Фольк-электронны гурт PAWA прэзентуе анімаваную калыханку і жадае добрых сноў пад мяккі, як пуховая коўдра, голас салісткі Надзеі Процькі.
Праілюстраваць калыханку, якую музыкі запісвалі для новага альбома, вырашылі раптоўна: песня падалася вельмі вобразнай, прычым у кожнага яна выклікала свае асацыяцыі. Мастачка Марыська Homel аздобіла калыханку карцінкай з анёлам, які засынае ў вялікіх і дбайных каціных лапах, а дызайнер-аніматар Станіслаў Рассоленка надаў малюнку руху і жыцця.
Традыцыйная беларуская калыханка, знойдзеная ў адным з этнаграфічных зборнікаў, у выкананні гурта PAWA, які сумяшчае на сцэне дуду і сінтэзатары, займела нечаканае казачна-касмічнае гучанне.
“Мы дарасталі пад знакамітую “Пакрысе на расе патухаюць зоркi-сплюшкi…” – выдатная калыханка. Нашая ж песня традыцыйная, і мы намагаліся паказаць, як ставіліся да свету сноў нашыя продкі. Свет гэты ўяўляўся таямнічым, у снах шукалі адказы на жыццёвыя пытанні і прадказанні. Нашай мэтай было перадаць гэтую сакральную і таямнічую атмасферу, – кажа дудар гурта Юрась Панкевіч. – Апроч таго, калыханка павінная заспакоіць гарэзлівых і непаседлівых дзетак, таму песні гэтага жанру вылучае разгорнуты сюжэт, цікавыя героі і казачныя прыгоды, якія павінныя завабліваць увагу дзіцяці, а ўрэшце завабілі і нас, таму што ўсе музыкі PAWA – насамрэч дарослыя дзеці. Нам будзе вельмі прыемна калі хто з сучасных бацькоў дзякуючы нашай песні зверне ўвагу менавіта на традыцыйныя беларускія калыханкі”.
Анімаваная музычная паштоўка створаная ў фармаце для сацыяльных сетак. Яе можна даслаць усім, каму не спіцца.
Аляксандра Дорская