Прыхільнікі «Гульні тронаў», што чыталі «Песню лёду і полымя», па сюжэце якой быў зняты серыял, былі расчараваныя фіналам 4-га сезона.
Чытачы Джорджа Р. Р. Марціна чакалі, што ў серыяле (як і ў эпілогу «Буры мячоў») з’явіцца лэдзі Каменнае Сэрца (Стоўнхарт), уваскрэслая ў выніку містычнага рытуалу Кейтлін Старк. Вырашыўшы не ўключаць фатальны персанаж у фінал сезона, Дэвід Бэніяф і Д. Б. Вайс выклікалі абурэнне многіх прыхільнікаў сагі — тыя абрынуліся на сцэнарыстаў з крытыкай у твітары: «З чым можна параўнаць адсутнасць лэдзі Каменнае Сэрца? Гэта як калі б Ісус не ўваскрос у Новым Запавеце». Або: «Дарагі HBO, куды вы падзелі лэдзі Стоўнхарт, нягоднікі? Чаму Бэйлан жывы? Чытайце чортавы кнігі».
Заключны эпізод 4-га сезона выйшаў у эфір у ноч з 15 на 16 чэрвеня. Паводле дадзеных Variety, яго паглядзела 7,1 млн гледачоў.