Сёлета спаўняецца 570 гадоў з моманту першага пісьмовага ўпамінання Сянно. З гэтай нагоды газета Сенненскага раёна “Голас Сенненшчыны” вырашыла стварыць слоўнік мясцовай гаворкі.
Напрыклад, ці ведаеце вы, што такое “пыпля”? Слова не ўключана ні ў адзін з тлумачальных слоўнікаў беларускай мовы. Затое прыпамінаецца ў слоўніку Даля як заходнерускае.
Пыпля (націск на першы склад) — чалавек, які нешта робіць вельмі марудна. Пачута ў горадзе Сянно.
Некаторыя “знойдзеныя” на Сенненшчыне словы маюць зусім іншае значэнне, чым гэты прынята лічыць. Так слова “тумарнік” (націск на першы склад) было вядома мовазнаўцам у значэннях “багач” ці “чалавек грэблівы”. А вось у Сянно яно азначае нелюдзімага, панурага чалавека.
Курчаняты, курчукі, курчаты, цыпляняты, цыплюкі, пыляняты, цівяняты – гэта розныя дыялектычныя назва куранят, якія прысутнічаюць у беларускіх гаворках. А вось у вёсцы Вялікі Азарэцк на Сенненшчыне ўжываюць ячшэ адно слова – “піскляты” (прычым, націск на трэці склад).
Поспа (націск на першы склад) — мука грубага памолу. Пачута ў вёсцы Дамашэва Нямойтаўскага сельсавета.
Нявывалака (націск на другі склад) — занадта марудлівы, няспешлівы чалавек. Пачута ў горадзе Сянно.
Вархобка (націск на другі склад) — кавалак чаго-небудзь харчовага. Пачута ў горадзе Сянно.
Збор унікальных словаў Сенненшчыны працягваецца.
Паводле nv-online.info