Прыдуманая за пару гадзінаў у цягніку Мінск — Гродна дызайнерамі з арт-студыі Pras гульня “1514” можа стаць хітом продажаў гэтай восені. На прэзентацыі ў кнігарні “логвінаЎ” ахвочых паглядзець, пагуляць ды набыць “беларускую эпічную настолку” было значна больш, чым можа змясціць кнігарня.
Што: Прэзентацыя эпічнай настольнай гульні “1514”.
Дзе: Кнігарня “Логвінаў”
Чаму: Роўна 500 гадоў таму, 8 верасня 1514 года, войска Вялікага Княства Літоўскага разграміла маскоўцаў пад Оршай.
Хто: Мікалай Тамашэвіч, Аляксей Кульбіцкі і арт-студыя “Pras”. Кансультаваў знаўца зброі ВКЛ, прафесар Юрась Бохан.
Бюджэт: Гульню прыдумалі за дзве гадзіны, рэалізоўвалі год, грошы збіралі сяброўскай талакой. Выданне ў 1000 асобнікаў (дызайн, друк) абыйшліся ў 8000 даляраў. Яшчэ каля 4 000 пайшло на прома, стварэньне сайту і роліку.
Чым цікавая: Дызайн гульні зроблены ў адпаведнасці з гістарычнымі дакументамі. Прыкладам для фігуркі ратніка ВКЛ стала вайсковае ўзбраенне Мікалая Радзівіла Сіроткі, на картках скарыстаныя тагачасныя вайсковыя чарцяжы, мапа гульні звяралася па гравюрах з рэальным геаграфічным становішчам ракі Крапіўны, Аршанскага замка, паселішчаў і лагераў войскаў. Акрамя таго ў гульні выкарыстоўваюцца ўяўленні пра забабоны XV — XVI стагоддзяў.
Як гуляць: Гульня складаецца з гульнявога поля, шасці фігурак пяхоты, артылерыі і кавалерыі, 60 дапаможных картак з вайсковымі задачамі, кубіка для вызначэння руху ды правілаў гульні. Гуляць могуць 2, 4 або 6 чалавек. Падчас гульні можна рабіць манеўры, хадзіць, выклікаць саперніка на бой, прымаць бой. Галоўная мэта — дайсці да лагера саперніка. Для дзяцей ёсць спрошчаны варыянт гульні, дзе трэба проста кідаць кубік і выконваць дзеянні па картках. Гуляць можна з 6 гадоў.
Колькі і дзе: 290 тыс. падчас прэзентацыі ў кнігарні “логвінаЎ” нібы са зніжкай (потым будзе даражэй) і 200 тыс. праз інтэрнэт-краму Symbal.by. У Гародні мае з’явіцца ў краме-клубе “Кубік”, на сайце цана – 260 тыс. Будзе таксама ў продажы на Prastora.by.
Рэакцыя: Мяркуючы з першага дня продажаў, наклад гульні разыдзецца даволі хутка. Першая рэакцыя публікі — станоўчая. Самі распрацоўшчыкі ўжо лічаць поспехам тое, што на Tut.by пра іх гульню не так і шмат негатыўных водгукаў, “хоць заўжды там уздымаецца бульбасрач”.
Сайт гульні: www.1514.by.
Што далей: Гульні на гістарычную тэматыку ды з беларускім каларытам — абсалютна вольная ніша. “Калі б хто даў грошы, то здольных рэалізаваць такія ідэі знайшлося багата”, — кажуць распрацоўшчыкі “1514”. Самі яны гатовыя пры належным фінансаванні ўзяцца за гістарычную стратэгію кшталту “Казакоў”, а таксама працягваюць працу над сваім праектам “Беларускія шахматы”.
Мікалай Дубавіцкі
Фота – Зарына Кандрацьева