У Палац мастацтваў прыбываў бясконцы натоўп, прылаўкі стракацелі пагонямі і чырвона-белым спалучэннем колераў. На вышыванкавай хвалі з’явілася шмат дызайнераў, якія пачалі змяшчаць беларускі арнамент на самыя розныя рэчы: на фэсце можна было набыць кашулі, падцяжкі, ёлачныя цацкі, пасцельную бялізну, завушніцы, швэдры, мыла, гальштукі і чахлы для тэлефонаў – атрымаўся сапраўдны модны маркет з нацыянальным каларытам.
Лера ў вышыванцы, якую толькі што набыла ў бабулі. Гэта машынная вышыўка, такая кашуля каштавала 450 тысяч. На кірмашы можна было знайсці самыя розныя вышыванкі – як зробленыя майстрыхамі ўручную, так і з прынтамі, надрукаванымі цэлымі партыямі.
Ручная вышыўка каштуе нятанна – ад мільёна да трох мільёнаў рублёў.
Тысячы стужачак з арнаментам разляцеліся за хвіліну.
Брэнд “Этнамануфактура” робіць гальштукі, матылькі і бранзалеты з ручной вышыўкай. Прадавец Барыс расказаў, што вышывае ягоная маці.
Уладзімір і Аляксандра з інтэрнэт-крамы Belarusam.by адзявалі людзей у яркія ўтульныя швэдры і шапкі. Рэчы робяцца на беларускіх прадпрыемствах.
Сямейная пара Дар’я і Віктар прадае майкі, вінілавыя налепкі і кубкі. Дар’я кажа, што займацца гэтым пачалі, калі мужу трапілася кніга з беларускімі арнаментамі, якія захацелася перанесці на сувеніры.
Мужчына прадставіўся Алегам, ён прыйшоў дапамагчы сябру ў продажы кніг, а таксама паслухаць любімы гурт “Палац”.
Марыя прыйшла ў кашулі, якую вышывала яе прабабуля. На фэсце абіралі Містэра і Міс Вышыванку.
Прадаваліся таксама майкі-маляванкі з героямі мінскіх легендаў, дызайн якіх зрабіла Наталля Аксіновіч. У камплекце з імі набор маркераў па тканіне. Можна не проста размаляваць карцінку, але і прыдумаць свой сюжэт.
Наталля Гамаінава праводзіла майстар-клас па выцінанцы, якой займаецца ўжо 10 гадоў. Выцінанка падабаецца Наталлі тым, што ў ёй сумяшчаецца графіка і прыкладное мастацтва.
Госці «Дня вышыванкі» Вікторыя і Соня.
Алёна Маркоўка і Наталля Ільніцкая з Elen-carot.by пачалі разам рабіць ільняную вопратку, вышываныя кашулі і сувеніры гэтым летам. Мараць стварыць цэнтр развіцця нацыянальнага адзення, каб традыцыйную беларускую вопратку можна было насіць у паўсядзённасці.
Мастак Алесь Пушкін прадаваў эскізы беларускіх татуіровак. Распрацаваў іх ён яшчэ дзесяць гадоў таму. «Тады ж я набіў сабе выяву Рагнеды і Ізяслава», – кажа мастак.
Адзін з арганізатараў «Дня вышыванкі» Францішак Вячорка без стомы забаўляе гасцей конкурсамі, нават спявае ды ладзіць карагоды. У перапынку расказвае, што на фэст прыйшло каля пяці тысяч чалавек. «Мэта была не столькі прадаць прадукцыю, а паказаць, што нас шмат, – кажа ён. – Мы ўсе светлыя, беларускамоўныя, аб’яднаныя агульнымі ідэямі, упершыню сабраліся ў цэнтры горада ў такой колькасці. Мы бачым колькі прыйшло школьнікаў, студэнтаў, гэта не толькі тыя людзі, якіх пабачыш на вулічных акцыях ці ў галерэі «Ў», гэта зусім новыя свежыя наведнікі». Акрылены поспехам, Франак абяцае праводзіць фэст і надалей, магчыма, нават у больш прасторных памяшканнях.
Да майстра міхендзі Ірыны стаіць цэлая чарга, усе хочуць беларускі арнамент на запясці. Ад карпатлівай працы ў Ірыны дрыжаць рукі. Яна кажа, што хна ўсё-такі больш пасуе для плаўных, хуткіх ліній, таму наступным разам для беларускага арнаменту абярэ аквагрым і трафарэты.
У канцэртную залу было не зайсці, там праходзілі майстар-класы па беларускіх спевах, лекцыі па традыцыйным строі і нацыянальных татуіроўках. Увечары тут выступілі гурты Amaroka, Znarok, Navi і “Палац”.
Аляксандра Дорская, фота Зарыны Кандрацьевай