.
Цікава, што такія статусныя спаборніцтвы выклікаўся здымаць расійскі тэлеканал “Баец”. Штодня на чэмпіянаце прысутнічала каля 700 гледачоў, што рэдка здараецца падчас рэспубліканскіх стартаў па многіх алімпійскіх відах спорту.
Цікава і тое, што спаборніцтвы былі аформленыя цалкам па-беларуску. Гэта тычыцца і банераў, і лагатыпу чэмпіянату, і дыпломаў, якія ўручаліся пераможцам.
Піяршчык Максім Гаўрыленка не толькі спрычыніўся да арганізацыі чэмпіянату, але і баксіраваў сам, узяў медаль
Юрась Булат і Дзмітрый Варац
Віталь Гуркоў
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч