Фотавыстаўка «Крок насустрач» адкрыецца з нагоды Міжнароднага дня бяздомных жывёл 14 жніўня 2009 года ў 16.00 у галерэі «Панарама» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (прасп. Незалежнасці, 116, 22-і паверх, аглядная пляцоўка).
Фотавыстаўка «Крок насустрач», арганізаваная Грамадскім аб’яднаннем аховы жывёл «Эгіда» сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, аб’ядноўвае прафесійных фатографаў і проста небезуважных людзей для таго, каб паказаць існаванне «нябачных» жывых істот, якіх мы часцей за ўсё ігнаруем, прызнаць неабходнасць праяўлення павагі да іх, права на жыццё і нагадаць нам, што яны маюць адчайную патрэбу ў нашай дапамозе. Адсутнасць прытулкаў і гуманных спосабаў рэгулявання колькасці безнаглядных катоў і сабак, адсутнасць прававой базы, якая рэгламентуе парадак абыходжання з жывёламі і адказнасць за жорсткае абыходжанне з імі, ствараюць усё новыя і новыя прэцэдэнты варварскіх паводзінаў у грамадстве.
Мэта фотавыстаўкі – усхваляваць сумленне чалавека і данесці да яго недапушчальнасць выпрацаваных у нашым грамадстве спажывецка-негуманных адносінаў да прыроды ўвогуле і да бяздомных жывёл у прыватнасці.
Фотавыстаўка будзе прадстаўлена 45 працамі 17 фатографаў (як прафесіяналаў, так і аматараў) з розных куткоў усёй Беларусі, сярод якіх можна назваць Батурлю Уладзіміра, Якуцэвіча Арцёма, Байкоўскага Віктара, Віннічыка Пятра і інш. Для ўсіх іх удзел у выстаўцы – гэта магчымасць выказаць сваё стаўленне да праблемы існавання папуляцыі бяздомных жывёл з этычнага, санітарна-эпідэміялагічнага і сацыяльнага бакоў.