У межах міжнароднага фестывалю “DACH-9” 20 верасня (нядзеля), з 19.30 да 21.30 у канферэнц-зале Палаца мастацтваў (вул. Казлова, 3) пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбудзецца “Dark Way Party III: адкрыты фармат” – музычная вечарына, прысвечаная культуры Сярэднявечча, з удзелам музычных праектаў:
VOLK, DROMOS, FAVOURITE MIRROR, РАДАГОСТ.
Таксама ў праграме спецыяльныя нумары ад Anadea і гурта гістарычнага танца “Фламея”.
Стылістычны кірунак – medieval/gothic/dark-ambient/pagan-folk.
Уваход бясплатны – па запрашэннях. Колькасць месцаў абмежаваная. Face-control. Замова запрашэнняў па тэлефонах: Velcom 6787536, МТС 7787531.
Даведка:
“Dark Way” – музычная імпрэза, якая з 2003 году рэгулярна адбываецца на розных канцэртных пляцоўках. Аудыторыя – моладзь ад 18 да 28 гадоў, якая ў асноўным належыць да “гатычнай” субкультуры і цікавіцца альтэрнатыўнай сцэнай. У розныя гады ў фестывалі “Dark Way” бралі ўдзел разнастайныя гурты з Беларусі, а таксама праекты і DJs з Вялікабрытаніі, Германіі, Літвы, Украіны; перформансы для імпрэз рыхтавалі “Механёры культуры”, пластычны тэатр “InZhest” і іншыя творчыя суполкі.
DROMOS – добра вядомы аматарам андэграўнднай сцэны электронны праект, які існуе з 2000 году ў Мінску і перыядычна суправаджае свае выступленні авангарднымі перформансамі і відэаінстраляцыямі. Дыскаграфія налічвае два альбомы: “Sacrifice to Abyss” і “Voices”, выдадзеныя на ўласным лэйбле Somord prods. Удзельнікі праекту выступалі ў Германіі, Польшчы, Украіне, Расіі. На канцэрце будуць прадстаўленыя новыя кампазіцыі ў стылістычным кірунку dark-ambient/post-industrial/neofolk.
VOLK – гурт, які добра ведаюць у Беларусі і за яе межамі дзякуючы запамінальным мелодыям, арыгінальным кліпам і творчай харызме лідэра – мультыінструменталіста і аўтара большасці песняў Сяргея Урыўскага. Свой стыль музыкі вызначаюць як gothic space metal, а іх канцэртныя выступленні заўсёды збіраюць вялікую колькасць прыхільнікаў сучаснай альтэрнатыўнай музыкі.
FAVOURITE MIRROR – мінскі праект, які існуе з 2000 г. Дыскаграфія гурта складаецца з альбома “Aberration”, напісанага ў 2003 годзе і выдадзенага ў 2007-м на лэйбле Haarbn Prod., а таксама канцэртніка “Memento Mori”. Дадзены праект спалучае ў сабе сумесь атмасфернага і меладычнага dark-ambient/electro з дэпрэсіўна-экстрымавым бэкграўндам.
РАДАГОСТ – малады гурт, які канчаткова сфармаваўся ў гэтым годзе. Музыканты паспелі даць шэраг канцэртаў у Мінску і Маскве, якія выклікалі добрыя водгукі сярод слухачоў. Свой стыль удзельнікі гурта вызначаюць як pagan folk metal.