Таленавіты рэпер з Івацэвічаў Vinsent упершыню зайграў перад публікай сваю жывую праграму. Незадаволеных не было.
На пачатку канцэрта людзей мардаваў дыджэй, але праз хвілін 40 да яго далучылася рытм-секцыя і стала ніштавата. Неўзабаве да людзей выйшаў і сам Vinsent. Для яго гэта быў вельмі адказны момант – ён упершыню паказваў жывую праграму, што для рэпераў у прынцыпе рэдкасць. Пачалося ўсё з упэўненага рэп-кору “Я працягваю жыць”, потым прагучала амаль што ў нязмененым выглядзе вельмі прыгожая песенька Адыходзяць караблі.
“Прывітанне, горад сонца, як гук?”, – запытаўся спявак, яўна задаволены тым, што ў яго выйшла. Атрымалася сапраўды цікава, гучаў яго бэнд класна: апладзіраваў нават скептык Макс Сіры. “Для нас прыярытэт – Бог, Радзіма, Воля”, – абвесціў Vinsent і накаўціраваў публіку шыкоўным нумарам, адначасова агрэсіўным і лагодным. Яго паэзія блізкая да таго, што пісалі паэты ў “Нашай Ніве” напачатку мінулага стагоддзя, толькі музыкі робяць яшчэ выдатнае суправаджэнне гэтым ўсім зразумелым і такім неабходным словам-лозунгам: “Беларусы, я вас заклікаю, мовы не губляйце..”. Такая во была рэп-кор малітва. І яго гімнавыя чытанкі ў жывым складзе загучалі напраўду. Як песьня Веру.
Яму прызнаваліся ў каханні ў голас. Проста з залі дзяўчынкі крычалі: “Вінсэнт, я цябе кахаю!”. Сам спявак быў у замілаванні, але тэмпу не губляў, рухаўся без перапынку, размахваў рукамі, перабягаючы з кута ў кут сцэны. Суцішыўся на хвілю, калі папрасіў трошкі памаўчаць дзеля ўшанавання памяці ахвяраў тэракту ў мінскім метро.
Дзякуючы Vinsent’у ўпершыню па-беларуску загучала Rage Against the Machine. Выканаўца прапанаваў два каверы, зробленыя таленавіта. Адну з песень “Guerrilla Radio” ён перапяяў такім чынам: “Мы не чытаем “СБ”, мы слухаем паўстанцкае радыё. Свабода! Наша радыё! Улучай!”.
Было такое цікавае меркаванне, выказанае адным з гледачоў: “Сваім сённяшнім выступам Вінсэнт акуратна прыбраў з п’едэсталу ранейшых аўтарытэтаў, як Mauzer і IQ48, і стаў першым-лепшым у сваім кірунку”.