Дзень роднай мовы для дзяцей
Імпрэзы ў межах праекта “Забаўлянкі для Янкі” праводзяцца ў Віцебску другі год. Добра тое, што аўдыторыя бацькоў, якія хочуць далучыць сваіх дзяцей да беларускасці, павялічваецца, змяняецца… Пастаянна можна пабачыць на майстар-класах і прэзентацыях новых людзей, якія разам з малымі выразаюць птушачак, каб сустрэць вясну, вучацца спяваць калыханкі і проста размаўляць на беларускай мове.
Як і летась, сёлета арганізатары не абмінулі Дзень роднай мовы і зладзілі сапраўднае свята з вясёлымі забавамі і падарункамі. Месца для імпрэзы было абранае даволі незвычайнае – знакаміты віцебскі бітлз-клуб “Паддашак”, дзе зазвычай можна пачуць зусім іншую “музыку”. Бацькі толькі і паспявалі сачыць за малымі гарэзнікамі.
Дзень роднай мовы для многіх стаў насамрэч днём адкрыццяў. Асабліва для сённяшніх дзяцей – гадаванцаў стагоддзя лічбавых тэхналогій. І першае, што яны пабачылі, – гэта дыяфільм. Дзеці 80-90-х добра ведаюць, што гэта такое, а вось для сённяшніх хлопчыкаў і дзяўчатак, больш звыклых да камп’ютарных мультфільмаў, гэта было даволі дзіўна, але і займальна. Дыяфільм быў не абы-які, а беларускамоўны, пра Хамяка і Сусліка. Агучваў абодвух персанажаў і аўтара вядомы ў Віцебску Віталь Броўка, дырэктар канцэртнай агенцыі “Кастусь-медыя”. Зацікавіў паказ і дарослых, якія разам з Віталём – хто ўслых, а хто шэптам – чыталі беларускія словы.
Адукацыйная частка працягвалася, і на імправізаваную сцэну выйшаў кіраўнік інтэрнэт-крамы imbryk.by Алесь Мазанік. Вядома, не з пустым мехам. Аднак падарункі, што ён прывёз з Мінска, трэба было зарабіць. Пасыпаліся пытанні па беларусазнаўстве… Адказвалі дзеці, ім на вуха падказвалі бацькі. Алесь быў сумленным госцем і нікога не пакінуў без прыза. У канцы зладзілі невялікі імправізаваны паэтычны канцэрт на роднай мове. Стопрацэнтнае шоў беларушчыны – у найлепшым значэнні гэтага слова!
Пасядзелі – час і пабегаць! Гульнявую праграму прапанавала артыстка Дзіцячага забаўляльнага цэнтра “Джунгли зовут”. Дзеці разам з бацькамі апынуліся ў імправізаваным цырку і паспрабавалі сябе ў ролях акрабатаў, канатаходцаў, асілкаў і нават ілюзіяністаў. Але найбольшую радасць выклікалі фокусы з вялікімі і малымі мыльнымі бурбалкамі.
Пры канцы свята роднай мовы дзеці і бацькі з задавальненнем паглядзелі мультфільм “Віня-Пых”. Вядома, па-беларуску. У дадатак частаваліся гарбатай і разнастайнымі слодычамі ад кампаніі “Віцьба”.
Дзякуючы арт-майстэрні “Alen R” на імпрэзе была створаная атмасферная фотазона, дзе без адпачынку працаваў фатограф Арцём Архіпенка. У многіх удзельнікаў імпрэзы на памяць застануцца прыгожыя здымкі.
Акрамя ўсяго наведнікі імпрэзы паўдзельнічалі ў зборы сродкаў на помнік народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну, які мусіць быць усталяваны на яго Радзіме – ва Ушачах.
Арганізатары праекта “Забаўлянкі для Янкі” шчыра дзякуюць за дапамогу і падтрымку ў правядзенні Дня роднай мовы бітлз-клубу “Паддашак” і асабіста Гарыку Аганджаняну, інфармацыйнаму партнёру ditenok.com, а таксама ўсім удзельнікам імпрэзы.
Фота – Арцём Архіпенка