Нечаканы дуэт у складзе Аляксандра Памідорава і журналіста Паўла Свярдлова прадставіў публіцы сваю праграму, іранічна-зларадна названую “Чорныя грушкі пагрому”. Яе асновай сталі песні, напісаныя пасля падзеяў снежня 2010 года. Вытрыманыя песні ў стылістыцы праўдзівага шансону.
Канцэрт рок-каралёў Беларусі мінулага года прыпаў на 11 верасня, таму Аляксандр Памідораў у самым пачатку згадаў пра гадавіну жахлівай катастрофы. У адпаведным жалобным стылі былі зробленыя і афішы мерапрыемства. Зрэшты, выканаўца заўважыў, што сумаваць, можа, і не атрымаецца. Музыкі падрыхтавалі велізарную праграму, якую давялося падзяліць ажно на тры дзеі, акурат як у оперы. Анансавалася шмат прэм’ераў і сюрпрызаў, якія прыпалі на дзею другую. У астатніх частках выканаўца з гуртом Pomodor/off засяродзіліся на песнях з двух сваіх нумарных альбомаў, а таксама яшчэ не запісаных трэках. Не абышлося і без выканання самай пранізлівай песні, прысвечанай ужо беларускай трагедыі, – “Крывавае свята”. Дарэчы, выконваецца яна ў скарочаным выглядзе. Памідораў напісаў пасля падзеяў на Нямізе тэкст удвая даўжэйшы, але арыгіналу не захавалася.
У эксклюзіўным аддзяленні на сцэну ўзняўся Павел Свярдлоў з гітарай, што было поўнай нечаканасцю для гледачоў. Выявілася, што вядомы журналіст падрыхтаваў разам з Памідоравым асобную акустычную праграму. Дуэт гэты ўзнік спантанна і існаваў хіба ў карпаратыўна-хатнім выглядзе, аднак было вырашана ў гэты дзень паказацца на публіцы. “Гэта прэм’ера для чалавека, які шмат чаго зрабіў для беларускай музыкі і для беларускай журналістыкі, а цяпер выступіць у якасці рок-зоркі”, – абвясціў Памідораў, прадстаўляючы свайго калегу. Музыка нагадаў, што менавіта Свярдлоў атрымаў за яго галоўную рок-карону на апошняй “Рок-Каранацыі” ў Маладзечне, таму ён вырашыў зрабіць яго паўнапраўным удзельнікам свайго праекту. Сам Свярдлоў сціпла паведаміў, што ён паслядоўнік “Князя Мышкіна” ў справе інтуітыўнай імправізацыі і на знак спачування амерыканскаму народу паспрабаваў разрэзаць сцізорыкам шостую струну. Тое, што дзеялася на сцэне цягам гэтай гадзіны, было непаўторным відовішчам. Прынамсі, як паведаміў Павел, гэтыя сола ён не зможа паўтарыць.
Асновай для акустычнай праграмы “Чорныя грушкі пагрому” сталі песні Аляксандра Памідорава, напісаныя пасля падзеяў снежня 2010 года. Пачалі з песні з прыпевам “Наталлю Радзіну ізноў арыштавалі”, працягнулі тэмай пра чорныя спісы. Выконваліся творы ў стылістыцы беларускага праўдзівага шансону. Праўдзівага, бо адзін з удзельнікаў дуэту двойчы пабываў у турме на Акрэсціна, ды яшчэ за тое, што брудна лаяўся матам. Часам гэтыя песні вымагалі баяну, і тады Памідораў браўся выконваць яго партыю на вуснах. Выходзіла надзвычай весела. Граліся і абсалютна ўнікальныя рэчы, як, напрыклад, самыя першыя творы, напісаныя Памідоравым па-беларуску. “Песня на мове №1”, напісаная ў 1991 годзе, наогул не запісвалася і практычна не выконвалася, а “Песня на мове №2” уваходзіла ў рэпертуар даўняга праекту музыкі “П’яныя госці”. Так што тым, хто наведаўся на гэты канцэрт, сапраўды моцна пашанцавала.
Сяргей Будкін
Фота: Яўген Шапчыц, “Тузін Гітоў”