Больш за 200 чалавек сталі сведкамі першага фурору “Дзецюкоў”. Гурт, складзены з гарадзенскіх музыкаў, скарыў Мінск падчас свайго першага прыезду і адыграў шыкоўны канцэрт у перапоўненым Rocker Bar.
DZIЕCIUKI прыехалі ў Мінск, каб прадставіць сваю дэбютны сінгл “Гарадзенскі гармідар”. Музыкі пазіцыянуюць сябе як шалёныя панкі, што натхняюцца касінерскай адвагай ды “Мужыцкай праўдай”. Яны так і кажуць: “Мы граем нацыянальны панк-рок, бо перакананыя, што прыйшоў час разбурыць стэрэатыпы талерантнага і згоднага з усім навокал беларуса”. У сваіх песнях “Дзецюкі” якраз і звяртаюцца да тых падзеяў у беларускай гісторыі, якія яскрава паказваюць, што беларусы сябе ў крыўду не дадуць. Тэксты для каманды піша Дзяніс Жыгавец, гісторык з адукацыі, а выконваюць вялікі прыхільнік беларускага фальклору Павел Трабл і Алесь Дзянісаў, таксама гісторык, між іншым. “Наша галоўная задача — асвета. У нейкім сэнсе мы працягваем справу, якую рабілі беларускія рок-гурты ў 80—90-х”, — заявілі ўдзельнікі гурта ў адным з інтэрв’ю напярэдадні прэзентацыі.
Прыезд гарадзенцаў выклікаў сапраўды вялікую цікавасць. У нібы невялікім Rocker Bar сабралася з дзве сотні чалавек. Перад “Дзецюкамі” сыгралі іх паплечнікі. Цікавы і ўжо досыць вядомы мінскі панк-гурт “Завулак Vinny Stigm’ы” нечакана выйшаў на сцэну пад новай назвай. У іх адбыліся змены ў складзе і вырашана было цяпер выступаць як “Тлушч”. Вакаліст каманды Паша спяваў песні пра Яблычны спас і размеркаванне, пра субкультурны слой і пра тое, што варта пасеяць жыта, нават калі сабраўся паміраць. Следам грала “Бостонское чаепитие” на чале з дзяўчынай Машай, што мела акардэон і радасны выраз твару. Гэтыя гурты часта граюць парай, яны нават разам запісалі спліт-альбом. “Ваняе ўжо шмотка”, — у пэўны момант абвясціла Маша, апраўдваючы свой сыход са сцэны і саступаючы месца гасцям вечара.
DZIЕCIUKI прымусілі танчыць усіх. Музыкі настолькі ўпэўнена пачуваліся на сцэне ды гучалі так зладжана (калі гэтае слова прымальнае для іх стылістыкі), што стала зразумела практычна адразу: на беларускай незалежнай сцэне з’явіўся супергурт. Вакалісты Паша ды Алесь уводзілі слухачоў у курс справаў ды тлумачылі, пра што спяваюць. “Нашыя героі Каліноўскі і Булак-Балаховіч, але мы прысвячаем свае творы і іншым людзям, якія былі побач і ёсць не меншымі героямі”, — заявіў з сцэны Паша перад песняй “Хлопцы-балахоўцы”, якая можа стаць візітоўкай каманды. Аўтар песняў Дзяніс неяк патлумачыў, чаму ўзяўся за напісанне тэкстаў для панк-гурта: “На маю думку, цяперашнім наведнікам панк-канцэртаў якраз не хапае песняў пра “хлопцаў-балахоўцаў”, гераічных ваяроў сярэднявечча… Такая тэматыка абуджае ў чалавеку нацыянальную годнасць, і хочацца стаць падобным да герояў ці хоць адчуць, усвядоміць гістарычную повязь з імі”.
Акрамя песняў з “Гарадзенскага гармідару” DZIЕCIUKI паказалі і новыя творы, якія маюць увайсці ў іх паўнавартасны альбом. Вылучаецца сярод іх “Сумнае рэгі”, дзе музыкі ставяць знак роўнасці паміж камунізмам і фашызмам ды пяюць, што Курапаты і Хатынь — адна і тая ж бяда. Падчас выканання беларускага кавера на Захара Мая са словамі “Калі нашы танкі заедуць у Менск”, Алесь папярэджвае публіку, што словы гэтыя — не больш чым жарт: “Беларуская сталіца з шэрагу прычынаў можа ўспрымацца як горад, у якім спалучаецца зло. Але мы не збіраемся рабіць ніякіх пераваротаў, бо тут жыве шмат харошых людзей”.
DZIЕCIUKI збіраюцца даць некалькі канцэртаў у Польшчы, а потым засесці ў студыі дзеля запісу свайго першага альбома, які абяцаюць прэзентаваць у Мінску адразу як будзе гатовы.
Сяргей Будкін
Фота: Аляксандра Фядотава