Бурлівы снежань, на які ніяк не ўказваў гэты цяжкі і ў нечым пераломны год, сведчыць, наколькі ўмоўныя ўсе падвядзенні вынікаў. Цэлы год вакол нашай краіны адбываўся суцэльны гармідар, а яна заставалася нярушнай скалой стабільнасці, якая знікла за два дні сярэдзіны апошняга месяца.
У тэатральнай сферы не ў такой ступені, але, па сутнасці, адбылося тое самае – у снежні змяніліся многія акцэнты. 2014-ы меў стаць годам, калі вялікія пляцоўкі кшталту Тэатра імя Я.Купалы і Тэатра імя М.Горкага далі шанец маладым, а ў выніку маладыя праявілі сябе зусім у іншых месцах. Таму вынікі года атрымліваюцца сумбурнымі.
Яшчэ адна ўмоўнасць падвядзення вынікаў тычыцца ўмоўнасці ўсяго нашага лёсу. Возьмем для прыкладу Напалеона Банапарта, фігура для сучаснай еўрапейскай цывілізацыі ключавая. Напэўна яго можна назваць асобай стагоддзя, але ў які год выявілася яго надзвычайная веліч? Год нараджэння, Тулона, Аўстэрліца ці прыняцця Кодэкса? Многія рэчы стануць зразумелымі і яўнымі толькі праз пэўны час. Буйное бачыцца на адлегласці. Парадаксальным чынам гэта робіцца важнай прычынай рэгулярна падводзіць прамежкавыя вынікі, каб зарэгістраваць найменшыя зрухі, якія потым могуць пачаць тэктанічныя змены…
Тэндэнцыя года: дакументальны тэатр
Вось так, рэгулярна падводзячы такія вынікі з 2005 года, заўважаеш, як цяжка і марудна цякуць некаторыя працэсы. У 2005 годзе “Свабодны тэатр” прэзентаваў свой спектакль “Мы. Самаідэнтыфікацыя”, якая потым стала часткай спектакль “Мы. Белівуд”, і гэта было па сутнасці адраджэннем жанру дакументальнага тэатра, які доўгі час заставаўся на перыферыі ўвагі тэатра беларускага. Дакументальныя спектаклі былі раней, але ніколі гэта не рабілася часткай мастацкай праграмы. Дык вось, у кантэксце 2005 года на фоне прэм’еры “Сымона-музыкі” Пінігіна ці з’яўлення спектакля “Дванаццатая ноч” Сучаснага мастацкага тэатра праект “Мы” здаваўся не такім яскравым. І толькі цяпер, калі ад “Сымона-музыкі” і “Дванаццатай ночы” не засталося нічога, апроч добрых рэцэнзій, абсалютна ясна, што Мікалай Халезін і Уладзімір Шчэрбань у тым праекце паспрабавалі працаваць у той мадэлі супрацы акцёраў з героямі і драматургамі, якая сёння зрабілася нормай. Практыка дакументальных спектакляў распаўсюдзілася настолькі, што мы лёгка можам сабраць праграму цікавых і разнастайных дакументальных спектакляў, на што дзесяць гадоў таму было смешна нават спадзявацца.
Трымаем у галаве праекты “Бі-Лінгвы” Андрэя Саўчанкі і “Патрыс” Студыі альтэрнатыўнай драмы і лічым далей… Свабодны тэатр працягвае дзейнасць у гэтым кірунку, зрабіўшы два спектаклі за апошні год (“Red forest” і нядаўняя беларуская прэм’ера праекта “Час жанчын”). Вельмі цікавы праект у духу маскоўскага Тэатра.doc зрабіла Алена Сілуціна разам з артыстамі Юліянай Міхневіч і Антонам Жукавым на тэму беларускай эміграцыі. Народны тэатр з Краснаполля, невялічкага мястэчка, якое было моцна забруджанае пасля Чарнобыльскай катастрофы, зрабіў сваю версію “Чарнобыльскай малітвы”, для якой адмыслова былі дапісаныя эпізоды, а часам героі гісторый самі выходзілі на сцэну, каб іх расказаць. Завяршыў год спектакль Тэатра беларускай драматургіі “Мабыць?”, які вылучаецца з названых праектаў тым, што ён найбольш глядацкі.
Спектакль года: “Мабыць?”
Эксперымент існуе не сам для сябе. Любая падзея можа ацэньвацца з пункту гледжання таго, як яна змяніла свет. Спектакль Аляксандра Марчанкі і Дзмітрыя Багаслаўскага “Мабыць?” не змяняе свет, а ёсць прыкметай таго, што свет нарэшце змяніўся. Метады і практыкі дакументальнага тэатра нарэшце выйшлі да шырокага гледача. Маецца на ўвазе, што спектакль “Мабыць?” будзе рэгулярна паказвацца ў рэпертуары, на яго будзе хадзіць не толькі прэм’ерная, фестывальная, але і шараговая, так бы мовіць, “шырокая” публіка. І самае цікавае тут – менавіта тыя працэсы, якія ў гэтых колах запусцяцца з нагоды спектакля.
Такое правяраецца практыкай, але на маю думку, Марчанку ўдалося зрабіць у першую чаргу менавіта глядацкі спектакль. Акцэнт у ім зроблены не на драматургічную канцэпцыю, не на эфектны рэжысёрскі прыём, а на тое, што гледачу ў тэатры бліжэйшае і зразумелае больш за ўсё – на акцёраў.
Акцёры ў спектаклі мелі свабоду прапаноўваць тэмы, на іх ляжала вялікая частка нагрузкі па адборы матэрыялу. У выніку спектакль выглядае капуснікам, мае энергетыку студэнцкага спектакля, але разам з тым спрабуе фармуляваць цяжкія сапраўдныя тэмы кшталту сямейнага гвалту ці стаўлення да дамашніх жывёл. Я вылучыў адну акцёрскую работу ў асабістыя намінацыі, але такіх акцёрскіх работ у спектаклі вельмі і вельмі шмат.
Рэжысёр года: Дзяніс Фёдараў
Калі пераходзіць на асобы, то пачаць трэба з рэжысёра, і тут я палемізую з вынікамі Нацыянальнай прэміі. Рэжысёрам года журы нацпрэміі абвясціла Саўлюса Варнаса. Мне здаецца, працу Варнаса нельга ацэньваць па-за кантэкстам. А кантэкстам з’яўляецца яго прызначэнне на пасаду галоўнага рэжысёра Магілёўскага тэатра, і вынікі гэтай працы будуць бачныя няхутка.
Нацпрэмія цалкам праігнаравала здзяйсненні маладых рэжысёраў, а яны ёсць. Ёсць Марчанка, ёсць Аверкава, ёсць Янушкевіч, ёсць Карняг. І гэта праблема Нацыянальнай прэміі: яна не ўмее заўважаць і падтрымліваць творчую моладзь. А падтрымка патрэбная, іначай яны раз’едуцца ўсе!
Мой выбар на карысць маладога рэжысёра Дзяніса Фёдарава ёсць спробай такой падтрымкі. Звярніце ўвагу на яго!
Дзяніс Фёдараў працуе ў Брэсце, яму цяжка быць на слыху. Яго спектакль паводле “Навальніцы” Астроўскага – гэта ўдалая работа са складаным матэрыялам на вялікай сцэне, хаця хутчэй за ўсё яна, на жаль, застанецца незаўважанай і недаацэненай. Яго лабараторная праца з драматургіяй мае добрыя водгукі. Ён вытрымлівае моцную канкурэнцыю ў тэатры з боку Цімафея Ільеўскага.
Такім чынам, у Брэсце маем жывы тэатральны працэс, які ідзе на карысць тэатру, трупе, а самае галоўнае – гледачам, якія маюць выбар.
Акцёры года: Людміла Сідаркевіч і Уладзімір Глотаў
Называць у такіх выніках свае праекты – прыкмета дурнога тону, але ў мяне ў пэўнай ступені развязаныя рукі. Уладзімір Глотаў атрымаў за год узнагароды за сваю працу ў спектаклі “Аракул?” – у Магілёве персанальную, на Нацпрэміі агульную ў якасці Гран-пры. Я б хацеў адзначыць яго працу ў спектаклі “Viva Commedia!”, якую я рабіў у якасці праект-менеджара.
Гэта выбітная акцёрская праца ў тым сэнсе, што акцёр можа змяніць сутнасць жанру. Не бывае камедыі дэль артэ, дзе галоўным героем быў бы Інамарата (Закаханы). Выкананне Глотавым надае спектаклю сапраўднага камедыйнага паветра, ён купаецца ў магчымасці імправізацыі і надае спектаклю рытмы і настрой, які надаюць галоўнаму канфлікту (маладосці і вопыту) паэтычную ўзнёсласць.
Людміла Сідаркевіч надае ўсяму “капусніку” спектакля “Мабыць?” публіцыстычную завостранасць апазіцыйнай газеты. Апазіцыйныя выданні ў нас у гэтым годзе зняславілі сябе сэксісцкімі жартамі, таму з’яўленне ў дзяржаўным тэатры, які паталагічна глухі да праблем грамадства, тэмы дамашняга гвалту вельмі важнае. І да таго, як гучыць маналог гераіні Сідаркевіч, прыслухоўваешся з нечаканым пачуццём унутры: мы не прывыклі да таго, што з намі гавораць пра такія рэчы.
Абодва адзначаныя выканаўцы граюць у ансамблевых спектаклях. І менавіта ансамблевасць дапамагае ім раскрыцца, вылучыцца, заззяць па-асабліваму.
Чаканні
Гэты год нарадзіў спадзевы. Вельмі цяжкае фінансавае становішча не замінае буйным праектам. Пабудаваны новы будынак Маладзёжнага тэатра, Купалаўскі тэатр гуляецца ў сваіх новых прэм’ерах з магчымасцямі абсталявання сваёй сцэны.
Год быў цікавым сваім экстэнсіўным развіццём. Актыўна працавалі Вячаслаў Іназемцаў, Вольга Скварцова, Вольга Лабоўкіна. З’явілася вялікая колькасць новых тэкстаў, сярод якіх вызначу п’есы Максіма Дасько. Развіваецца форум вулічных тэатраў пад кіраўніцтвам Маргарыты Корзун і Уладзіміра Галака. Неяк актыўней сталі працаваць крытыкі, пра новыя спектаклі выходзіць шмат новых палемічных тэкстаў. Людзі – наш галоўны рэсурс, і гэта натхняе.
Перадумовы для росту ў нас ёсць, трэба толькі закасаць рукавы і працаваць яшчэ больш. Гэта адзіная антыкрызісная парада, якой я асабіста веру.
Аляксей Стрэльнікаў