У кнігарні «логвінаЎ» адбылася прэзентацыя кнігі Сяргея Дубаўца «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду», што выйшла нядаўна ў серыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагоддзе». Імпрэза сабрала шматлікіх герояў кнігі. Радасць сустрэчы і спёка надалі вечарыне разняволенасці. Абышлося без доўгіх прамоваў, затое з выкананнем на ганку кнігарні тых самых песень, якія гучалі сярод майстроўцаў 30 год таму.
«Майстроўня пачыналася са спеваў», – піша ў кнізе Сяргей Дубавец. У 1980 годзе студэнты-філфакаўцы на чале з Вінцуком Вячоркам збіраліся і спявалі беларускія абрадавыя песні. Пасля з гэтымі песнямі яны выйшлі на вуліцы спрэс савецкага Менску. І дзіва – іх спевы адгукнуліся мноствам галасоў.
«Майстроўня пачыналася з беларускамоўнасці, – кажа на прэзентацыі Вінцук Вячорка. – Мы ў замшэлым саўку мелі мужнасць сказаць, што не можа быць дзве родныя мовы, яна адна – беларуская. Пры гэтым ніхто з нас не смеў сказаць кепскага слова пра рускамоўнага чалавека, які да нас прыходзіў, наадварот, стваралася атмасфера камфорту, даверу, і ў рэшце рэшт адбываўся цуд – чалавек загаворваў па-беларуску. Так паступова нарастала наша беларускамоўная грамада».
Але галоўнае, Майстроўня пачыналася з адкрыцця. З такога ж простага і паваротнага адкрыцця, якое і сёння ў пэўным узросце робіць для сябе кожны, хто беларусам не нараджаецца, а становіцца, – з адкрыцця прыцягальнага і сакральнага свету беларушчыны. Толькі тады, у брэжнеўскія 1980-я, гэтае адкрыццё некалькіх студэнтаў сталася настолькі нечаканым і дзівосным, што перарасло ў сапраўдны моладзевы нацыянальны рух.
«Безумоўна, мы лічылі сябе першаадкрывальнікамі, – згадвае Сяргей Дубавец, – і адчувалі эйфарыю ад таго, што нам адкрыліся такія скарбы, мы дападалі да фальклору, знаходзілі вельмі цікавыя калізіі, разгадкі да жыцця, гэта ўсё ўзбагачала душу».
У кнізе сабраныя больш як 50 сведчанняў тых самых першаадкрывальнікаў (усяго ж за гады існавання Майстроўня мела сотні ўдзельнікаў). У інтэрв’ю Тацяне Сапач і Сяргею Дубаўцу кожны распавядаў пра сваё асабістае пераўвасабленне.
Ці можа цуд паўтарыцца сёння? Ці магла б узнікнуць новая Майстроўня?
«На маю думку, вельмі асабістую, сёння ўся гэтая энергетыка – у інтэрнеце, – лічыць Дубавец. – Ну і наўрад ці магла б існаваць нейкая супольнасць моладзі, падкрэслена беларуская, з такімі законамі, якія ёсць сёння, і з такімі адносінамі з боку афіцыёзу да ўсяго беларускага. Тая Майстроўня была першая. Таму ва ўладаў было некалькі гадоў, каб прыгледзецца і разабрацца, што гэта такое. Лічылася, што БССР – гэта самая ідэалагічна ўстойлівая рэспубліка, і ніякага нацыяналізму тут быць не можа. Таму стараліся не глядзець на Майстроўню як на нейкі рух менавіта нацыянальны. Бо калі гэта прызнаць, то трэба было рапартаваць у Маскву, што ў нас з’явіліся нацыяналісты, як у Літве ці Заходняй Украіне. А гэта было нявыгадна і для ўлады. Напрыканцы ўжо існавання Майстроўні, калі мы зрабілі першы пікет пратэстны, пачалі вакол круціцца нейкія рэпрэсіўныя механізмы, Ларысу Сімаковіч выгналі з кансерваторыі. Майстроўня тады была вельмі шчыльна абкладзеная куратарамі з КДБ, якія імкнуліся ўсяляк дэмаралізаваць працу. Але мы ўжо былі дужыя і змаглі падзяліцца на шмат суполак».
Безумоўна, гэтая кніга станецца калісьці гістарычным сведчаннем, «партрэтам эпохі» – падрабязным, жывым, пераканаўчым. Дубавец тлумачыць менавіта дакументальную яе неабходнасць тым, што сёння афіцыйная найноўшая гісторыя пачынаецца з распаду СССР, а пра тое, што было раней – маўчаць: «Быццам і не было ў 80-я гады людзей, якія гаварылі па-беларуску, быццам не існавала магутнага моладзевага руху, які паўстаў з Майстроўні, а пасля разгалінаваўся на некалькі іншых, што ў выніку прывяло да стварэння фракцыі БНФ і абвяшчэння незалежнасці».
Але апроч дакументальнай каштоўнасці, кніга мае адначасова вельмі шчымлівы і жыццясцвярджальны настрой. Бо яна пра маладых і пра маладосць – шалёную, дзёрзкую, рамантычную, таленавітую, трагічную. Рэкамендавана чытаць людзям маладым – для натхнення і нават юным – для ўсведамлення таго, як можна пражыць свае лепшыя гады.
Аляксандра Дорская
Фота: Яўген Ерчак