05.10.2016 | Тэатр

Дырэктар гомельскага тэатра звольнены за ўкладанне ўласных грошай у яго развіццё

Дырэктарку гомельскага Маладзёжнага тэатра Зою Гарынунечакана звальняюць праз паўгода паспяховага кіравання. Яе просяць падпісаць заяву “па згодзе бакоў”, адразу пасля чаго адзін з намеснікаў старшыні гомельскага выканкама сустракаецца з трупай тэатра і называе шэраг дзіўных прычын для звальнення.

“Першая прычына была ў тым, што дырэктар укладвала ўласныя грошы ў развіццё тэатра, — распавядае адзін з акцёраў Юры. — Дакладна не ведаю, куды яна ўкладвала свае грошы, а дзе былі грошы дзяржавы, але за час яе кіравання ў нас з’явілася рэпетыцыйная зала, пачалі рабіць прыбіральні, яшчэ нейкія падсобныя памяшканні, дэкарацыі, сталярны цэх… Атрымліваецца, што яна праявіла ініцыятыву, уклала свае грошы, а гэтага ж рабіць нельга, гэта ж дзяржаўная ўстанова. Але гэта такі мінус, які я ўспрымаю як плюс! Калі чалавек укладвае свае грошы, дык яму яшчэ і ў ногі трэба пакланіцца!”

Другая прычына звальнення — тры акцёры, якія звольніліся па ўласнай ініцыятыве на пачатку верасня. На думку чыноўніка, гэта недапушчальна, бо з тэатра людзі сыходзіць не мусяць.

Юрый шакаваны такой фармулёўкай, бо сам не так даўно перайшоў у Маладзёжны тэатр з іншага, маўляў, усе ж людзі вольныя, кожны сам шукае, дзе яму лепей.

“У горадзе рыхтаваўся прыватны праект “Інтымны тэатр”, але інтымны не ў сэнсе нейкай распусты, а ў сэнсе блізкі і даверлівы, — распавядае акцёр. — Гэта мусілі быць нейкія невялічкія паказы спектакляў на важныя для людзей філасофскія тэмы, на нейкіх малых сцэнах, пры малой колькасці гледачоў. А ідэйным натхняльнікам гэтага “Інтымнага тэатра” была заяўленая акурат Зоя Гарына. Выканкам палічыў, што гэта недапушчальна, каб дырэктар дзяржаўнага тэатра быў ідэйным натхняльніка нейкага інтымнага тэатра”.

Агучаныя прычыны не пераконваюць супрацоўнікаў тэатра. Там жа падчас сустрэчы з адміністрацыяй горада ў знак пратэсту звальняюцца майстар сцэны і акцёр вышэйшай катэгорыі. Юрыйпакуль не вырашыў, ці будзе заставацца ў Маладзёжным тэатры, бо пераходзіў у яго менавіта ўбачыўшы шлях развіцця, які быў абраны Зояй Гарынай.

“Самі судзіце, — гаворыць акцёр. — Калі тэатр едзе на гастролі ў Мінск, што пры папярэднім кіраўніцтве было рэдка… Ездзілі на гастролі, але ў Бабруйск, Маладзечна… За паўгода яе кіравання спектакль трапляе на фестываль “M@rtКонтакт” у Магілёве, які лічыцца вельмі прэстыжным міжнародным фэстам. Два спектаклі, што мы прывозілі ў Мінск, крытыка і прэса ацанілі вельмі станоўча. То бок гэта факты, якія кажуць, што развіваўся тэатр у правільным накірунку”.

Канфлікт гомельскага кіраўніцтва і Зоі Гарынай пачаўся амаль адразу пасля яе прыходу на пасаду дырэктара Маладзёжнага тэатра. У траўні аддзел ідэалогіі забараніў афішу спектакля “Дзе адступаецца каханне…” па п’есе Аляксандра ВалодзінаЗ каханымі не расставайцеся”. Дзеянні пастаноўкі адбываюцца пераважна ў вар’ятні, таму на афішу змясцілі заплаканую галоўную гераіню ва ўтаймавальнай кашулі ў сценах вар’ятні.

Але чыноўнікі назвалі афішу “занадта змрочнай“. ТадыЕўрарадыё некалькі дзён спрабавала звязацца з кіраўніцай аддзела ідэалогіі Гомельскага гарвыканкама Юліяй Собаль, але безвынікова. Цяпер кіраўнікі гарвыканкама знаходзяцца на пастаянных нарадах. У іх прыёмных шчыра прызнаюцца, што журналісты атакуюць увесь дзень, але ўсе пытанні трэба адрасаваць аддзелу ідэалогіі, то бок той самай Юліі Собаль. Але і гэтым разам жанчына няўлоўная.

Ілля Маліноўскі, Еўрарадыё


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика