This movie requires Flash Player 9
11.01.2017 | Гісторыя Літаратура

Дабронзавыя класікі: Францыск Скарына

Кнігу пра жанчын Скарыны пакуль не напісалі, бо фактаў пра Скарыну ўвогуле вельмі няшмат, але віроў у жыцці друкара хапала. Калі вы са школы ведаеце толькі, што ён нарадзіўся ў Полацку, нешта рабіў у Падуі і надрукаваў Біблію, то вас чакае багата адкрыццяў. А між іншым, дзякуючы яму мы сёлета адзначаем 500-годдзе беларускага друку.

Ніякі Францыск Скарына не Георгій

Хрышчонае імя Скарыны невядомае. У 1858 годзе былі апублікаваныя копіі дзвюх грамат караля і вялікага князя Жыгімонта I на лацінскай мове. У адной з іх перад імем стаяў прыметнік egregium у значэнні «выдатны, знакаміты», у другой жа значэнне слова egregium было пададзенае як georgii. У сваіх выданнях Скарына больш за 100 разоў выкарыстоўвае імя «Францыск», зрэдку — «Францішак».

 

На Скарыну-старэйшага скардзіліся каралю

Першыя звесткі пра полацкіх Скарынаў вядомыя з пачатку 1440-х гадоў, калі полацкі купец Грыдка Скарына прадаў рыжскаму купцу Герке ў крэдыт больш за беркавец воску, а пры атрыманні аплаты ў Рызе быў схоплены Герке і два тыдні прабыў у кайданах. Францыск нарадзіўся ў сям’і купца Лук’яна Скарыны. Ён згадваецца ў скаржнай кнізе Казіміру IV Ягелончыку, за тое, што хітрасцю займеў сорак два рублі ў Дарона Іванова з Вялікіх Лук.

 

У Падуанскім універсітэце Скарына не вучыўся

Скарына прыбыў туды для экзамену на навуковую ступень. Пра гэта сведчыць актавы запіс ўніверсітэта ад 5 лістапада 1512 года: «Прыбыў нейкі вельмі вучоны бедны малады чалавек, родам з вельмі аддаленых краін, каб павялічыць славу і бляск Падуі. Ён звярнуўся да Калегіі з просьбай дазволіць яму ў якасці дару і асаблівай ласкі падвергнуцца літасцю божай выпрабаванням у галіне медыцыны пры гэтай святой Калегіі. Малады чалавек і вышэйзгаданы доктар носіць імя спадара Францыска, сына нябожчыка Лукі Скарыны з Полацка…». 6 лістапада 1512 года Скарына прайшоў пробныя выпрабаванні, а 9 лістапада здаў спецыяльны экзамен і атрымаў знакі медыцынскай годнасці.

 

Першая друкаваная беларуская кніга

Пры падтрымцы віленскіх мецэнатаў Якуба Бабіча і Багдана Онькава асветнік заснаваў у Празе першае ў гісторыі ўсходнеславянскіх народаў выдавецтва, абсталяваў друкарню і тры гады выдаваў ілюстраваныя Бібліі. 6 жніўня 1517 Францыск Скарына выдаў сваю першую кнігу — Псалтыр, пасля яшчэ 19 кніг (або 22, калі лічыць Кнігі Царстваў за 4).

 

Кнігі ў Вільні

Каля 1520 г. Скарына пераехаў у сталіцу ВКЛ Вільню. У пачатку 1520-х гг. ён заснаваў у доме Бабіча першую ва Усходняй Еўропе друкарню і пачаў тут кнігадрукаванне. Каля 1522 г. выдаў «Малую падарожную кніжку», якая складаецца з 23 частак. Некаторыя часткі «Малой падарожнай кніжкі», магчыма, выходзілі як асобныя выпускі. У 1525 г. у Вільні выдаў Апостал.

 

Першадрукар сядзеў у турме

У 1532 годзе крэдыторы нябожчыка Івана Скарыны дамагліся арышту Францыска за пазыкі брата на падставе таго, што Скарына быццам бы хаваў успадкаваную ад нябожчыка маёмасць і ўвесь час пераязджаў з месца на месца. Некалькі месяцаў Францыск Скарына прасядзеў у пазнанскай турме, пакуль яго пляменнік Раман не дамогся сустрэчы з каралём, і пасля таго Жыгімонт I спецыяльнай граматай вызваліў друкара ад суда.

 

Навёў шоргату ў Маскве

У 1534 годзе Францыск Скарына распачаў паездку ў Вялікае княства Маскоўскае. Ёсць меркаванні, што там ён прасоўваў друкарства і шукаў падтрымкі ў інвестараў. Аднак адкуль яго выгналі як ерэтыка і каталіка. З польскага дакумента ад 1552 года караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта II Аўгуста да Альберта Крычкі, свайго пасла ў Рыме пры Папе Юліі III, вынікае, што кнігі Скарыны ў Маскве былі спаленыя за лацінства.

 

Быў звязаны з гусітамі

Веравызнанне Скарыны дагэтуль выклікае спрэчкі праз багатую колькасць ускосных доказаў і яго праваслаўя, і яго каталіцызму. Існуе тэорыя, што Францыск быў звязаны з гусізмам. Рэфарматары XVI стагоддзя лічылі Скарыну сваім паплечнікам. На яго спасылаліся ў сваіх працах Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. У дакументах XVII-XVIII стагоддзяў Скарына згадваецца як пратэстант. Цікавым фактам з’яўляецца і тое, што асобнік скарынаўскай «Малой падарожнай кніжкі» са збору Брытанскай бібліятэкі ў Лондане мае экслібрыс Паўля Сператуса, паплечніка Марціна Лютэра. Як мяркуюць, Скарына ўручыў епіскапу Сператусу гэты асобнік пры наведванні Кёнігсберга ў 1530 г. Дзіўна, што прускі герцаг-рэфарматар Альбрэхт запрасіў у Кёнігсберг менавіта Францыска Скарыну, хоць мог бы знайсці спецыялістаў у кнігадрукаванні і медыцыне сярод аднаверцаў і суайчыннікаў.

 

Ні даты смерці, ні месца

Дакладная дата яго смерці не ўсталяваная. Большасць навукоўцаў мяркуе, што Скарына памёр каля 1551 года, паколькі ў 1552 годзе яго сын Сімяон Рус (доктар, як і бацька) прыязджаў у Прагу па спадчыну.

 

Памяць

У розны час імя Францыска Скарыны насілі пяць вуліц Мінска: у 1926—1933 гадах — Казьмадзям’янская вуліца; у 1967—1989 — вуліца Алешава, у 1989—1997 — Акадэмічная вуліца, у 1991—2005 — праспект Незалежнасці, з 2005 года імя Скарыны носіць былы Старабарысаўскі тракт. У Львове, Баранавічах, Пінску, Бярозе, Брэсце, Полацку, Калодзішчах таксама ёсць вуліцы, названыя яго імем. Помнікі Скарыну ўсталяваныя ў Полацку, Мінску, Лідзе, Калінінградзе, Празе.

Імем Скарыны названая малая планета № 3283, адкрытая савецкім астраномам Мікалаем Чарных. У СССР у 1990 годзе, да 500-годдзя з дня нараджэння Скарыны, выпусцілі юбілейную манету вартасцю 1 рубель з яго партрэтам.

 

 

Глядзі таксама:

Дабронзавыя класікі: Максім Багдановіч

 Дабронзавыя класікі: Гумарыст і тэатрал Пятрусь Броўка

 

Марыя Грыц


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика