27 лютага Вольга Лабоўкіна і Ігар Шугалееў (больш вядомыя як “Каракулі”) у прасторы “ЦЭХ” прадставілі вынікі сваёй 10-дзённай лабараторыі. Цэлую гадзіну доўжылася дзея, якую назвалі “хэпенінгам”.
Найбольш цікавае ў сучасным тэатры танца — гэта разнастайнасць форм, дзе гэты жанр рэалізуецца. Традыцыйны тэатр рэалізуецца часцей за ўсё ў форме спектакля. Усё больш самастойным робіцца жанр чыткі. Але ў тэатры танца мы маем справу не толькі са спектаклем (вялікай формай) і мініяцюрай (адпаведна, малой). Усё часцей з’яўляецца азначэнне “work-in-progress” (па сутнасці, адкрытага фінальнага прагону, які вымагае ад гледачоў фідбэку, каб удасканаліць дзею). Імправізацыі, батлы, перфомансы з мастакамі і джэм-сэйшны з музыкамі.
І вось хэпенінг. Ігар Шугалееў патлумачыў сваё разуменне гэтага слова: “Мы не ведаем, што будзе, якія будуць людзі і як яны будуць узаемадзейнічаць адно з адным. Асаблівасць — элемент нейкай выпадковасці”.
Пачалася дзея з таго, што выключылася святло. То тут, то там раздаваўся гук, быццам на падлогу шлёпнулася цела, і адразу месца падзення падсвечвалася святлом мабільнікаў. Гледачы кідаліся туды, каб пачуць той самы гук у новым месцы. Праз нейкі час святло ўключылася. Людзі пачалі танчыць адразу тут, у натоўпе, а нехта ў гэты час каментаваў, што за танец. Раптам каментар сціхаў, і такі ж самы танец узнікаў у іншым месцы… Такі набор эцюдаў, імправізацый з рознай ступенню інтэрактыўнасці (для мяне найбольш узрушальным быў момант, калі адзін з выканаўцаў падышоў і паспрабаваў паразмаўляць са мной “мовай жэстаў”) працягваўся гадзіну і скончыўся масавым танцам.
Адсутнасць замацаванасці ў прасторы, парушэнне канвенцыі “выканаўца-глядач” сапраўды прыводзіць да некантраляванасці выніку, вынік здараецца (happening). Пасля імпрэзы Вольга Лабоўкіна патлумачыла, што мэтай імпрэзы была тэма камунікацыі. Ёй падаецца важным спачатку завязаць саму размову: маўляў, тэмы для абмеркавання з’явяцца пазней.
У чымсьці хэпенінг Вольгі Лабоўкінай і Ігара Шугалеева зрабіў яўнай менавіта ролю гледача ў сучасным тэатры. Бо артыст на сцэне, калі задумацца, знаходзіцца якраз ва ўмовах, калі ад яго патрабуюць сур’ёзнага выказвання, а сама размова яшчэ не завязалася.
Хто мы, што мы, навошта нам тая размова?
І вось адбыўся цуд тэатральнага крытыка: мне пашчасціла паназіраць гэты працэс камунікацыі на адлегласці выцягнутай рукі. Я вышэй згадаў адну са сцэнаў імпрэзы, калі акцёры пачалі падыходзіць да гледачоў і спрабаваць стасавацца. І вось дзяўчына падышла да хлопца, і ў іх атрымалася прайсці далей за стадыю, на якой спыніўся я. Спачатку яна таксама проста паказвала яму знакамі: “Пагавары са мной!..” І гэта працягвалася доўгі час, за які ўжо многа разоў можна было стаміцца, страціць канцэнтрацыю, адным словам, больш, чым трэба. І раптам штосьці змянілася. Я пабачыў рэакцыю ў адказ, малады чалавек пачаў не проста ўсміхацца, пачаў рухацца, пачаў удзельнічаць. Я пабачыў, як артыстка сумелася. Яны прайшлі першую стадыю, яны ўсталявалі кантакт. Нешта мусіла адбыцца далей. Павіннае было з’явіцца “Што”… На жаль, перфоманс доўжыўся так нядоўга…
Адсутнасць чацвёртай сцяны пазбаўляе пэўнасці, сістэмы каардынатаў. Але таксама і дае шмат. Дае непасрэднасць успрыняцця. Мы бачым артыста такім, якім ён ёсць, з усімі яго слабасцямі і памылкамі. Артыст давяраецца нам, і адказнасць за працяг размовы кладзецца на гледача.
***
Галоўнай падзеяй тэатральнага лютага для мяне зрабіўся форум “Пластформа-2014”, дзе Вячаслаў Іназемцаў і яго паплечнікі паспрабавалі абагульніць практыкі на тэрыторыі эксперыментальнага тэатра.
Спасціжэнне сутнасці сучаснага танца нагадвае працу свідравальніка нафтавай платформы. Глядач праходзіць слой за слоем, каб здабыць з самай глыбіні тое, чаго не выказаць словамі. Вось-вось з глыбінь мусіць паліцца нафта сэнсаў.
Першапачаткова форум хацелі назваць “платформай” і назвалі так, як назвалі, каб падкрэсліць роднасць з пластычным тэатрам. Але аналогія з пластамі ці слаямі мне падаецца больш трапнай. Мы часцей за ўсё ўспрымаем культуру іерархічнай структурай, дзе, напрыклад, Вячаслаў Іназемцаў займае месца на чале, а астатнія ўдзельнікі альтэрнатыўнага тэатральнага працэсу быццам размясціліся ніжэй па прыступках. Ёсць вертыкаль улады, а ёсць вертыкаль культуры.
Менавіта “Пластформа” паказвае, што ўсё хутчэй размяшчаецца “пластамі”. І глыбіня кожнага пласта залежыць ад яго метаду. Чым больш фундаментальным пытаннем наконт формаў існавання цялеснасці ты задаешся, тым больш цікавым, простым, больш зразумелым аказваецца твой спектакль.
Напрыклад спектакль Іназемцава “Рамонт” уяўляе сабой чыстую імправізацыю над формай і прасторай, эксперымент з размяшчэннем публікі. Але менавіта гэты спектакль атрымаўся найбольш ясным па сваім пасыле, выклікаў найбольшую колькасць цікавых трактовак пры ясным усведамленні, падаецца, канцэпту “людзей на балоце”.
Іназемцаў са сваім калектывам нібы закладвае пласт, на якім можна выбудоўваць, ладзіць свае “напластаванні”. Тут аказваюцца эстэтычна блізкімі сваімі эксперыментамі з формай да “ІнЖэсту” тэатры “Вкубе” і “ТэАрт”. Поруч свае пласты накладваюць Іна Асламава, Аляксандр Цебянькоў (пра іх варта распавесці падрабязней, а не ў гэтым аглядным нарысе).
Тое самае можна сказаць пра магілёўскі спектакль “Мёртвыя ды жывыя фігуркі” Юрыя і Таццяны Дзіваковых-Душэўскіх. У спектаклі было зададзенае самае простае правіла ўзаемадзеяння выканаўцаў з фігуркамі, а гледачы ўжо спаборнічалі ў конкурсе на найлепшую трактоўку. Але самацэннымі тут былі не трактоўкі, а сумеснае перажыванне штучна створанай рэчаіснасці (пра гэта падрабязна разважае Таццяна Арцімовіч).
Пласты мастацкіх сродкаў перамяшаныя. Калектывы злучаюцца сяброўскімі сувязямі. І няяснасць гэтай агульнай карціны, кампенсуецца карысцю такой сітуацыі для індывідуальнага досведу. Свідруючы пласты, глядач не так шмат разумее, што адбываецца навокал, як дакопваецца да самога сябе. Ты сам, тое, на што адгукаецца тваё эмацыйнае, — і ёсць тваёй уласнай нафтай, тваім уласным пластом, тваёй уласнай формай.
Аляксей Стрэльнікаў