Музейныя фонды гомельскага палаца Румянцавых і Паскевічаў у 2014 годзе папоўнілі партрэты двух яго былых уладальнікаў – расійскіх фельдмаршалаў Пятра Румянцава-Задунайскага і Івана Паскевіча. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла дырэктар палацавага музея Аксана Торапава.
Выява Пятра Румянцава-Задунайскага была гравіраваная рускім майстрам Аляксандрам Осіпавым і надрукавана на паперы ў 1803 годзе. У такім жа матэрыяле ў 1855 годзе ў Лейпцыгу ў выдавецтве E. Schafer выканана гравюра з партрэтам Івана Паскевіча. Тыражаванне іх партрэтаў сведчыць аб тым, што гэтыя палкаводцы былі досыць папулярныя ў Расійскай імперыі, лічыць суразмоўца. “Прэзентацыя гэтых экспанатаў, а таксама іншых набыткаў музея ў 2014 годзе, пройдзе 22 студзеня ў Чырвонай гасцінай палаца”, – дадала яна.
Рэдкім экспанатам музея з ліку тых, што паступілі ў мінулым годзе, стаў памятны медаль “У гонар пяцідзесяці гадоў выбітных ваенных заслуг” з прыжыццёвым барэльефным партрэтам Івана Паскевіча. Ён быў адчаканены ў 1850 годзе па мадэлі галоўнага мастака Варшаўскага манетнага двара Яна Мінгеймера. Дарэчы, гэты майстар з’яўляецца таксама аўтарам медалю ў гонар шлюбу яго сына – Фёдара Паскевіча і Ірыны Варанцовай-Дашкавай, які знаходзіцца ў музеі.
У экспазіцыях таксама з’явіліся прадметы, тыповыя для палацавай абстаноўкі і аднаўляюць атмасферу гістарычных інтэр’ераў. Палацавыя залы дапоўніліся парай раскошных крэслаў з пазалочанай разьбой і чырвонай аксамітнай абіўкай, а таксама крэслам-бержэр, падораным музею калекцыянерам антыкварыяту Сяргеем Пуціліным. Ад яго атрыманы ў дар і прыстаўны стол-кансоль з каменным верхам.
Ёсць папаўненне і ўнікальнай калекцыі гадзіннікаў, якая захоўваецца ў Гомелі. У палацы з’явіўся старадаўні настольны гадзіннік у выглядзе порціка з драўлянымі вітымі калонамі і два пазалочаных бронзавых камінных гадзінніка з фігурамі міфалагічных крылатых хлопчыкаў і Амура з лірай.
Акрамя знаёмства з каштоўнымі набыткамі музея, удзельнікі прэзентацыі змогуць даведацца аб новых выніках навуковай атрыбуцыі прадметаў мастацтва з пастаяннай экспазіцыі.
Валерый Сідорчык, БелТА