Пакуль цыклон “Крыстафер” заліваў дажджамі Брэст, Глыбокае ды іншыя гарады Беларусі, у Менску жартавалі яшчэ з адной стыхіяй – з агнём – на фестывалі MIFF (Minsk Fire Festival).
Летась карэспандэнты Budzma.org правялі цудоўны гарачы вечар на фестывалі агню, які аб’яднаў майстроў з Беларусі, Украіны і Літвы. Па стадыёне “Трактар” бегаў вогненны конь, плямёны маоры гулялі з агністымі мячыкамі “поі”, акцёры з Беларусі інсцэніравалі Гётэ. Сёлета таксама атрымалася відовішчна.
Складана параўноўваць абодва фестывалі. Тым больш, што, па словах арганізатараў, летась усё ж такі быў конкурс, а MIFF-2013 – гэта гала-канцэрт, дзе фаер-шоу прадстаўлена як від мастацтва.Мы зрабілі невялічкую апытанку гасцей – адным падалося, што ў мінулым годзе ў нумарах тэатраў агню было больш драматургіі. Іншыя сышліся на думцы, што артысты сёлетняга фестываля зрабілі шоў больш тэхнічна.
Як бы там ні было, агонь – ў любым выпадку прыгожа і відовішчна. А ўзаемаадносіны агню і чалавека – прыгожа ўдвая. Артысты перакідваюць агонь, быццам гэта маленькі мячык, а не частка прыроднай стыхіі. Плююцца агнём, ўтаймоўваюць яго, гуляюць нібы на чароўным інструменце. І гэтае дзеянне зачароўвае, гіпнатызуе.
Геаграфія фестываля пашырылася – у Мінск прыехала больш за 70 удзельнікаў з розных краін. Прычым не толькі з Беларусі, Расіі і Украіны, але таксама з Францыі і Польшчы. Дуэт з Вроцлава (“Клангрус цырк”), несумненна, стаў адным з фаварытаў фестываля. У галоўнай ролі нумара – сэксапільная утаймавальніца агню.
У Мінск запрасілі пераможцаў леташняга форуму – тэатр агню з Еўпаторыі «Гефест», вядомага сваімі складаназлучаная дэкарацыямі і спецэфектамі. Дынамічна выступіў і адзін з лепшых тэатраў агню Украіны – «КОТ» (“Киевский Огненный Театр”), які прыхільнікі фаер-мастацтва любяць не толькі за дасканалую тэхніку, але і за жанравую разнастайнасць. Артысты спрабуюць усё – ад рамантыкі і сярэднявечча да хард-року.
Акрамя асноўнай праграмы ў рамках фэсту адбылася серыя майстар-класаў. Акцёры тэатраў агню з розных краін абмяняліся досведам, тэхнікамі працы з “поямі”, “стафамі”, “хула-хупамі” ды іншымі “дэвайсамі”, дзякуючы якім агонь ажывае і становіцца сапраўдным акцёрам.
Кася Кірпацік
фота – Зарына Кандрацьева