У галерэі «Ў» 29 верасня адбылася першая на Беларусі прэзэнтацыя інтэрнэт-бібліятэкі «Kamunikat.org». Імпрэза адбылася з нагоды дзесяцігоддзя праекта. Але ўмоўнай датай нараджэння Яраслаў Іванюк,аўтар ідэі, лічыць дзень народзінаў свайго сына – 20 чэрвеня. З гісторыі бібліятэкі можна ўзгадаць, што да 2006-га году праект працаваў на чыстым энтузіязме, да гэтага часу бібліятэка налічвала каля 800 публікацыяў. Першую дапамогу ў 2007 годзе атрымаў праект ад міністэрства замежных спраў Польшчы.
Па словах арганізатара праекта, мэтай «Камуніката» з’яўляецца пашырэнне колькасці людзей, якія ўжо даведаліся аб «скарбах Беларусі», папулярызацыя краіны за яе межамі.
Яраслаў распавёў пра калектыў, у складзе якога прыблізна дзесяць чалавек, штодзенна з іх працуе тры. Другі ўдзельнік праекту – Наталля Герасіменюк – лічыць, што людзі, якія працуюць на «Камунікаце» – хворыя. Хворыя ідэяй, бо праз плённую працу прыходзіцца ахвяраваць бяссоныя ночы, закінутыя сем’і. Затое ёсць вынікі: «Камунікат» мае такія матэрыялы, якіх няма нават ў Беларускай Нацыянальнай бібліятэцы. Дзякуючы гэтаму пректу значна прасцей стала працаваць навукоўцам: да кіраўнікоў «Камуніката» звяртаюцца студэнты, настаўнікі, якія хацелі б болш даведацца па сучасную беларускую дыяспару. Значнай праблемай для бібліятэкі з’яўляецца аўтарскае права. «Камунікат» падпісвае дамовы з аўтарамі, але ж у нашай краіне гэта не распаўсюджаная практыка. Зараз «Камунікат» займаецца пошукам і публікацыяй старых нумароў Нашай Нівы, газэты Беластоцкай.
У мінулую пятніцу наведвальнікі сайта маглі заўважыць змену стыля. Але «Камунікат» змяніў не толькі знешні выгляд, але і тэхнічны бок: змяніўся пошук, дадаліся новыя медыяфункцыі. Прыхільнікам старых версій сайту не трэба турбавацца, усе тры парталы будуць напаўняцца аднолькавым матэрыялам і працягваць працаваць. Самымі папулярнымі, як паказала статыстыка наведвання, застаюцца гістарычныя і навуковыя матэрыялы.
У перапынку перад гасцямі выступіў Алесь Камоцкі з «асацыятыўнымі» песнямі, бо «нічога тэматычнага ў рэпертуары не мае». Да таго ж выказаў жартлівае меркаванне на конт сучасных моладзевых тэндэнцый: «Бібліятэка яшчэ і прыроду ахоўвае. Зараз жа моладзь кіруецца прымаўкай «спампуй кнігу, захавай дрэва»».
Павіншаваў «Камунікат» вядомы беларускі літаратар Уладзімір Арлоў. Прызнаўся, што і сам карыстаецца «Камунікатам». Як падарунак ён прачытаў некалькі сваіх вершаў, якіх, дарэчы, пакуль няма на сайце пректу і пажадаў «ніколі не апынуцца ў аусайдзе».
На прыканцы вечарыны планавалася відэа-прэзэнтацыя праекта Андрэя Лянкевіча «Беларусы ў Польшчы», але ж па тэхнічных умовах паглядзець яе не атрымалася. Аўтар паабяцаў, што прыжаданні гэта можна будзе зрабіць на сайце кампаніі «Будзьма беларусамі».
Трэба адзначыць, што Дзень нараджэння папамагала ладзіць Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, якое доўгі час паспяхова супрацоўнічае з бібліятэкай Kamunikat.org. У хуткім часе адбудзецца яшчэ некалькі сустрэчаў з беларусамі, якія апынуліся па за межамі краіны, што не перешкаджае ім жыць з Беларуссю ў сэрцы.