Фальклорную экспедыцыю для запісу русальнага абраду ў вёску Усохская-Буда (Гомельская вобласць, Добрушскі раён) ажыццявіў 12–13 чэрвеня 2009 г. этна-джазавы гурт “Акана-НХС”.
Русальная абраднасць звязаная з перыядам напярэдадні купальскага летняга цыклу, які называецца, паводле народнай тэрміналогіі, “Русалчын тыдзень” ці “Русальны тыдзень”.
Функцыянальнасць русалак у народных павер’ях мае амбівалентны характар.
З аднаго боку, гэта “злобные существа и свою злость переносят на людей: переворачивают лодки, рвут сети рыбаков, пугают рыбу, особенно опасно подходить к реке молодым парам, ибо русалки из зависти могут погубить обоих”.
З другога боку, гэтыя істоты ўплываюць на ўраджайнасць пасеваў (“русалкі седзяць у жыці, як ено рясуе, – ето Бог іх посылае пільноваць, штоб ніхто ні тоўкся да не трусіў каласкоў, бо не наллюцца”).
Русальны абрадавы комплекс уключае такія структурныя элементы, як выбар прыгожай дзяўчыны на ролю русалкі, праводзіны русалкі да жыта, выкананне рытуальных русальных песняў, міфалагічныя вераванні, звязаныя з русалкай.
“Праводзіны” русалкі адлюстроўвае заключны момант: выправаджэнне русалкі, адпраўка яе на “той свет”. Асноўны набор акцыянальных формаў “праводзін”, што ажыццяўляеюцца з вянкамі, з чучалам і – сімвалічна – з русалкай (спальванне або пераскокванне цераз вогнішча, сплаўленне па вадзе або штурханне пераапранутай у ваду, выправаджэнне на могілкі, закідванне на дрэва), замацавалася ў народнай тэрміналогіі (“паліць русалку”, “тапіць”, “закапуваць русалку”, “заганяць на грушу”).
Кульмінацыйны абрад “весці ў жыта” – рэалізуе ідэю забяспечання добрага ўраджаю, а разрыванне адзення русалкі тлумачыцца як сімвалічнае заканчэнне вясны і надыход новай пары ў прыродзе.
Найбольш падрабязныя звесткі пра абрад праводзін русалкі пашчасціла запісаць у вёсках Добрушскага раёну. Так, падчас экспедыцыі 2009 году ў в. Усохская-Буда намі адзначаныя пэўныя мясцовыя асаблівасці русальнай абраднасці.
Апраналі і ўпрыгожвалі дзвюх русалак, бо “раньшэ іх было дзве – з аднаго края сяла і з другога ішлі і сустракаліся”, і вялі русалак з песнямі праз усю вёску.
“У русалак прэврашчаюцца маладыя дзеўкі, каторыя памерлі да вяселля”.
Сам русальны рытуал “Праводзіны русалкі” абходнага тыпу: “русалка ў нашай меснасці была добрая, паэтаму, кагда яе вялі, ана далжна ўсем кланяцца”.
“Вілі вянкі з маладой бярозы і надзявалі ей на голову , а замест плацця віселі веткі, іх падвязывалі поясам”.
Калі русалак даводзілі да могілак актуалізаваўся рытуал “распранання русалкі”: “раздзіралі гэтае адзенне”.
Як кажуць носьбіты традыцыі, “русалак разбіраюць”: “Жэншчыны, кажная, хто тамака ё, стараецца ўхапіць хоць за адну галючыну”, якімі былі ўбраныя русалкі і часткі якіх пасля кідалі ў агароды: “і тыркаюць на гародзе, штоб мядзведзька не ела ні капусту, ні буракоў”, “каб быў добры ўраджай”.
Увесь абрад суправаджаецца спецыяльнымі песнямі на тыповыя напевы :
“Русалкі сядзелі, на дзевак глядзелі…”
Гукавы файл 01 rusaliki i zbazhnica
Русалкі сядзелі,
На дзевак глядзелі,
Ой, рана-рана,
На дзевак глядзелі.
Дзевачкі-сястрычкі,
Дайця нам спаднічкі,
Ой, рана-рана,
Дайця нам спаднічкі.
Хлопчыкі-браточкі,
Дайця нам сарочкі,
Ой, рана-рана,
Дайця нам сарочкі.
Другі варыянт:
“…калі хлопцы маладыя плаваюць летам, русалкі любяць іх шчакаціць. А калі хлопец спадабаўся вельмі, хапаюць яго за нагу, ён і тоне”.
Пшаніца стаяла,
Калоссем махала,
Ой, рана-рана,
Калоссем махала.
Калоссем махала,
Голасам сказала,
Ой, рана-рана,
Голасам сказала.
Дзевачкі-сястрычкі,
Вы мене сажніце,
Ой, рана-рана,
Вы мене сажніце.
Цяжка ж мне стаяці,
Калоссем махаці,
Ой, рана-рана,
Калоссем махаці.
Па-за межамі русальнага абраду мы запісалі й некалькі карагодных песняў.
Тут на здымку бабулі (Грудавенка Валянціна Гаўрылаўна, 1930 г.н., і Ананчанка Ксенія Данілаўна, 1923 г.н.) праслухоўваюць свае ўжо запісаныя намі на дыктафон спевы і самі ж сабе падпяваюць.
Бабулі спрачаюцца, маўляў, хто якую песню будзе спяваць!
“Калісь дзеўкі, у косы паўплятаем ленты, а на двары танцавалі. Да босыя! У нас жа не ва шчо было пасля вайны адзецца. Мы ж тада ваенныя дзеці… Гармошка як заіграе! Гэта жа цяпер сёлы выміраюць, а тады ж, як гармошка заіграе, дык хде хто стаіт, там і танцуе. Вот, бедна жылі! После вайны голад і холад, но весела. Не так, як цяпер. Цяпер ёсць што есць і што піць, но вясёласці німа чось ніякея… ”
Гукавы файл – 03 jak zhyli da vainy
А тут жанчыны – Кулагіна Надзея Мікалаеўна, 1949 г.н., і Цёмнікава Вольга Міхайлаўна, 1940 г.н., – расказваюць нам пра русалак: “Былі русалкамі маладыя дзеўкі, што тапіліся, і іх не знаходзілі, ці маленькія нехрышчоныя дзеці”.
“У русалак прэврашчаюцца душы дзяцей, якія памерлі да хрышчэння”
“Русалкай магла стаць дзеўка. Я чула, што ад любві, якая была безадказнай, няправільнай, яна ідзе ў ваду і прэўрашчаецца ў русалку”
Жанчыны кажуць: “Русалкі – гэта жонкі вадзяніка, ці дочкі яго. Ёсць розныя русалкі: сапраўдныя, якія нарадзіліся русалкамі, яны не выходзяць ніколі на бераг. Дзяўчаты, што ўтанулі, таксама сталі русалкамі. Гэтыя выходзяць на бераг, могуць нават падыходзіць да сваёй хаты”.
Жанчыны на гэтым здымку спяваюць “страданія”, прыпеўкі. Прычым будуюць своеасаблівую іерархію (галоўную спявачку ніхто не мае права перапыняць, напрыклад) і высвятляюць адносіны паміж сабою праз песні.
Пры канцы дня жанчыны прыгатавалі для гасцей сціплы стол, і мы амаль што да ночы спявалі, размаўлялі пра жыццё і, вядома, узгадвалі русалак: “бояліса іх (русалак)… Яны ж мэртвы народ, значыць у іх разговора савсем нет…Оні паганого нічого не зробяць, поховаюцца, чоловік іх не бачыць.”
А вось так выглядае штодзённы побыт бабулек, з якімі яшчэ жыве наша спеўная традыцыя.
Песні і каментары запісаныя ад: Саломінай Надзеі Віктараўны 1960 г.н., Івановай Святланы Іванаўны 1957 г.н., Ярмошкінай Матроны Сцяпанаўны 1938 г.н., Маісеенка Паліны Дарафееўны 1936 г.н., Кірыленка Таццяны Ігнацьеўны 1940 г.н.,Кузеевай Надзеі Андрэеўны 1931 г.н., Балмаковай Марыі Пятроўны 1937 г.н., Гоганавай Вольгі Савельеўны1936 г.н..
Тэкст, гук: Ірэна Катвіцкая, Руся.
Фота: Юра Маціюн.