Эксперыментальную пастаноўку паказалі ў Магілёўскім драматычным тэатры 29 студзеня. Паказ працы «Oratorium» Юрыя і Тані Дзіваковых на самай справе быў «здачай» мастацкай радзе тэатра, аднак наведаць прадстаўленне маглі ўсе ахвочыя абсалютна бясплатна.
У пастаноўцы задзейнічаныя ўсяго чатыры акцёры, а гледачоў размясцілі не ў зале, а проста на сцэне. Як кажуць самі стваральнікі пастаноўкі, гэта не перфоманс і не спектакль, гэта проста гісторыя без канкрэтнага сюжэту. Аднак кожная дробязь у гэтай гісторыі грае сваю ролю.
«Oratorium» — вельмі неадназначная пастаноўка, якую кожны ўспрымае і разумее па-свойму. А хтосьці не разумее зусім. Як кажуць аўтары, гэта іх бачанне смерці прынцэсы Дыяны, вакол якой ходзіць мноства чутак і легенд. Першапачаткова Юра і Таня збіраліся даць пастаноўцы назву «Калі гіне прынцэса Дыяна», аднак потым вырашылі ўскладніць задачу гледачу, назваўшы пастаноўку «Oratorium», каб адмесці любыя стэрэатыпы і чаканнi.
40-хвілінны спектакль для кожнага прайшоў па-свойму — стваральнікі выкарыстоўвалі гульню святла, колеру, гуку, эмоцый. Ні пра які лагічны ход сюжэту не было і гаворкі. Нават канцоўкі як такой не было: расставіць усе кропкі над «і» рэжысёры прапанавалі гледачу самастойна.
Марыя Гілёва