Пакуль “Баварыя” і лонданскі клуб “Чэлсі” высвятлялі адносіны на стадыёне ў Мюнхене, на стадыёне “Трактар” у Мінску таксама “запальвалі” – не спартоўцы, але фаершчыкі. Людзі, якія ў наўпростым сэнсе слова любяць жартаваць з агнём.
З надыходам цемры распачаўся Першы міжнародны фестываль агню. Вечар абяцаў быць спякотным.
Вогненнаму фэсту папярэднічаў форум вулічных культур, які праходзіў на стадыёне ўдзень. Відовішча насамрэч маркотнае. Так, можна было папіць цёплага квасу і паглядзець на ўсходнія танцы, кінуць сякеркай у мішэнь, сфатаграфавацца з байкерамі ці на фоне вясёленькіх графіці. Але ўвогуле было сумна. І горача. Адзіная прыстойная забаўка – скачкі з велізарнай вышкі, якія арганізавалі сталічныя роўпджамперы – скакуны з вяроўкамі. Дарэчы, дазволенае шоў роўпджампераў прайшло ў Мінску ўпершыню. Кожны ахвотны мог глынуць адрэналінчыку за 90 тысяч беларускіх рублёў. І па экстрым стаялі велізарныя чэргі.
Нарэшце з поля стадыёна ўсе перайшлі на трыбуны, каб назіраць за доўгачаканым вогненным шоў. Праграма распачалася паказальнымі выступамі. Аматары агню з Літвы і Украіны танцавалі з вогненнымі веерамі ды віртуозна круцілі вогненныя палкі.
Афіцыйную частку вогненнага спаборніцтва адкрылі беларусы Digrease’s Buffon Theatre з пастаноўкай “Алхімік” паводле твора Гётэ “Лясны цар”. Калі першыя беларусы ўразілі драматургіяй і акторскай гульнёй, то другія – каманда “Маоры” – “запалілі” публіку піратэхнічна-вогненным відовішчам. Дарэчы, “Маоры” – невыпадковая назва. Былі такія плямёны ў Новай Зеландыі. У межах некаторых культаў яны круцілі на вяроўках каменьчыкі, абгорнутыя ў тканіну. Такі прыбамбас называўся «поі» – «мяч на вяроўцы». Сёння поі – адзін з самых распаўсюджаных прылад для фаершчыкаў.
Беларускі тэатр агню “Элементаль” выправіўся ў космас. Павал Абакумаў (адзін з пачынальнікаў фаер-шоў на Беларусі) са сваім калегам па тэатры выйшлі на сцэну ў марсіянскіх касцюмах. За плячыма касманаўтаў – срэбныя заплечнікі, адкуль у патрэбны момант павалілі іскры, ператвараючы касмічных падарожнікаў у лятучых вогненных коней.
Дарэчы, вогненны конь у праграме шоў стаяў асобным пунктам. Вядоўца доўга інтрыгавала гледачоў: маўляў, у самым канцы вечара па полі “Трактара” праскача нешта. Гэтым “нешта” стаў сімпатычны конь Зорка, абгорнуты ў сетку са светладыёдаў. А ўсе чакалі шмат агню і спецэфектаў – гэта ж фінальная нота! Карацей, пасля асноўных выступаў “конскае” шоў выглядала не вельмі арыгінальна.
Затое ўразіў вогненны канцэрт ад гурта “Гефест” (гітарысты на хадулях і ў языках агню выглядалі вельмі эфектна). Літоўскія “манашкі” ў скураных ботах і панчохах-сэксі “запалілі” хэві-метал-шоў з вогненнымі палкамі.
Шоў на “Трактары” скончылася ўначы. Многія не паспелі на транспарт, верхняя адзежа прапахла газай, але ўсё гэта, як кажуць, выдаткі вытворчасці. Для Беларусі гэта першы досвед імпрэзы такога маштабу – ёсць куды “гарэць” і куды расці.
Кася Кірпацік