Між туманам, які фіранкай зачыніў далечыню, бачны высокія бярозы, яны слухаюць малітву, якая ад сэрца адной з постацяў ліецца ў нябёсы да Анатоля Сыса. Пяць год прайшло, як памёр знакаміты паэт – за гэты час шмат разоў помнік паэта адчуваў на сабе позірк сумных вачэй.
У зямельцы ляжыць паэт… Ці склаўся ягоны лёс? А ці можа ён скласціся ў паэта? Хіба хто-небудзь не ведае адказу на гэтай пытанне?
Каля яго магілы спакойна і хораша. Ён быццам дае настаўленні людзям: творчым і звычайным, добрым і злым. Сыс, як гаворыць яго сястра Тамара, любіў усіх. Усіх госцяў паэт традыцыйна частаваў смачнай юшкай. Бывала нагатуе яе і вынесе на вуліцы, і кожны можа пайсці і падсілкавацца – даводзіла нам ягоная сястра потым на падворку.
На пятым годзе была пасаджана рабіна ў нагах паэта – так наказваў сам Сыс у сваім вершы “У нагах пасадзіце рабіну”.
Сабралася каля двух-трох дзесяткаў людзей. Адны размаўлялі пра свае ўласныя клопаты – А.Сыс шосты год запар збірае разам людзей; іншыя пра паэта – тыя хто быў знаёмы з ім. Некаторыя ж схіліўшы галаву, знаходзіліся далёка ад зямлі.
Дыхаеш паветрам, незвычайным паветрам – гарошкаўскім – яно заклікае супакоіцца і задумацца над сваімі ўчынкамі і пачуццямі, над мінулым, сучасным і будучым, яно натхняе і дае моц. Пад яго ўплывам хочацца аддаліцца ад усіх, ісці ў самоце па дарозе або схавацца ў дрэвах ці на беразе Дняпра. Мы падаліся па запрашэнню Сяржука Сыса і Тамары да хаты паэта, дзе ён нараджаў свае творы.
Дарога была ахутана туманам, як і шлях да разумення паэзіі А.Сыса. Зачаравальная цішыня – нават сабакі сустракаюць самотнымі вачамі, а не брэхам. Сонца павольна разганяе туман, промні ж слізгаюць па заінелай траве, як толькі да яе дакранешся, вільгаць адразу ж ахалодзіць пальцы.
Нечакана з’явіўся белы абтынкованы дом паэта, на сцяне шыльда з надпісам: “Тут нарадзіўся і тварыў паэт Анатоль Сыс. ” Сяржук запрашае нас ягоныя пакоі.
На сцены шмат ікон і карцін з выявамі паэта. Увайсці пакой паэта, значыць адчыніць дзверы ў сусвет паэзіі. Тут усё сціпла і проста, але ў той жа момант цудадзейна – дыван, ложак, пісьмовы стол, шафа, стул, сотня кніг на паліцах, цыгарэты “Горадня” і часопісы з вершамі.
Затым на падворку адбылася ўрачыстая частка.
Свае вершы чыталі: Ларыса Раманава – у сне я сустрэлася з Сысом, Вадзім Болбас, Генадзь Лапацін, выступіў Алесь Бялянскі, Сяржук Сыс – кожны год бібліяграфія паэта папаўняецца новыя вершамі, пародыямі, лістамі, нядаўна было знойдзена нават апавяданне.
Да свята выйшла кніга Леаніда Галубовіча «Сыс і кулуары». На жаль сам аўтар не прысутнічаў, але сымбалічна падпісаў: «У музэй Анатоля Сыса ў Гарошкаве». Даследчыца з Беластокскага ўніверсітэту Аліна Ваўранюк прысвяціла творчасці беларускага паэта магістарскую дысэртацыю: «Анатоль Сыс — паэт трагічнага лёсу». Так, ягоны дом – гэта сапраўдны музэй.
Урачыстая частка скончылася праглядам фільма “Сыс пра Сыса”.