Праз дзясятак гадоў пасля падзей першай часткі вірус забіў пераважную большасць людзей і надзяліў цяжарам розуму шымпаў. Апошнія дык зусім думаюць, што сапіенс адправіліся ў свой чалавечы рай пагалоўна, але сустракаюць-такі аднойчы групу “безвалосых”. Тыя просяць дапамогі, але рыхтуюцца да вайны — увогуле, паводзяць сябе зусім як людзі.
Ёсць катэгорыя фільмаў, у якіх чалавечую цывілізацыю супрацьпастаўляюць іншай. І тая, іншая — больш сумленная, самаадданая, лепшая. “Аватар” як прыклад. У “Рэвалюцыі” ж у якасці альтэрнатывы нам з вамі выступаюць сваякі-гамініды — гэта міла і няшна, але толькі ў тым і навізна.
Каб увага была прыкаваная да малпаў, персанажы людзей паказальна і прынцыпова няяркія. Але і надзяляць тонкімі характарамі герояў, якія з простай хадой пакуль не разабраліся, стваральнікі таксама не адважыліся. У выніку ключавыя асобы такія. Моцны, але мудры і справядлівы правадыр. Падступны паплечнік лідара, які прагне вайны і гатовы да здрады і прыступаў тыранічнага смеху ў крывавым чадзе. Пратчэтаўскі Бібліятэкар. Хоць адмаляваныя, анімаваныя, штурхалямі выгнаныя з камп’ютарных праграм на экраны браты нашы меншыя надзіва жывыя, як героі яны архетыповыя да позеху.
Рэжысёр Мэт Рыўз не ўпершыню думае такімі шаблонамі. У яго дэбютным “Монстра” да візуальнага і стылістычнага бакоў не падкапацца, але калі пачаць капаць у бок сюжэту — там проста індзейскія могілкі нейкія, праклятае месца, аж жудасць бярэ (зрэшты, наступны, “Пусці мяне”, усё роўна добры).
У новай “Планеце” сцэнар арганізоўвае млявую палітычную драму аб тым, як можна развязаць вайну, калі яна не патрэбная нікому, акрамя пары фанатыкаў. Інтрыгі-аднахадоўкі, чыё развіццё прадказальнае — калі каго малпам і ўдаецца перахітрыць, то не гледача. І чамусьці ў фільме пра прыматаў-не сапіенсаў, што ўмеюць размаўляць, зусім няма самаіроніі. У фільме пра малпаў. Што ўмеюць размаўляць.
Па ходзе аповеду напрошваюцца пытанні. Чым магла стаць цывілізацыя, якая толькі дзесяць гадоў таму пачала думаць? І далей тэгамі: культурная спадчына, спазнанне свету, заваяванне terra incognita, крокі ў айкумену. Дзе гэта ўсё? Пытанні, пытанні, пытанні, а ў адказ толькі: “У-у-ук”.
У выніку асноўная загана “Рэвалюцыі” ў празмернасці сэнсавай пустаты. Здаецца, што вось-вось — і сюжэт выведзе калі не да адкрыцця, то да нейкай значнага падзеі. Але канфлікт двух разумных бакоў, са сваімі падабенствамі і адрозненнямі, не прыводзіць ні да чога, акрамя дзяжурных банальнасцяў, якімі, як мантажнай пенай, можна заліць наогул любыя швы і дзіркі. Маўляў, добрыя ёсць і ў вашых, і ў нашых, дрэнныя таксама ўсюды. Маўляў, мовы раздзяляюць, а эсперанта жорсткасці даступнае і зразумелае ўсім. Такімі ідэямі (да якіх звычайна прыходзяць у кароткі, год-два, прамежак паміж заканчэннем школы і разуменнем, што жыццё фундаментальна несправядлівае) можна падцягнуць правіслую сярэдзіну фільма, імі не сорамна частаваць гледача ў зусім тупым баевіку; але не ў гэтым кіно.
І апісанае здаецца нават значна больш пошлым, чым тузін сцэн, у якіх адзінокія слёзы карцінна скочваюцца па шчоках розных ступеняў калматасці. Пахабнейшым, чым уступныя замалёўкі аб ідыліі у новым малпавым царстве, якія саладжавейшыя за пачатак “Караля Льва” і вельмі яго нагадваюць. Усё вельмі прыгожа, але выключна непрыемна. Марнатраўна. Глядзіш на малпаў, а расчароўваешся ў людзях.
Грумінгу б.
Уладзімір Аладдзін, The-Flow