Для беларускай шляхты ў далёкіх XVI–XVII стагоддзях двубоі глыбока ўпісаліся ў паўсядзённае жыццё. З аднаго боку, вонкі выходзілі эмоцыі, а фізічнае ўздзеянне было знаёмым метадам “вырашэння праблем” і найбольш лёгкім ў ажыццяўленні пры даступнасці праціўніка. З тых часоў нічога не змянілася. І нашаму чалавеку карціць узяцца за кулакі, каб абараніць гонар, адпомсціць, вырашыць нейкія справы… Як і цяпер, такі падыход уваходзіў у супярэчнасць з правам. Аднак шляхецкія двубоі былі нечым іншым, чым бойкай – і гэта вызначалася прыналежнасцю (няхай і добра забытай) да рыцарскай, высакароднай культуры.
Паядынак ператвараўся ў рытуал і сімвал, дзе перакрыжоўвалася і рыцарская традыцыя, і звычайныя ўяўленні пра асабісты гонар, і жаданне аднавіць справядлівасць. Як ужо пісалася раней, дуэлі не ўхваляліся, але і не забараняліся. Хутчэй рэгламентаваліся і падпарадкоўваліся пэўным правілам, якія санкцыянаваліся правам. Дзяржава імкнулася выхоўваць абываталя ў праве і адарваць ганебную традыцыю вырашэння канфліктаў праз фізічны гвалт з прававой прасторы. Толькі суд, карыстаючыся пісаным правам, мог усталяваць справядлівасць, нават калі справа датычыла маральных знявагаў і крыўдаў. Аднак шляхецкая культура не магла пазбавіцца ад высакароднай традыцыі рыцарскага бою – гэта супярэчыла б самім асновам ваенна-служылага саслоўя. Таму, шукаючы кампраміс, частыя двубоі паміж шляхтай ўпісвалі ў прававое поле, увязвалі з новымі павевамі часу, каб яны больш адпавядалі маральным і этычным нормам, палітычным і сацыяльным патрэбам. Правілы шляхецкіх паядынкаў “абрасталі” прававымі нормамі і працэдурамі. Пачалі негалосна працаваць правілы і механізмы, якія, з аднаго боку, нібыта легалізавалі такога роду канфлікт (дакладней яго працяканне), а з іншага – надавалі яму шляхетна-рыцарскі кшталт, пры якім кожны ўдзельнік паказваў і абараняў сваю годнасць.
Таму прыгледзімся бліжэй да абавязковых нормаў, якімі суправаджаўся шляхецкі паядынак на землях Вялікага Княства Літоўскага на практыцы. Вельмі важнае значэнне атрымлівае выклік на двубой. Дзякуючы выкліку двубой ператвараўся ў спаборніцтва шляхцічаў, а не быў банальнай бойкай, да якой мелі схільнасць прасталюдзіны. Нярэдка выклік на двубой рабіўся ў вуснай форме, і крыніцы не данеслі нам на гэты конт дакладных звестак, акрамя згадак у судовых разбіральніцтвах. Аднак для шляхціча больш важным з часам рабілася засведчанне выкліку пісьмова. Гэта рабілася з дзвюма мэтамі: каб засцерагчы сябе ў прававой прасторы ад абвінавачанняў у злачынстве і каб публічна данесці свае прэтэнзіі (зразумела, абавязкова справядлівыя і абгрунтаваныя) да супрацьлеглага боку.
Ініцыятар паядынку дасылаў свайму праціўніку “цедулу”, дзе акрэсліваў, з якіх прычын ён дамагаецца бою. Звычайна пры выкліку агаворвалася, якой зброяй і дзе будзе весціся бой. Выбар зброі быў шырокі і разнастайны – бой мог і адбывацца на канях з коп’ямі, і ўрукапашную. Тое ж датычыла месца правядзення сутычкі – гэта магла быць і мяжа паміж маёнткамі, і “запрашэнне” на ўласны двор, і нават такое публічнае месца, як пляц перад царквой. Нярэдка пісьмовыя выклікі фіксаваліся ў гродскіх кнігах, г.зн. у павятовых судовых органах, каб у выпадку патрэбы стаць доказам пошуку справядлівасці, а не гвалту.
Цікава, што шляхціч праз пісьмовы выклік толькі засведчваў сваю рыцарскую гатоўнасць уступіць у бой, а ў рэчаіснасці зусім не збіраўся вырашаць канфлікт “антыправавымі метадамі”. Часта гэтай мэце служылі і “отказы” – таксама абавязковы элемент, які папярэднічаў рэальнаму двубою. Сапраўды, шляхціч, які выклікаўся на паядынак, павінен быў адказаць згодай на ініцыятыву саперніка альбо давесці немагчымасць і непатрэбнасць двубою. Такіх магчымасцяў было даволі шмат. Не ўхваляўся паядынак паміж старым і маладым, сапернік мог адмовіцца ад бою, не прыніжаючы свайго гонару, па стане здароўя. Сваю ролю грала і месца ва ўрадніцкай іерархіі. Тут справа даходзіла да парадоксаў. Ніжэй гонару было прымаць выклік магнату ад звычайнага шляхціча. Але калі падканцлер і польны гетман ВКЛ Крыштаф Радзівіл у 1581 годзе выклікаў на дуэль служэбніка князя Васіля-Канстанціна Астрожскага Васіля Гулевіча, той з “пакорай” адмовіўся ад бою, заявіўшы, што ён захоўвае субардынацыю ў дачыненні да высокага дыгнітара. Але праз гэта сам Радзівіл трапіў у няёмкае становішча, што і засведчыла грамадская думка – ён прынізіў свой статус, выклікаючы на двубой звычайнага шляхціча, тым больш кліента іншага магната. Абражаны Радзівіл вырашыў праблему гвалтам: яго слугі напалі на Васіля Гулевіча дзесьці па дарозе і так яго “усекли, с которих ран не ведаю, будет ли жив». Справа дайшла аж да караля, які стаў на бок уплывовага Радзівіла, загадаўшы выдаліць з прычыны недаказанасці віны магната ўсе запісы ў судовых матэрыялах пра канфлікт з Гулевічам.
Увогуле патрабаванне роўнасці бакоў у паядынках рабілася зручным спосабам для дыскрэдытацыі праціўніка. Насамрэч часта да бою не даходзіла: у адказ на выклік заяўлялася, што біцца з такім праціўнікам ніжэй гонару. І абражаны ініцыятар выкліку павінен быў даводзіць, што той не мае рацыі і палахліва хаваецца ад паядынку. Нярэдка пісьмовы выклік дасылаўся папросту з мэтай засведчання непрыязнасці да таго ці іншага чалавека. У такой “цедуле” праціўнік папярэджваўся, што пры сустрэчы можа нарвацца на бой, што будзе шукацца паўсюль і заўсёды. Такімі рабіліся і адказы, і абодва ўдзельнікі канфлікту ўжо не маглі жыць спакойна, чакаючы зручнага моманту для правядзення паядынку. Зрэшты, ізноў часта да яго не даходзіла – абмяняўшыся ласкавасцямі, бакі заставаліся задаволеныя самі сабой.
Дзеля публічнага паказу канфлікту як пры выкліку на двубой, так і падчас яго правядзення далучаліся «сведки» – прататып знаёмых нам секундантаў. Але практыка прыцягвання сведак у нас не была распаўсюджаная. Лічылася, што бакі павінныя самі вырашаць спрэчкі. Часта ў крыніцах сустракаецца формула бою “сам а сам”. Выключэннем могуць быць хіба што гучныя заявы аб пераносе паядынкаў на соймы Рэчы Паспалітай, дзе яго змогуць пабачыць самыя “зацныя” асобы дзяржавы.
Нягледзячы на пэўную рэгламентаванасць паядынкаў, мяжа між імі і звычайнымі бойкамі была вельмі празрыстая. Гэта асабліва добра відаць па гісторыях у корчмах, на вяселлях, розных публічных і ўрачыстых мерапрыемствах. Калі на першае месца выходзілі гнеў і лютасць, шляхцічы адразу ж хапаліся за зброю і з усім сармацкім запалам накідваліся на праціўніка. Аднак сапраўдны паядынак, які быў адначасова і рыцарскім, і легітымным з прававога гледзішча ўчынкам, быў чымсьці іншым, чым бойка з доказам сваёй сілы.
Андрэй Янушкевіч, budzma.by