Напярэдадні зімовых святаў “Будзьма” вырашыла ўспомніць, дзе можна купіць сапраўдныя беларускія падарункі. Таму калі вы вырашылі падарыць каму-небудзь хоць і шкарпэткі, хай яны будуць з нацыянальным каларытам.
Інтэрнэт-крама “Рагна” прапануе падарункі на любы густ – ад кніг і дыскаў да выцінанкі і хэнд-мэйд свечак, магнітаў на лядоўню і драўляных цацак. У прынцыпе, калі вам спатрэбілася сімпатычная вопратка ці проста беларускі аксэсуар – вам сюды.
Брэнд LSTR стварае прадукцыю, якая спалучае традыцыйныя рысы і пры гэтым застаецца максімальна сучаснай – лепшага падарунка для аматара вулічнай вопраткі і не прыдумаеш. Заадно на сайце можна даведацца, што такое шабеты (калі вы не ведалі раней), і зараз жа іх набыць.
Яшчэ адзін брэнд, што актыўна займаецца сучаснай беларускай вулічнай вопраткай – ад класічных саколак і швэдраў да прынтоў-завязак на каўнер. Да таго ж ёсць магчымасць купіць што-небудзь са звышлімітаванай серыі, а гэта заўжды надае падарунку дадатковую вартасць.
2014 год у Беларусі можна смела назваць годам вышыванкі, і калі вы цягам апошніх месяцаў не паспелі прыдбаць сабе (ці каму-небудзь) адзенне з арнаментам – марка Honar прапануе вам якасную сучасную вышыванку ці прынамсі торбу.
Калі вы хочаце вылучыцца сярод натоўпаў людзей у вышыванках, можна проста займець не самы звычайны беларускі аксэсуар, а мятлік – далёка не самы трывіяльны варыянт. Займаецца імі брэнд Batlosco. Нацыянальны мятлік – чаму б не?
Хэнд-мэйд мыла ці проста незвычайнае мыла – зусім не кепскі падарунак. Асабліва калі яно шляхетнае. А менавіта такое мыла стварае брэнд Karali – там да таго ж і адмысловы гатунак “Цуд на Каляды” прысутнічае. Апроч таго, гэты ж брэнд займаецца парцалянай, якая выходзіць у калекцыях кшталту “Выцінанка” ці “Зброя ВКЛ”.
“Не маўчы па-беларуску” – унікальны каляндар ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” – таксама можа стаць арыгінальным і прыемным падарункам для тых, хто хоча вывучыць беларускую мову: кожны дзень адно новае слова. Купіць каляндар можна тут.
Мікалай Левертаў