У працяг дэбютнага альбома «Проста вер» музыканты гурта «Мерада» прапануюць слухачам свой першы прафэсыйны кліп на кампазыцыю «Начны праспэкт», сцэнарыстам і рэжысэрам якога стаў гітарыст Стыў Крамэр.
Пра нараджэньне сцэнара кліпа распавядае Стыў: «Ідэя такога відэа нарадзілася яшчэ ў эміграцыі. Я пастаянна сумаваў па роднаму Менску. І вельмі часта, засынаючы, у сваіх мроях, уяўна гуляў па яго вуліцах і галоўнаму праспэкту, дзе зь дзяцінства мне знаёмы кожны дом, нават кафэ і крамы… Таму сцэнар кліпа ў мяне даўно ўжо быў падрыхтаваны і чакаў свайго ўвасабленьня. І вось прайшлі гады, я вярнуўся ў Беларусь, і мая настальгія згасла. Таму тагачасны драматызм і эмоцыі я, як сцэнарыст, мусіў перадаць праз асабістыя перажываньні гераіні гэтай відэанавэлы, якую ўвасобіла вакалістка гурта Ганна Крамэр. Пры тым, што галоўнай дзеючай асобай павінен застацца сталічны Начны Праспэкт».
Пры, здавалася б, простым сцэнарным увасабленьні, кліп напоўнены сымбалямі і спасылкамі, што адсылаюць гледачоў у мінулае нашай сталіцы, якая за гады падарожжаў Стыва па сьвеце, пераўтварылася ў эўрапейскі мэгаполіс. На яго вуліцах, праспэктах можна знайсьці і ўбачыць сапраўдныя дзівосы. Чароўны бок сталіцы – а ён пазнаецца не толькі па топаграфіі вуліц, разьлівах нэонавай рэклямы і сьветлавых шыльдаў – падкрэсьлены эпізодам з факірам, які разгортвае сваё шоў наўпрост ў адным з самых вядомых месцаў нашага горада. У гэтым эпізодзе здымаўся сапраўдны менскі факір, сябра Стыва і Ганны – Фахрадзін.
Досыць яскравымі падаюцца здымкі гурта ў студыйных умовах, у якіх перададзены рок-н-рольны дух і стылістычныя прыхільнасьці музыкантаў гурта «Мерада», а таксама артыстызм і выдатныя сьпеўныя здольнасьці вакалісткі Ганны Крамэр.
У адрозненьні ад тых трэндаў, якія пануюць сярод сучасных кліпмэйкераў, якія імкнуцца шакаваць псіхадэлічнымі кампутарнымі эфэктамі ці аголенай натурай, стваральнікі кліпа «Начны праспэкт» разьлічвалі выклікаць ў гледачоў пачуцьці прыналежнасьці да гісторыі і сёньняшняга дня сталіцы. І гэта музыкантам і стваральнікам кліпа ўдалося, бо кіраваліся яны сапраўднай любоўю да роднага места.
Відэамарэтыял для кліпа здымалі Паліна Герасімовіч, Дзяніс Жыгуноў, Арцём Абакумаў і сам Стыў Крамэр. Арцём і Стыў таксама займаліся мантажом і постпрадакшн кліпа.
Мерада – Начны праспэкт (рэжысэр Стыў Крамэр). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Анатоль Мяльгуй, для Tuzin.fm