Магілёўскае прадпрыемства “Бабушкина крынка”, якое стала генеральным спонсарам сайта “УсеБеларусы”, узнагародзіла сваіх супрацоўнікаў за актыўны ўдзел у гэтым праекце.
Работнікі прадпрыемства сталі першай аўдыторыяй сайта, сабралі для яго першыя матэрыялы і выказалі свае думкі пра яго. Яны ўзялі ўдзел у выставе «Дакраніся да вытокаў», у якой расказалі гісторыі сваіх сем’яў. Праект “Усе Беларусы” хоча, каб на старонках сайта ўдзельнікі не толькі маглі даведацца пра гісторыю і культуру ўсёй краіны, але і прачыталі асабістую гісторыю кожнага беларуса. Усе сабраныя работнікамі «Бабушкиной крынки» гісторыі плануецца з часам размясціць на сайце. Самыя актыўныя ўдзельнікі атрымалі грашовыя прэміі і энцыклапедыі па гісторыі і культуры Беларусі.
Падчас урачыстага ўзнагароджання, якое прайшло на прадпрыемстве, многія супрацоўнікі расказалі пра тое, як ім было цікава даведвацца нешта новае пра свае сем’і, родныя мясціны, жыццё сваіх продкаў. У конкурсе ўзялі ўдзел вельмі многія, у тым ліку дырэктар «Бабушкиной крынки» Ігар Кананчук. Пры гэтым значна больш, чым дарослыя, праектам зацікавіліся дзеці супрацоўнікаў — і зусім яшчэ маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі, і падлеткі. Менавіта яны збіралі інфармацыю, рабілі малюнкі і актыўна ўдзельнічалі ў праекце “Усе Беларусы”.
«Калі мы толькі пачалі працу над праектам, то вельмі баяліся, што гэта толькі мы такія. Высветлілася, што гэта не так. Мы вельмі радыя, што ў Беларусі так шмат неабыякавых людзей, якім важная сям’я, гісторыя, спадчына», — сказала адна з аўтараў праекту Жанна Грынюк.
Марыя Гілёва