Сусветны дзень распаўсюджання інфармацыі па праблеме аўтызму (па календары ААН – 2 красавіка) можна адзначыць круглымі сталамі і дыскусіямі па тэме. А можна падысці творча, як гэта зрабілі мамы з арганізацыі «Дзеці. Аўтызм. Бацькі»: 1 красавіка на ніжнім узроўні ГЦ «Сталіца» ў Мінску адкрылася фотавыстава «Аўтызм. Старыя казкі на новы лад». Галоўнымі героямі казачных сюжэтаў на фотаздымках сталі дзеці з аўтызмам з Мінска і Бабруйска.
На пляцоўцы ля піяніна на ніжнім узроўні «Сталіцы» як ніколі ажыўлена: музыканты, журналісты, дзеці, бацькі. З хвіліны на хвіліну пачнецца прэзентацыя праекта і дабрачынны кірмаш. Партрэты з казачнымі героямі размешчаныя ў самым цэнтры – наведнікі падыходзяць і цікавяцца. За аснову праекта ўзятыя самыя вядомыя казкі: пра Чырвоны Капялюшык, пра Вожыка ў тумане. Ёсць тут Царэвіч, Маленькі Прынц са сваёй ружай і Піпі Доўгаяпанчоха. І ў кожнага персанажа – свая казка, напісаная мамай героя.
Марыя Шаўчэнка, дзіцячы і сямейны фатограф, аўтар здымкаў: «Да гэтага праекта я нічога не ведала пра аўтызм – ну хіба што бачыла ў інтэрнэце здымкі, зробленыя бацькам хлопчыка з аўтызмам Цімаці Арчыбальдам. Калі пачала працаваць са сваімі незвычайнымі мадэлямі, зразумела, наколькі дзеці з аўтызмам розныя. Некаторыя з іх не размаўляюць і каб давесці сваю думку, карыстаюцца спецыяльнымі карткамі. Многія дзеткі вельмі разважлівыя, задаюць дарослым шмат пытанняў. Але скажу дакладна: працаваць з такой аўдыторыяй не складаней, чым са звычайнымі дзецьмі».
Таццяна Якаўлева, дырэктар МДГА «Дзеці. Аўтызм. Бацькі», мама 7-летняга Іллі: «Сёння мы не будзем расказваць пра штодзённыя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца нашыя сем’і.
Аўтызм – гэта тая рэальнасць, якую трэба навучыцца прымаць. Давайце лепш звернемся да праекта. Гэтымі фатаграфіямі мы хацелі паказаць самае галоўнае: дзеці з аўтызмам – такія ж, як і ўсе астатнія. Яны хочуць хадзіць у звычайныя садкі з аднагодкамі, вучыцца ў звычайных школах, працаваць. І каб гэта здарылася, мы павінныя прыняць іх».
Сын каардынатара фотапраекта Ірыны Дзергач, 12-гадовы Цімур, гэтай восенню пайшоў у школу. «Цімур вельмі добры і адкрыты, заўсёды адказвае ўсмешкай на ўсмешку, – кажа Ірына. – А вялікі свет часта сустракае яго ў штыкі: Цімур для яго «не такі». А насамрэч з «не такімі» ў свеце стане больш фарбаў, сюжэтаў і казак. Таму што нашыя царэвічы з матэматычнымі задаткамі ведаюць дакладную колькасць дрэў у каралеўскіх лясах, а нашыя рыцары перамагаюць драконаў голымі рукамі».
Кася Кірпацік, фота Зарыны Кандрацьевай