Шаноўныя аматары экскурсій і гісторыі роднага края!
Мы радыя паведаміць, што Фэст экскурсаводаў вяртаецца!
У гэтым годзе, як і мінулыя гады, ён будзе прымеркаваны да Міжнароднага для помнікаў і мясцінаў і пройдзе 18-19 красавіка.
Мы паспрабуем арганізаваць яшчэ больш экскурсій па Мінску, чым у мінулыя гады (а ў апошні раз іх было больш за 70), знайсці новыя, цікавыя тэмы, прыцягнуць як маладых, крэатыўных экскурсаводаў, так і ветэранаў экскурсійнай справы. Таксама спадзяемся, што ў гэтым годзе да Фэста актыўна падключацца рэгіёны.
Мэты Фэста застаюцца такія ж, як і ўсе папярэднія 5 год: праз бясплатныя экскурсіі мы спрабуем прыцягнуць увагу мясцовых жыхароў да гістарычных помнікаў, каля якіх яны жывуць, а таксама актывізаваць творчую “жылку” экскурсійнай справы ў Беларусі.
Аднак “Фэст” робіць не аргкамітэт, “Фэст” робяць дзесяткі краязнаўцаў і экскурсаводаў па ўсёй Беларусі, а таму…
Шаноўныя краязнаўцы і экскурсаводы Мінска, Гомеля, Пухавіч, Вілейкі, Вішнева, Буда-Кашалёва, Лынтупаў, Азярычыны, хутара Падцерабы і ўсіх-усіх населеных пунктаў Беларусі! Запрашаем вас далучыцца да “Фэста экскурсаводаў-2015” і 18-19 красавіка правесці ў сваёй мясцовасці адну бясплатную экскурсію.
Экскурсія, зразумела, мусіць быць пешаходная (варыянт ровараў, плытоў, канькоў і гандолаў таксама прымаюцца). Тэма пажадана новенькая. У кожнага актыўнага экскурсавода заўсёды ёсць нейкая тэма, якая ляжыць у шуфлядцы, бо на яе наўрадці збярэцца камерцыйная група. Дык вось менавіта цяпер у вас ёсць шанец паспрабаваць яе ў дзеянні.
Дасылайце інфармацыю пра сябе і вашу экскурсію на е-мэйл [email protected]. Поўны спіс экскурсій з’явіцца ў буйнейшых СМІ краіны за тыдзень да “Фэста” і ўсе жадаючыя змогуць прыйсці вас паслухаць.
Шаноўныя турфірмы! Вы таксама можаце выставіць сваю экскурсію ў наш спіс. Толькі вось банальная аглядная па Мінску тут не падыйдзе. Чакаем вашага крэатыву! Мы ўпэўненыя, што бясплатны крэатыў цяпер адгукнецца вам пасля павышэннем якасці вашага асноўнага прадукта.
Моладзь і не толькі! Усе тыя, хто хоча стаць экскурсаводам, але баіцца зрабіць першы крок. У межах “Фэста” традыцыйна будзе блок “вучнёўскіх экскурсій”. Мы гатовыя дапамагчы вам падртыхтаваць і правесці вашу першую самастойную экскурсію. Звяртайцеся. Гэта ваш шанс!
Актывісты і студэнты! Падчас Фэсту, 18-19 красавіка, нам вельмі патрэбная будзе дапамога валанцераў. Валанцер на Фэсце – гэта кіраўнік экскурсіі. Менавіта ён сачыць за парадкам, пералічвае колькасць удзельнікаў экскурсіі, фатаграфуе яе, раздае матэрыялы і валодае інфармацыяй пра месца і час правядзення іншых экскурсій. Праявіце свае арганізацыйныя здольнасці!
Шаноўныя экскурсаводы, краязнаўцы і актывісты ў рэгіёнах! Мы гатовыя аказаць вам максімальную падтрымку, каб у вашай мясцовасці “Фэст” прайшоў не горш, чым у сталіцы. Пішыце нам!
Мы адкрытыя да любых прапаноў!
Па ўсіх пытаннях пішыце на пошту [email protected]