Сяргей Пукст даў свой самы вялікі канцэрт за 28 гадоў музычнай кар’еры.
“Такога канцэрта ў мяне яшчэ не было, таму, думаю, трэба будзе меней размаўляць і болей граць”, — кажа Сяргей Пукст, павязваючы гальштук у грымёрцы перад выхадам на сцэну. Афіцыйна прынята лічыць, што ўнук беларускага кампазітара Рыгора Пукста пачаў сур’ёзна займацца зусім не класічнай музыкай (авангард, панк-рок) яшчэ ў 1986 годзе. Але да вялікіх пляцовак Сяргей ніколі не імкнуўся, хоць з ахвотаю пагаджаўся на ўсялякія выступы. Аднойчы на агучванні фільма “Кастусь Каліноўскі” ў Мастаўлянах Пуксту паставілі піяніна проста ў полі, а ён выйшаў да публікі ў сваім элегантным гарнітуры з-за кустоў. Незабыўны быў выступ Pukstband на “Пустых холмах” на мяжы Смаленскай і Калужскай абласцей, калі музыкаў з Беларусі шмат хто назваў галоўным адкрыццём фэсту. Але ў асноўным Пукст усё сваё жыццё даваў невялікія канцэрты для абраных у кватэрах, галерэях ды іншых патаемных месцах без афішаў і квіткоў.
Канцэрт у клубе Tarantino здарыўся ў Пукста з той нагоды, што нечакана для ўсіх (і ў тым ліку для сябе) яго “Последний альбом” быў прызнаны найлепшым у айчыннай музыцы за мінулы год. Для Сяргея, які ўжо пару разоў развітаўся назаўжды з публікай і амаль паставіў крыж на сабе, уключыўшы альтэр-эга, шансанье Георгія Дабро, гэта стала добрым штуршком. Pukstband, які збіраўся гады ў рады, зноў аднавіў рэпетыцыі ды стаў выходзіць на сцэну. “Ён адстаў, адстаў па музыцы, адстаў па жыцці. І вельмі хацеў, каб яго знайшлі”, — прамаўляе музыка са сцэны пасля эфектнага пачатку, ці то разважаючы пра сваё жыццё, ці то прадстаўляючы наступны твор. А потым перабівае сябе, згадваючы, што казаў перад выхадам на сцэну: “Буду меней казаць, тут як у сэксе…” Спачатку ён паслабляе гальштук, а потым зусім пазбаўляецца яго, як і пінжака.
Нягледзячы на перыядычны зрыў на крык і нібы агрэсіўную манеру падачы, Пукст выпраменьвае пазітыў. Яго ўважліва слухае цалкам забіты танцпляц, парачка хіпстараў лічыць паводзіны героя вечара забаўнымі і па-добраму пацяшаецца з яго тэкстаў. У зале неверагодная колькасць музыкаў і прадстаўнікоў “экспертнай супольнасці”. Сяргея любяць асаблівай любоўю і журналісты, і калегі. Паслухаць яго прыйшлі Аляксандр Памідораў, Вольга і Наталля з Сlover Club, Алег Хаменка, Вова Селіванаў і Яўген Бялоў з “Красных звёзд”, Зоя і Уладзімір Сахончыкі са “Змяі”, Ірэна Катвіцкая, Сяргей Філімонаў, Максім Жбанкоў, Марыйка Мартысевіч…” Хочаце любові?” — пытаецца ў прысутных музыка ды выконвае “Я люблю тебя” — пэўна, галоўны хіт свайго рэпертуару, калі паняцце “хіт” наогул можна прымяніць да яго творчасці. “Трыумфам волі” ён залу гіпнатызуе і неяк раптоўна пачынае развітвацца. 20 песень Pukstband уклаліся менш чым у паўтары гадзіны. Апошняя завецца “The End”, і музыкі пачынаюць імправізаваць на тэму The Doors, але Пукст іх перапыняе: “Не! У нас гэты твор гучыць у духу нямецкага тэлеканала Viva 2”, — і нервова б’е па струнах. Дзіўна, але і такая артысты, як ён, усё ж любяць выходзіць на біс. Пры самым канцы музыка паведамляе: “Сустрэнемся дзе-небудзь яшчэ! Быў рады пабачыць вашы твары, што бессэнсоўна нам усміхаліся!”
Наступнае з’яўленне Пукста на публіцы запланаванае на “Закрытым паказе” 26 красавіка ў фотастудыі, што месціцца ў будынку былога кінатэатра “Змена”. Сяргей будзе агучваць беларускае нямое кіно ды граць уласныя ўлюбёныя рэчы.
Сяргей Будкін
Фота: Воля Баркоўская