Новы лэйбл завецца SunWoofer, і на ім будзе выдавацца самая дзівацкая музыка рознай стылістыкі.
Адным з заснавальнікаў лэйблу стаў Яўген Калмыкоў, нязменны прадзюсар гурта “Ляпіс Трубяцкі” і дырэктар творчага аб’яднання “Дзеці Сонца”, які, па сутнасці, таксама ў свой час выконваў функцыю незалежнага рэкард-лэйбла. Што сталася з “Ляпісамі”, вядома ўсім, а вось “Дзеці Сонца” прыпынілі сваю дзейнасць без гучных заяваў. У нулявых яны займаліся выданнем складанак і альбомаў, правядзеннем канцэртаў і фестываляў, прадзюсаваннем розных выканаўцаў (“Саша і Сірожа”, “Мери Поппинс”, ТТ-34 ды інш.). “У пэўны момант мы зразумелі, што не можам цягнуць усё і мусім сканцэнтравацца на адным “Ляпісе” па поўнай, таму замарозілі праект”, – кажа Калмыкоў. Агульная сітуацыя на музычным рынку, адміранне фізічных носьбітаў і спыненне дзейнасці іншых лэйблаў у Беларусі ды постсавецкіх краінах толькі падмацавалі Яўгена ў гэтай думцы.
Тым не менш ён вярнуўся да ідэі незалежнага музычнага лэйблу. Праўда, цяпер ужо без Сяргея Міхалка, сузаснавальніка “Дзяцей Сонца”. Пачаць вырашана з нуля пад новай назвай – SunWoofer і скарэктаванай канцэпцыяй. “Сітуацыя змянілася і сведчыць, што можа здарыцца эвалюцыйны скачок, бо адносіны ў музычнай сферы змяняюцца, з’яўляюцца магутныя каналы такія як iTunes, прыходзіць на постсавецкую прастору Apple Music, так што ёсць жаданне не проста займацца канцэртамі, а рабіць больш для прасоўвання сяброўскіх нам выканаўцаў”, – кажа Яўген. Сярод запланаваных рэлізаў лэйбла, напрыклад, новы альбом Міхея Насарогава “Друг” і праект Барыса Штэрна “Слушать в наушниках”, пра які пісала Budzma.by, а таксама рэлізы ад Васі Пачыцкага і яго групы “Перебор”, былога ўдзельніка “Ляпісаў” Паўла Казюковіча і яго праекта Pafnutiy’s Dreams. А вось ад выдання альбома “Дай дарогу!” вырашана было адмовіцца, нягледзячы на вельмі добрая стасункі – не адпавядаюць стылю. “У нас ужо вымалёўваецца пэўны стыль выканаўцаў, з якімі мы працуем. Нам не блізкі трэш, нас не цікавіць готыка, нам хочацца, каб было цёпла і радасна, у гэтым плане мы цягнем далей сэнс “Дзяцей Сонца” – суцэльны пазітыў. Нас цікавяць калі не фрыкі (бо музыкі могуць і пакрыўдзіцца за такое азначэнне), дык дакладна дзівакі. Яны могуць граць рэгі ці чытаць рэп, але іх музыка не мусіць быць звыклай і прадказальнай, яна мусіць быць па-добраму дзіўнай і арыгінальнай”, – зазначае Калмыкоў.
Актыўную дзейнасць SunWoofer распачне ўвосень 2015. Да канца года мяркуецца выдаць ажно 11 рэлізаў.
Сяргей Будкін